Чырвоная Злака і сіняя Злака

Даўно нешта такога вось не пісалася, і раптам дзіўная рэч — атрымалася. Прачытаю яго на шаманскай імпрэзе «КАРАМБА» 19 лютага ў «Галіяфах». Да Дня беларускай мовы.

Чырвоная Злака і сіняя Злака

Начныя пульсары – таемныя знакі:

Чырвоная Злака і сіняя Злака.

Куляюцца злосныя Злакі па столі,

Нібыта занадта было алкаголю.

 

На трэцім паверсе шалее сабака, –

Таксама, відаць, напалохала Злака…

Ня спіцца і мне, і сямейным прывідам,

Ня скончыць бы гэтую ноч суіцыдам.

 

Схіляе мяне стаць ліхім вурдалакам

Галодная самая – сіняя Злака,

Чырвоная ж Злака крывавіць прасціны –

Ірву кіпцюрамі цягліцы і спіну.

 

На досвітку сталі шалёныя Злакі

Звычайнай, праз вуліцу, крамаю “Златка”…

Я выжыў, хоць літара Т не свяціла,

І зараз пайду ў гастраном за “чарнілам”.

2016.