Левая рука (аўдыёверсія)

Я шаную сваю левую руку, бо ёсць за што. Не, я зусім не ляўшун, тут справа больш сур’ёзная, лёсавырашальная. Сваёй левай я абавязаны жыццём, і нават двойчы.

Падлеткам, гарачым і бескампрамісным, я неабачліва адстойваў тое, што падавалася мне справядлівасцю, не выбіраючы, часам, сродкаў. Неяк чэрвеньскім надвячоркам у прыдняпроўскай вёсцы набрыняла, быццам летняя хмарка хуткім дажджом, вялікая бойка. Нас – толькі двое, яны – утрох.  Мой сябра і цёзка, на жаль, не зможа ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтых слоў, паколькі праз дзесятак гадоў пасля таго чорнага дня “скочыў” (альбо яго “скочылі”) з шостага паверху, ды больш не падняўся. А тады… тады мы адчувалі, што вось-вось будзе кепска. Успацелая правая рука балюча сціскала кавалак арматуры, адрэналін разрываў грудзі. Раптам пачалося… віхура ўдараў, кругаверць раз’ятраных целаў, яшчэ ўдары… і дзіва! – яны сасцалі і з шумным сапеннем адыйшліся. І тут позірк мой на нейкі мікрон імгнення зафіксаваў штосці нестандартнае. Спрацаваў інстынкт самазахавання:  левая рука аўтаматычна прыкрыла твар. Прагучаў стрэл з абрэзу паляўнічай стрэльбы, шрот суха шчоўкнуў па сцяне пахілай драўлянай пабудовы, прайшоў вышэй галавы. На гэты раз, праз раўчук у бліжэйшы хмызняк, пабеглі мы.

Ужо добра адбегшыся ды перавёўшы дых, я заўважыў кроў на вялікім пальцы левай рукі.  Прайшоў час… Рана загаілася, і на пальцы стаў добра бачны шэры шнарык. Я часта яго абмацваю, адчуваючы, як пад скураю перакотваецца драбінка свінцу.

Другі раз левая рука распарадзілася маім жыццём гадоў праз дваццаць пасля першага здарэння…

Аднойчы ўзімку, падчас  багатага сумоўя ў цёплай кампаніі, шчодра абстаўленага рознакалібернымі бутэлькамі з алкаголем, мне закарцела большага. Гомельскі цынік-паэт Класік, у ягога я гасцяваў, літасціва дазволіў прыхапіць з-за стала нейкую дзяўчыну. Горад ахінала марозная ноч, не пакідаючы выбару: мы пакрочылі ў адзінае “прыстойнае” ў гэты час месца – у арандаваны мною ў прыватным сектары гараж, ва ўлонне аўтамабіля. Рыпелі амартызатары і спружыны, жарсна стагнала начная спадарожніца. Урэшце, спехам апрануўшыся, адчынілі дзверы гаража, каб праз гаспадарскі падворак выбрацца на вуліцу. У месяцовым халодным ззянні перада мною бліснула маланка і левая рука імгненна ўскінулася ўверх. Удар сякеры. Крык. Не адчуваючы болю, я здзіўлена глядзеў на руку, якая дзіўным чынам стала карацейшай: мае пальцы віселі на недасечаных жылах і кавалках скуры… Аднак галава, якой магло б быць безумоўна кепска, засталася цэлай.

Пасля трохгадзіннай нейрахірургічнай аперацыі быў час падумаць. Наступныя паўгоду прайшлі ў гіпсе, балючых працэдурах з падключэннем да рукі электрычнага току, доўгіх трэніроўках пальцаў… Нарэшце мая левая ажыла і па-ранейшаму магла вольна круціць дулі.

Я не “здаў” органам  таго чалавека з вуліцы Галавацкай, які намагаўся пазбавіць мяне галавы, я дараваў яму толькі з аднае прычыны: ён, пачуўшы шум у гаражы, выбег з сякерай бараніць чужое майно, мой аўтамабіль.

Так, сапраўды, я моцна шаную сваю левую руку, бо ёсць за што. Я нават прадставіў яе да ўзнагароды – запясце левай зараз упрыгожвае гадзіннік “Rolex”, праўда, высветлілася нядаўна, што гэта ўсяго толькі кітайская падробка.

2003.

(З цыклу “Падпрастора”, “Дзеяслоў, №75)

Аўтар аўдыёверсіі — Сяргей Краснабарод.