Рэха свінцовых маланак

Вершы і тэксты патрыятычнай генерацыі сучасных украінскіх творцаў, змешчаныя ў зборніку нацыяналістычнай паэзіі “Рэха свінцовых маланак” – адказ на татальную русіфікацыю Украіны. Як піша ў прадмове да кнігі каардынатар і адзін з аўтараў зборніка Юрый Руф, “галоўная думка, якую аўтары намагаюцца данесці да чытача: неабходна шанаваць уласную мову і культуру, не шукаючы прарокаў у чужой дзяржаве”, вяртацца да гістарычных каранёў. Часам, гэтага бракуе і нам, беларусам. Пераклаў на беларускую мову 15 вершаў г зэтае кнігі пад час знаходжання ў Міжнародным доме пісьменнікаў і перакладчыкаў у Вентспілсе (Латвія).

 Сяржук Сыс. Вентспілс, сакавік 2016 год.

Сяржук Сыс. Вентспілс, сакавік 2016 год.

Юрый Руф

Знакі на целе

Чорным па белым знакі на целе –

Руны агню і выявы багоў,

Вязь абярэгаў чарніламі сцелюць

Спрытнымі рухамі рукі майстроў.

 

Сіла хаваецца ў перапляценнях,

Шчасце тваё абярэг той збярог

Чорным па скуры знакі на целе –

Ты перасільваеш болю парог.

 

Сімвалы тыя, крывавыя знакі,

Верна цябе праз жыццё павядуць,

Стрэл Перуновы і злосць ваўкалакаў

Ад рознага ліха нас зберагуць.

 

Кніга адкрытая – знакі на целе,

Ты прачытаеш там сэнсы быцця,

Згадку пра тое, што ўславіць хацелі

І перанесці праз рэчку жыцця.

 

Карпацкая восень

                Ольбегу Рарогу

На хваіне груган крача,

Восень ціха лес залоціць,

Крумкачы ўсё крэсляць кола,

Што Сварог няспынна коціць.

 

Горы золатам успыхнуць,

У нябёсах ні хмурынкі,

Зіхацяць у далячынях

Нашы пашы і лагчынкі.

 

Тут ёсць дух мальфарскай сілы,

Тут расце карэнне Роду,

Б’ецца сэрца тут Радзімы

Ды лунае дух свабоды.

 

Тут звіняць разлегла чары

Моц зямля нам ахвяруе,

У імклівых шумных плынях

Апрышкіўскі дух віруе.

 

На хваіне груган крача,

Крумкачы нябёсы будзяць,

Старажытная валашка*

Знакам рунаў рукі студзіць.

___________

*Валашка (укр. бартка) – вострая вузканосая сякерка з маленькім тупым абушком.

 

Добраахвотнікі Божага ўзводу

Ахалоджвае далоні аўтамат,

І сухія твары пылам стэп закурыць.

Час дажджоў змяняецца на град,

А са спелым коласам палі – на снег-віхуры.

 

Замест звыклае канапы – бліндажы,

Замест даху – капюшон і плашч-палатка,

Паміж свісту мінаў зноўку віражы

І рубцы ад ран – да скону будуць згадкай.

 

Валанцёры ўзводу Божага яны –

Толькі цьмяны бляск вачэй з-пад балаклавы.

На мяжы святла і цемрыні –

Батальён дабра на варце стаў Дзяржавы.

 

Алхімія вайны

Ператвараецца тут золата на медзь

калібру 7,62.

Гарыць тут тое, што не мусіла гарэць –

і словы, і трава.

Свінец пераплаўляеца на кроў

цячэ, бы ртуць.

Нянавісцю гартуецца любоў –

вятры пякуць.

Алхімія вайны шукае змест і ў чым жыццё,

У печах разбухтораных стыхій гарыць быццё,

Стары алхімік ісціну шукаў,

ды не знайшоў,

І ўсё, што ёсць, ён у адно змяшаў

і вось, пайшоў.

 

Нябесны легіён     

Слязьмі крыві пакроплены бялюткі снег –

Рудыя плямы мерзлых душ у зімным полі.

Тут бой адбыўся, і ніхто адсюль ня збег,

Адзін за ўсіх і ўсе мы за Жыццё і Волю.

 

Ляцела хваляю нястрымнаю арда,

Жадала смерцю ўсеяць нашы стэпы –

Прыйшла з масквы ад дыму п’янай злыбяда,

Бажочак бласлаўляў “духоўныя іх скрэпы”.

 

І снег цямнеў ад сажы, чарнела ў небе муць,

Грымелі крумкачовых зграяў песні…

Валькірыі да Белых Вежаў аднясуць

Герояў, што ўступілі ў легіён Нябесны.

 

 

Ігар Байчук

Кібаргі

        Абаронцам Данецкага аэрапорта

Зліліся целы з рэшткамі бетону,

Як цень прыліплі да байніц вакон.

Грудзьмі сваімі ладзім абарону,

Жыццё й душу паставіўшы на кон.
Не чуем выбухаў, агонь не апякае,

Ад стрэлаў больш не дзынькае ў вушах,

І смерць, на здзіў, зусім не раздражняе,

Бо ўсе даўно не помняць слова «страх».
Мы сталі перашкодай «каларадам»,

Бо не здалі ім гэтае зямлі.

Штодня засечкі робім на прыкладах,

штодня зацятыя, крывавыя баі.
Без адступлення. Мы руін не здалі.

Нам Украіну бараніць моц яшчэ е.

Мы кібаргі, мы зробленыя з сталі.

Нас вораг несмяротнымі заве.

Кроў на вугалях
Даўно ўзарваныя дарогі і масты,
Жыццё скарылася ў абдымках долі.
Акружаныя шчыльна блокпасты
Стаяць да перамогі і за волю.

Страляе ў далеч малады салдат,
Трымае зброю за сваю краіну.
Сціскаюць рукі цвёрда аўтамат,
Ды смерць-драпежніца пацэлілася ў спіну.

Пякельны час, паўсюль пякельны жах –
Зямля гарыць ад залпаў і агнёў.
Кроў чырванее ў чорных вугалях
Асвечаная ў полымі баёў.

 

 Да неба рукі ўзвядзі

Да неба рукі ўзвядзі!

Праведны шлях таруй.

Моцы вагню і вады

Целам сваім адчуй.

 

Згадай былыя часы,

Слаўных воінаў дух,

Ахвяру багам нясі

У чысты, зялёны луг.

 

Сябе разняволь, развяжы,

Даверся буйным вятрам.

Прыроды красу беражы,

Прырода – адзіны храм.

 

Маліцца сабе дазволь,

Сэрцам сваім шчыруй.

Помсці за крыўды і боль,

Ворагу – не даруй.

 

Законам роду жыві,

Працуй, каб пот па ілбе

Спадаў, як раса з травы.

І будзь заўжды пры сяўбе.

 

Берагіня роду

Будучыня нацыі — у руках маці

                     Анарэ дэ Бальзак

Родная, каханая, роду берагіня,

Верная заўжды, і поруч кожны час.

Цеплыні сямейнай, любасці багіня,

Нібы сонца – грэеш, ззяеш, як — алмаз.

 

Цеплыня крыві тваёй і пяшчота цела,

Што гарыць агнём у хвілі асалод.

Сэрца тваё птушачкай спуджанай трымцела

У часы расстання, страху і нягод.

 

Твае бездань-вочы, нібы дзве крыніцы –

Іхні бляск чаруе, раніць, бы пчала,

І твой грозны позірк мацеркі-ваўчыцы

У хвіліну гневу, у імгненне зла.

 

Ты памыеш раны і прыкрыеш з тылу,

Дзеля роду станешся нават хіжаком,

Набірае мужнасці і нязломнай сілы

Будучыня Нацыі з тваім малаком.

 

Клімовіч

Мацеркам вояў…

А ваўчаняты падрастуць, крыві захочуць,

Ты не трымай, іх трэба адпусціць!

Адбор прыроды кволы не праскочыць,

А моцным шанец славы дай здабыць!

 

Пусці ў лясы – хай кожны з іх ўбачыць

Нянавісць, грубасць, боль ды эгаізм!

У ваўчанятах тых малых, трымцячых,

Зародзіцца ад спуду гераізм!

 

І падрастуць яны, і стануць сілай

У абарону маці, быццам грозны меч.

І не трымай іх на грудзях да самае магілы.

Пусці, Ваўчыца, адпусьці іх прэч!

 

Чырвоны дождж

І зноўку дождж, і зноў чамусь чырвоны.

Салоным шротам скуру апякае.

Па бездаражы роўна йдуць калоны,

Яшчэ не ведаюць, што недзе іх чакае!

 

Байцы сасмяглі, змораны паходам,

Але як крэмень кожны: моцны, дужы!

За Украіну – што ў агонь ім, што ў балота!

Ёй аддаюць дазвання сэрцы й душы!

 

Браня блішчыць, наперадзе руіны,

І ворагі апошнія здыхаюць!

Крычаць салдатам: «Слава Украіне!»

«Героям Слава!»­– у адказ гукаюць!

 

Лунае песня горда – гімн паходу!

Усмешка па абліччах прабягае:

Яны пайшлі ў бой не за ўзнагароду –

За ўчынак гэты Вечнасць іх прымае.

 

 

Янычары

Калыхала каля сэрца маці янычараў,

Падрасталі янычары, хцівыя пачвары.

Пачыналі весці звадкі ды паміж братамі,

Пасварыліся з усімі, адракліся мамы.

 

Ды не толькі адракліся, а шчэ й катавалі,

Целы белыя і трупы ў лёхі пахавалі.

Рагаталі, катавалі, вось жа суччы дзеці,

Плача матухна сівая – няма дзе іх дзеці.

 

Запытаўся: «Можа, досыць?», а яны смяюцца,

Гарлапаняць каля хаты, ды ў бацьку плююцца!

Ні святога, ані праўды, ні душы не маюць –

Як араць зямлю, дык бацьку ў плуга запрагаюць!

 

Ой, вазьмі матуля ўсіх іх, прытулі да цела

Ды й душыць пачні іх моцна, колькі сілы, смела!

Як задушыш – паскладай іх у мяшка якога,

Аднясі іх на край свету, да гайку глухога!

 

Бяры бацьку і рыдлёўку, хай капае яму,

Закапайце смаркачоў тых пад чортаву браму!

Над зямлёй ў вольным стэпе груганнё крумкачыць –

Закапай тых недаросткаў, каб ніхто не бачыў!

 

Ну а потым, як схаваеш, сагні нізка спіну,

Каб у Госпада святога адкупіць правіну.

Можа быць, Гасподзь даруе, можа, зразумее,

Толькі не судзі сябе ты, сэрца хай не млее!

 

Ўсё ты добра, ўсё ты гожа, насамрэч, зрабіла,

Каб па свеце не блукала варожая сіла!

Вось як зараз на Данбасе, на святой Ўкраіне,

Панабрыдла янычараў, паўзбуяла свінняў.

 

Бацьку рэжуць, маці плача, дзетачак хавае,

Не думаюць, што па смерці ім не будзе рая.

Не гадаюць, дый не трэба, праўды не шукаюць,

Адны свінні шчэ страляюць, іншыя – згніваюць…

 

Ды не плач, матуля, горка, не прасі падмогі,

Спадзявайся на сябе ты й на святога Бога.

Вось тады, відаць, наступіць мір тут і дастатак,

Як жа ў доме сваім самі навядзем парадак…

 

Ольбег Рарог

Двойчы не паміраць

Перасякаючы таемна межы ночы,

Нябыту браму трэба перайсці,

Багам арыйскім зазірнуўшы ў вочы

Ды прашчурам, што зніклі ў забыцці,

Ты азірнешся, толькі будзе позна,

Калі адказ трымацьмеш на судзе,

І прадзед запытаецца з пагрозай:

“Што дзеля мэты ты зрабіў, калі, і дзе?”

Тады ў цябе не знойдзецца адказу,

Таму што ўсё жыццё маніў сабе –

І шаблю на паноў не ўзняў ні разу,

Каб не забілі кнутаўём цябе.

Запомні толькі: не ўміраюць двойчы,

І лепей з гонарам загінуць у баі,

Чым апусціць бязвольна долу вочы,

Згарэць ад сораму сярод братоў сваіх…

 

Баявая замова

Тварам на Поўнач звярнуся –

Продкам сваім пакланюся,

Слова за Род трымаю,

Сілы ў Багоў пытаю!

 

Куля мяне аблятае,

Жалеза мяне абмінае,

Агонь і вада абцякаюць –

Ворагаў здаганяюць!

 

Скура мая – панцыр з крыцы,

Кроў жа – з жывой вадзіцы,

Сокалам хутка ўзмятнуся,

Ваўчынай перавярнуся!

 

Вятрамі ўкрыюся,

Снягамі ўмыюся,

За зямлю стаю,

Свой Род бараню!

 

 

Уладзімір Ухач

Паэты

Як у нацыі правадыроў няма,

Тады правадыры яе – паэты.

                          Е. Маланюк.

У вогненным горане плавім метал,

Што ў жылах крыві заместа.

І з кубкаў халодных гарачы запал

Мы ў словах каваных змесцім.

 

Разбённыя літары сэрцаў знарок

Развеем па свеце мітам.

І ранім душу, нібы спраўны стралок,

Рэчытатывам з граніту.

 

І рухне пад ногі са шлаку сцяна,

Спрэс у хлусні ды брудзе.

Магутнае рэха тут будзе лунаць,

І праўду пачуюць людзі.

 

І стлее падману труна, як дзіра,

І путы згніюць дарэшты.

Няма калі ў нацыі правадыра –

Ім стануцца ёй паэты.

Пераклаў з украінскай мовы Сяргей Сыс.

 

«Літаратурная Беларусь», №7 (22 ліпеня 2016 года).