Хроніка халоднага мола

Цыкл вершаў, створаны пад час знаходжання ў творчым адпачынку ў Міжнародным доме пісьменнікаў і перакладчыкаў ў Вентспілсе (Латвія) з 1 па 16 сакавіка 2016 года.

Я скраў вясну

Я скраў вясну. Схаваў пад грудзі.

Я звёз вясну цішком да мора.

Цяпер карайце мяне, людзі,

Вядзіце хоць да пракурора.

Памежнік рэчы трос, халера,

І нават вынюхаў валізку…

Глядзеў сувора, без даверу,

Ды не знайшоў вясну ні блізка.

Вясна са мной ідзе ў абдымку

Усцяж Балтыйскага ўзбярэжжа,

Дзе спяць баркасы ў шызай дымцы,

І крыкі чаек сэрца рэжуць.

 

Адзін

Аднаму ні добра, ні пагана,

Проста аніяк, і цішыню

Не адчуць, як не адчуць нірваны

Па начах без стомы і агню.

І штодня сярод людское плыні,

У вірах чужых размоў і слоў

Позіркі страляюць халастымі

Як  у “малако”, паверх галоў.

Церуха жыцця сляды хавае,

І няважна зараз – з кім і дзе

Ты грабешся, нават не па хвалях, –

Па халоднай, нежывой вадзе.

Страчаныя позіркі і словы,

Узамен жа – бессані нажы.

Ты – адзін, і вырак  – канчатковы.

Цешся, як да гэтага дажыў.

 

Sveiki

Sveiki*, Вентспілс! Ну няўжо

Я з тваім Остгалсам –

Не з мячом і не з ружжом –

Закружыўся вальсам?

Чаек часты перакліч

Для мяне сягоння

Нібы прывітальны спіч –

Лепшая з сімфоній.

Валуны твае абняць

Хочацца на шчасце,

Каля Венты хоць паўдня

Шчасце сваё пасвіць.

Вермут Балтыкі сівой

Ап’яніць імгненна:

Прытулюся галавой

Да лівонскіх сценаў.

У пазногціках лускі,

Быццам бы ў алмазах,

Каля берагу ракі

Нудзяцца баркасы.

Sveiki, Вентспілс! Цёплы дым

Нашае сустрэчы

Застанецца назаўжды,

Бо яшчэ не вечар…

Вентспілс, 3 сакавіка 2016.

* Sveiki (латв.) – прывітанне.

 

Пастух

Мой будзільнік новы – ранніх чаек енкі,

Цемра ледзь адхлыне – налятуць яны

І рагочуць п’яна за вакном маленькім:

“Падымайся, дзядзька, надзявай штаны!”

 

Сонная Віндава дружна паліць печы –

Аж казыча ноздры дым альховых дроў.

Закідаю звыкла  торбу я за плечы,

Ды – да рэчкі пасьвіць гарадскіх кароў.

 

Ратушнаю плошчай,  пляцам кірмашовым

Грукаюць абцасы, брукаванку гнуць…

Раніцы пагоднай вам, мае каровы,

Так карціць мне з вамі мурагу скубнуць!

 

Не стагніце чайкі, не шыпіце гусі:

Як завершу цалкам службу пастухом –

Тутака ж вярнуся я да Беларусі,

Дзе мае каровы, дзе мой родны дом.

 

Ча-ча-ча…

                   Славаміру Адамовічу

Я не ведаю,

як стракоча кулямёт Томпсана ў закрытай прасторы…

што ж рабіць, ці ў Чыкага морам

падацца,

ды там і застацца,

на скатабойні

з прастрэленым вухам і брухам,

з пустою абоймай?

Жах!

Я таксама ня ведаю,

колькі спатрэбіцца спірту “Раялю”,

каб плюхнула хваля

з Эмпайер Стэйт білдынг вышынёй.

Што рабіць, Божа мой!

Далучыцца веткай метро да завода “Крышталь”,

і зліваць спірт у ліфт?

Дык памрэ пан сахі і касы…

Гэта жах і шкандаль!

І яшчэ невядома мне, колькі гадоў

прусаку-вусачу церабіць Беларусь,

зневажаць свой бяскрыдлы народ…

Што рабіць? Можа ўлезьці ў Нацбанк,

каб на сціплы запас залаты

ў Камеруне прыдбаць касмалёт,

і адправіць на Марс вусача?

Гэта клас, гэта ўлёт!

Ча-ча-ча….

 

Пятая цемра

пятая цемра з даху ільдзінай рыне на цела

што, як вужака, клубком, накруціла прасцінаў

цела маё барыкады са сну збудаваць не паспела

вось і ляжыць яно зараз у поце халодным і слінах

 

што, дагулялася ўрэшце, цяпер во табе не прысніцца

бор над Дняпром, а ў бары – асцярожныя рысі

крадуцца гэтыя кошкі нібыта сапёры па хрусткай ігліцы

гэтыя кошкі нібыта царыцы, а ты проста коўдрай укрыйся

 

вось і ляжы, разважай пра смяротнасць, жыцця недапалак,

межы якой вывучаеш ты з хуткасцю незразумелай

а за вакном енк сірэны і бляск міліцэйскіх мігалак

фініш: я цэлюся трапна ў сваё неслухмянае цела

 

Як памірае Менск

Пульхныя белыя пальцы “паркерам” машуць,

Цэляцца ўніз А-чацвертай, з пячаткай, паперы.

Подпіс узнік, і зайшла сакратарка Наташа,

Разам з аўтографам выйшла, і войкнулі дзверы…

 

Гэта пачатак працэсу, які назавуць ушчыльненнем

Некалі ўтульнага цёплага мікрараёна.

Гнюсны гатэль праектуе праплачаны “геній”

Проста ля Свіслачы ў парку, нядаўна зялёным.

 

Гэта забойства фінал, бо ад Менску душа адляцела

Крыху раней, ну а зараз чарговы чынуша

Стэрылізуе парэшткі, каб горада цела

Анатаміраваць цалкам, адрэзаўшы пальцы і вушы.

 

Адлюстраванне

Нібыта ў сне рыбацкім, бачу я адлюстраванне

Душы захлёбістай, што ўсё яшчэ ляціць да зор:

На дне – пясок і водарасцяў п’янае хістанне,

і цень вялікай рыбіны ўздымае з дна віхор.

Вада падманвае, выявы рэчаў размывае,

Здаецца, там, на глыбіні, таемны дзіўны сад…

А там – каменьчыкі блішчаць і перліна старая,

Усё, што звалася душою шмат гадоў назад.

 

Зона мутацыі

Аўтобус спыняе памежнік з зоркамі на плячах і рацыяй:

Attention! Памежны кантроль! Падрыхтуйце свае пашпарты.

Чаму і навошта вяртаюся я ў Беларусь, зноўку ў зону мутацыі,

Няспыннай кастрацыі мозгу ўжо дваццаць і хутка яшчэ два гады.

 

А што гэта ў Вас?

– Супрацьгаз.

– Не паложана!

– Як жа быць з вірусам?

Мне кажуць, “хвароба” тут нейкая “косіць” нават здаровых людзей.

– Падкопы Абамы, лухта, прапаганда, ды ты ж беларус і сам,

Павінен жа ведаць, што ў нас тут стабільнасць, і жыць весялей.

 

Праехалі ў зону, за вокнамі – вечная бітва аграрыяў:

На снезе – ячмень і надрыўна ў балоце равуць трактары.

Смакуюць “вінцо” пад кавярняй дарожнай мясцовыя парыі,

Ленін бязвокі кепкай махае кудысці ў бок “светлай зары”.

 

На “Опелі” гома савецікус гоніць, на шкле – профіль Сталіна,

Сталіца наперадзе – горад, дзе я нейкім чынам жыву,

Дзе столькі маіх спадзяванняў на шчасце

раструшчана, спалена…

Я ў зоне мутацыі!  Скотчам абмотваю ўраз галаву.

 

Цень

                 А каб ты свайго ценю не бачыў!

                                         Праклён беларусаў

Учора я згубіў свой цень і не заўважыў,

Ці то як берагам ішоў, ці то на пляжы.

Спачатку весела было – вось гэта страта:

Згубіць свой цень! Хоць і раней губляў багата –

Ключы, гадзіннікі, сяброў і грошай жмені…

А потым потам паплыло – а як без ценю?

Бо ён жывы, ён, як душа, са мной да скону,

А, можа, нехта яго скраў? А мо ў палоне?

Ці, можа, цень мой захварэў, упаў дзесь мёртвы?

Я чуў, што можна цень прадаць самому чорту?

Нервова шнырыў па дварах, шукаў  употай,

Ляпіў абвесткі, абяцаў за цень банкноты…

Што ні рабіў, дзе ні шукаў – ды толькі марна.

Цяпер выходжу па начах, ці калі хмарна.

Як той пугач, па цемры я лячу маркотны…

Якая ганьба цень згубіць беспаваротна!

 

Ізноў тут туман

Ізноў тут туман і хмарна…

З мора імжа наляцела

Цьмянае сонца зеўрае

Манетаю ў палову еўра

Пругкім жыватом цяжарнай

Памаранчам яшчэ няспелым

 

Вежаў лівонскіх галовы

Храмаў спічастыя дахі

Колкім туманам імглістым

З’едзены сёння дачыста

Рэхам – гук словаў новых

Карыцай і кменам пахкіх

 

Неба казычуць на ўскрайку

Дрэвы без вершалінаў

Шпілі ў форме эрэкцыі

Я – бо няма дзе падзецца

Вострымі кіпцямі чайкі

Коміны даўкім дымам

 

Бровы брунатных даховак

Вочы дамоў прымружаны

Гэтакай негасціннасці

Нават туману не вынесці

Вянуць пакорліва словы

Нерасквітнелымі ружамі

 

Рэканструкцыя

Пэўна, пачну рэканструкцыю памяці з дроў,

З маці, якая іх ранкам прыносіць у хату.

Вось ужо, чуеш: у печцы шалёна зароў

Вогненны звер і мацней пахне сушанай мятай.

 

Круцяцца побач заўсёды рудыя каты.

Я дамалёўваю з бульбай прарослаю кошык,

Водбліскі полымя, што гоняць цемру ў куты,

Потым дадам цішыні, гэткай простай раскошы.

 

Глянеш, нібыта ў якім запаволеным сне,

Як павучок апускаецца ціха са столі.

Дрэмлюць спакойна выявы святых на сцяне:

Мне падаецца, іх стала на некалькі болей.

 

Кнігі маленства, і вось яшчэ – бацькаў партрэт,

Ён – як жывы, найвышэйшага хлопец гатунку…

Мусіць, усё, аднавіў неіснуючы свет,

Ды не знайшоў больш сябе я на гэтым малюнку.

 

Тры каменьчыкі

Сёння з морам развітаўся,

Тройчы з ім пацалаваўся,

Хвалі тры абняў рукой,

Твар абмыў вадой марской,

Тры каменьчыкі падняў,

Тры жаданні загадаў.

Першы – белы, як ільдзіна:

Каб дабрацца да радзімы,

А другі – зусім стракаты,

Каб пабачыць сваю хату.

Трэці – за вагонь ярчэй,

Каб сустрэць вясну хутчэй!

 

Прыходзіць чорны кот

Рудзісу

Пасля апоўначы з двара сыходзяць дрэвы,

Прыходзіць чорны кот з брыльянтамі ў вачах,

Ён не фанат юрлівых сакавіцкіх спеваў –

Тутэйшы гэта спавядальнік і манах.

Гербарый леташняй травы ледзь-ледзь дурманіць,

Траскуча шамацяць над брамаю плюшчы…

Сядзім з катом удвух, вярэдзім ціха памяць,

І хораша, аж млосна, нам робіцца ўначы.

Кот плёў гісторыі, мурлыкаў мне пра здані,

Якіх багата тут, у сховішчах муроў…

Вось дрэвы да двара вярнуліся пад ранне,

Мой чорны кот-манах, пакуль!

І будзь здароў!

 

Дарожныя мроі

Вярнуся і я дадому

Калісьці з вандроўкі дальняй,

Халацік, такі знаёмы,

Сустрэне мяне ў вітальні.

Каленкі мільгнуць ласкава, –

Не будзе больш рэвалюцый!

Сагрэюцца вусны кавай,

А рукі вузлом сплятуцца.

З табой на падушцы – крута!

Кручуся ўюном, юлою…

Мне cёння нават цыкута –

Будзе вадой святою.

І наша цікаўная котка

Не стоміцца з нас дзівіцца:

Праводзіла ў шлях малодка,

А сустракае царыца…

Вярнуся і я дадому

Калісьці з вандроўкі дальняй,

Халацік, такі знаёмы,

Сустрэне мяне ў вітальні.

 

Рost scriptum

Іду зжаўцелай паперай пяску да мора,

Капытамі б’е ў галаву мне сонечны конь –

Баюся, што ўспыхнуць магу, згарэць, бы порах,

Тады не ўратуе і ўзнятая ўвысь далонь.

 

У пральнай машыне мора круцяцца мары,

Змывае вада сумненні і плямы праблем…

А з шумай марской сыходзяць думак пачвары,

Пакінуўшы мора, як самы галоўны мем.

 

Зацішша ў душы, на Балтыцы аж пяць балаў,

Баранчыкі хваляў зблыталі з пашаю пляж…

Напэўна, морам-хірургам, хутка і ўдала,

Завершаны будзе мозгу майго дэмантаж.

 

«Дзеяслоў», №82 (2016)

 

Мол у Вентспілсе. Фота: Сяржук Сыс
Мол у Вентспілсе. Фота: Сяржук Сыс