Вецер пераменаў здзьмуў мяне з цёплага пашанотнага месцейка напрыканцы 1993 года. Гікнулася імперыя Саветаў, а разам з ёю – звыклы і прадказальны лад жыцьця для мільёнаў учорашніх “саўкоў”. У адначасьсе, у новым, імклівым побыце многія рабіліся непатрэбнымі: банкрутавалі, здавалася, непарушныя ў вяках, гіганты індустрыі, ішла рэарганізацыя войска, заставаліся без спраў, хаця і ненадоўга, пераляканыя партыйныя функцыянеры.
А вось якой халеры і куды панесла мяне? – гэтага не магу патлумачыць нават праз дзесяткі гадоў. Ды ці трэба? Як намалявалася жыцьцё, так і намалявалася, шкадаваць няма пра што. Калі коратка, я звольніўся з абласной газеты, дзе меў добрую пасаду і магчымасьць караскацца па прыступках некуды ўверх. Вывесіў у шафе, на радасьць згаладалай молі, дзелавыя касцюмы, скруціў у вузельчык усе свае стракатыя і ня вельмі, гальштукі ды ўрэшце задумаўся: “І што мне зараз рабіць з маёю свабодай, чым заняцца? Жонка касавурыцца, маўляў, дурань, нашто звальняўся, трэба ж дбаць пра сям’ю.”
Ды тое доўжылася нядоўга. Даўні знаёмец, а на той час ужо і сябрук, Мікола Сарока, ведаючы пра мае абставіны, прапанаваў неяк пад час брутальнага застольля: “Слухай, Шары, калі няма пакуль чым заняцца, дык давай з намі на Польшу, там зараз добры гандаль, асабліва на перакупе. Паспрабуеш, а там, калі ўпадбаеш, дык і застанешся пры добрай справе”.
Цьмяна чуў я ў той час пра гандаль у Польшчы, пра перакупшчыкаў, ведаў толькі, што Мікола, прыдбаўшы супольна з нейкім барадатым Алегам, легендарны “Фольксваген-Транспарцёр”, часта знікаў з майго далягляду тыдні на тры-чатыры. Я ж дагэтуль яшчэ ніколі не быў за “жалезным плотам” і мусіць таму, счакаўшы дзень-другі, пагадзіўся на гэтую канкрэтную авантуру.
Дзякуючы мудрым Міколавым парадам зборы праходзілі хутка: падрыхтаваў на турыстычную візу (Польша-Чэхія-Венгрыя) неабходныя дакументы, а сам сьпехам, па ягонай рэкамендацыі, стаў купляць патрэбны на першы час тавар, які ахвотна набываюць палякі: розныя гаспадарчыя і бытавыя прычындалы, інструмент, таннае адзеньне. Часам, каб адшукаць патрэбнае, даводзілася рабіць вандроўкі па далёкіх сяльпоўскіх крамах у глухіх палескіх весках, дзе яшчэ заставаліся рэчы па старых і прыязных коштах. Альбо нешта зусім экзатычнае, кшталту конскай збруі, якая па словах Міколы, вокамгненна прадавалася на земежных кірмашах.
Таксама ў валізы былі старанна запакаваныя 3 літровыя бутэлькі сьпірту “Раяль”, якога тады ў Беларусі можна было набываць скрынямі на кожным перакрыжаванні вуліц. “Гэта трэба браць заўжды, глыбокадумна зазначыў Мікола, — і тавар, і адмазка ў цяжкім выпадку. Карацей – стабільная вадкая валюта”.
Ага. Кароткае прадстаўленьне нашага слаўнага экіпажу. Кіроўца і саўладальнік мікрааўтобуса “Фальксваген-Транспарцёр” – Алег. Рослы барадаты дзяцюк, ветэран “польскай гандлёвай кампаніі”. Пра яго мне амаль нічога не было вядома. Сквапны і хітры палешук.
На Міколу я спадзяваўся болей, бо былі знаёмымі дагэтуль гадоў пяць, адзін час нават суседзілі па пад’езду. Пры ”Саветах” ён быў тэхнікам па абслугоўваньні самалётаў у Гомельскім аэрапорце, зрэдку чытаў кнігі. Таксама кіроўца, і таксама напалову гаспадар самахода, а яшчэ мой ідэйны натхняльнік у тым першым незабыўным падарожжы.
Ну што, паехалі?
(Працяг будзе).