“Вясна” магла і не адбыцца ў маім жыцці: прайсці недзе побач, альбо застацца, як гэта мне бачылася ў даўнейшыя часы – арганізацыяй, што апантана бароніць правы чалавека. Недзе там, у іншым свеце, па-за мною. А магчыма, што нашыя шляхі маглі б некалі перастрэцца, імаверна ў тым выпадку, калі б мне спатрэбілася дапамога ці парада праваабаронцаў.
Жыццё распарадзілася інакш. Адразу пасля пераезду напрыканцы 2006 года з Гомелю ў Мінск да маладой жонкі і дачушкі, паўстала пытанне пошуку журналісцкае працы. І пошук той быў няпростым з некалькіх прычынаў. Найперш ісці на дзяржаўную “службу”, ды спяваць там пад ідэалагічную дуду, мне даўно ўжо не хацелася, гідка нават было. З іншага боку, як тут, у сталіцы, было ўладкавацца гамяльцу ў аўтарытэтнае выданне без гучнага журналісцкага імя, альбо на скарайні выпадак, без сяброў ды знаёмых?

Дні праходзілі ў чаканні адказаў з часопісаў ды газетаў на шматлікія рэзюмэ, у субяседваннях, сустрэчах і абяцаннях патэлефанаваць неўзабаве. Нарэшце мне, крыху ўстурбаванаму досыць працяглым працаўладкаваннем, абяцаўся дапамагчы мой даўні сябар і таварыш Алесь Бяляцкі. Дык і тое ж не адразу звычайна робіцца.
Нечакана знайшлося для мяне “цёплае” месцейка ў невялікім калектыве часопіса, тэматыка якога была звязаная з аховай працы. Кажуць жа, што часам “… і рак – рыба”. Думалася, год-другі адпрацую тут, абвыкнуся ў сталіцы, ды знайду нешта цікавейшае. Але ў першы працоўны дзень патэлефанаваў Алесь Бяляцкі: “Трэба сустрэцца”.
А раніцай 3 сакавіка 2007 года мяне пазнаёмілі з калектывам “Вясны”, патлумачылі абавязкі. У невялікім памяшканні – маладыя юнакі і дзяўчаты з асветленымі тварамі, вольна гучыць беларуская мова. У той дзень са мной здарылася яшчэ нешта, загадкавае і містычнае, якому зараз, праз гады, надаю асаблівую ўвагу.
Той старэнькі кампутар, за якім мне выпадала працаваць, быў пад паролем. На маё пытанне, што ж за пароль пакінула мая папярэдніца Паліна, адказалі: “Сыс”. Значна пазней уцяміў, што не ў мой гонар прозвішча; гаворка пра майго земляка, паэта-трыбуна Анатоля Сыса. Але тады гэтая акалічнасць зрабіла на мяне вялікае ўражанне.
Казаць, што я ўвогуле нічога ня ведаў пра дзейнасць “Вясны” раней – казаць няпраўду. Раз-пораз я сустракаўся з Алесем Бяляцкім у час ягоных прыездаў у Гомель, ці маіх – у Менск, ведаў, што ён ня толькі літаратуразнаўца і былы музейшчык, але й праваабаронца і бароніць правы чалавека. Ведаў я таксама пра стаўленне ўладаў да арганізацыі, пра пераслед яе сябраў. Узгадваецца нават, як у 1999 годзе, позняй восенню, ці на самым пачатку зімы, па нейкіх сваіх клопатах прыехаў вечаровым цягніком у Мінск, падаўся да Бяляцкага ў “Вясну”. Выйшаў з метро каля “Акадэміі навук” і схамянуўся: бягуць людзі, паўсюль міліцыя і крыкі праз мегафон “Разыходзьцеся, акцыя несанкцыянаваная!”, Да мяне, з дарожнымі валізамі, “ворганы” не чапляліся і праз некалькі хвілінаў я пераступіў парог праваабарончага цэнтра. Тут было яшчэ болей тлумна, чым на праспекце – адзін за адным заходзілі ўсхваляваныя людзі, нехта тэлефанаваў, хтосьці складаў даўгія спісы, у пакункі складваліся прадукты харчавання. “Гэта для затрыманых”, – коратка патлумачыў мне Алесь і прапанаваў забіцца ў які-небудзь куток і не перашкаджаць іхняй працы. Паразмаўляць змаглі мы толькі каля апоўначы. А нанач мне паслалі офісную канапку.

З першых дзён новай працы аказалася, што веды мае пра дзейнасць праваабарончага цэнтра “Вясна”, вельмі павярхоўныя. Мне, які аддаў журналістыцы пару дзесткаў гадоў і лічыў сябе дасведчаным у розных сферах жыцця, было сорамна за сваю дрымучасць у сферы абароны правоў чалавека – я упершыню адкрываў для сябе гэтую белую кнігу.
Але побач былі “вясноўцы”, якія, нягледзячы на свае справы, цярпліва і падрабязна тлумачылі мне пра грамадзянскія і палітычныя правы, пра міжнародныя інстытуты абароны правоў чалавека, пра спецыфіку беларускага заканадаўства. А яшчэ і правільна пісаць пра гэта трэба было, каб не нашкодзіць, каб даць праўдзівую і граматную ацэнку падзеі. Адной з такіх “настаўніц” была на той час і мая старэйшая калега па працы Алена Лапцёнак.
Праз нейкі час я патрапіў у Летнюю праваабарончую школу па правах чалавека для настаўнікаў, што дазволіла мне глыбей азнаёміцца з гісторыяй і філасофіяй правоў чалавека, магчымасцямі іх абароны на нацыянальным і міжнародным узроўнях, знайсці новых сяброў і аднадумцаў.
Штодня я адкрываў для сябе новых цікавых людзей, аўтарытэтных спецыялістаў у розных сферах праваабарончай дзейнасці, знаёміўся з партнерскімі арганізацыямі. Паколькі ў грамадзянскім і праваабарончым асяродку Мінска я быў чалавекам практычна невядомым, часта даводзілася адказваць на простае пытанне: “Прабачце, а вы адкуль?”.
– З “Вясны”, – ціха казаў я, заўважаючы пры гэтым павагу да сябе з боку субяседніка. Гэтая павага, безумоўна, сведчыла пра вялікі аўтарытэт арганізацыі, і важнасць той справы, якую робіць яна. Гэтае разуменне наклала адбітак на маё асабістае ды грамадскае жыццё, я зразумеў і прыняў як крэда, што не мусіць з майго боку быць аніякіх учынкаў, слоў, дзеянняў, якія б маглі кінулі хоць невялікую цень на аўтарытэт “Вясны”, заваяваны шматгадовай карпатлівай дзейнасцю яе сябраў.
У верасні 2007 года я ўпершыню адчуў на сабе, чым ёсць насамрэч праваабарончая і журналісцкая салідарнасць. У Нясвіжы тады разглядалася крымінальная справа актывісткі “Маладога фронту” Насты Азаркі, якую вінавацілі ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай грамадскай арганізацыі. Я таксама быў на судзе ў якасці журналіста, асвятляў працэс, рабіў фотаздымкі. Толькі за гэта мяне і затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Упершыню ў жыцці. Некалькі гадзінаў давялося пасядзець у камеры для затрыманых, затым зайшоў афіцэр і загадаў пакінуць РАУС, маўляў, паколькі там, у Мінску, многія СМІ ўжо распісалі пра затрыманне журналістаў.

Выпадкаў такіх было некалькі, але да складання адміністатыўных пратаколаў не даходзіла, паколькі кожны факт гвалтоўнага захопу журналіста адразу ж станавіўся вядомы многім праз салідарнасць калегаў.
“Вясна” шмат дае і шмат забірае. Няма ў праваабаронцаў у звыклым разуменні абсалютна вольных выходных, вольнага часу пасля працы. Можа здарыцца ўсялякае і ты мусіш зрабіць сваю справу. Не, гэта не столькі навязаны зверху працоўны абавязак, гэта проста лад жыцця, стан душы, калі хочаце.
Зараз модным стала казаць аб прафесійным выгаранні, аб тым, што з гадамі чалавек стамляецца ад руціннай працы, згарае, яму патрэбныя перамены. Асабліва, калі амаль штодня сутыкаешся з праявамі гвалту, несправядлівасцю, зламанымі чалавечымі лёсамі ды іншым негатывам. Я таксама задумваўся: ці надоўга хопіць мяне ў “Вясне”? Калі ўжо трэсне мая абалонка і я расцякуся бурбалкамі па гэтай зямлі? Але пытанне гэтае вяртаецца да мяне бумерангам: “А наколькі мяне самога хопіць без “Вясны”?
Мае дзевяць “вясноўскіх” гадоў былі насычаныя не толькі разнастайнымі творчымі момантамі, цікавымі мерапрыемствамі, сустрэчамі. Трапляліся ў гэтай “Кнізе падзей” і змрочныя старонкі.
Найбольшым выпрабаваннем для мяне, і, безумоўна, для кожнага з нас з’явіўся суд і зняволенне старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага. Часам навальваўся адчай, хацелася кусаць пальцы ад бязвыхаднасці, аднойчы нават праступілі на вачах слёзы. Я не саромеюся іх. Як сцятая спружына мы ўсе разам працавалі больш пругка, дынамічна, і трошкі са злосцю і … выстаялі, дачакаліся вызвалення Алеся.

Аднойчы напрыканцы дня, стомлены працаю я адмахнўся ад просьбы свайго калегі Уладзіміра Лабковіча. Уладзя падыйшоў і коратка мне адказаў: “Сяргей, тут нельга бранзавець, на “Вясне” не бранзавеюць”. Сапраўды гэта так, і сёння я ганаруся, што амаль палову юбілярных дваццаці год я пражыў разам з “Вясною”. Спадзяюся, што гэта ўзаемна.
Венстпілс, 2016 год.
У кнізе “20-я Вясна”.