Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі ад новай кнігі Радыё Свабода, якую склалі эсэ Сяргея Дубаўца “Як?”, дзеліцца ягоны даўні сябар паэт і праваабаронца Сяржук Сыс. Нагадаем, што прэзэнтацыя кнігі адбудзецца 16 верасьня ў Малой залі Белдзяржфілярмоніі. Пачатак а 18-й гадзіне.
“Сяргей Дубавец, якога я асабіста ведаю больш за два дзясяткі гадоў, на маю думку, вучыў і вучыць нас усіх верыць у гэтае жыцьцё. Але робіць гэта не па-мэнтарску, не энцыкляпэдычна, а неяк надзвычай далікатна, як гэта ён і зрабіў у сваёй новай кніжцы “Як?”
Зразумела, што гэтыя эсэ чытачам не даюць ніякіх адказаў, бо ўрэшце — гэта чужы вопыт, гэта вопыт самога лірычнага героя, а ў ім я бачу толькі самога Дубаўца. Аднак гэтыя эсэ, гэтыя “які” даюць чытачам магчымасьць, а можа, і сьмеласьць шукаць на свае ўласныя запытаньні “як?” нейкія правільныя ўласныя адказы.
Кніга прымушае і думаць, і шукаць адначасова. Можа, і ёсьць у гэтым сапраўдны Дубавец, якога і літаратарам называюць, і крытыкам, і журналістам, яшчэ кімсьці. А я дадам, што ён — яшчэ і паэт добры. Я памятаю часы, калі ён чытаў мне свае вершы. Тое, што ён паэт, заўважаецца і ў ягонай кнізе эсэ “Як?”
Мне падаецца, што гэта — не аднаразовае чытаньне, што да гэтых тэкстаў і можна будзе, і трэба, і проста неабходна вяртацца і далей, настолькі тут усё шматплянава і шматгранна. І ўрэшце кожны хай шукае адказы на свае “які” і робіць гэта так жа ўдала, як зрабіў гэты зь вялікай літары, не пабаюся так сказаць, Аўтар”.
Радыё «Свабода», 15.09.2009.