Ідэолагі ад культуры “душаць” нацыянальную самасвядомасць беларусаў

Хваля цемрашальскай «цэнзуры» накаціла на Беларусь у лістападзе, адразу пасля выбараў Прэзідэнта краіны. Першымі яе ўплыў адчулі мастакі і творчыя калектывы.

Так, перад пачаткам выставы “Пагоня” ў Палацы мастацтваў 24 лістапада чыноўнікі з Міністэрства культуры загадалі прыбраць з выставы дзве працы Аляксея Марачкіна «Двубой, альбо супраціў двухгаловаму мутанту» і «Маці Божая Нябеснай сотні», карціну Алеся Пушкіна «Памяці беларусаў, загінулых за Украіну», а таксама працу мастака Віктара Маркаўца. Пазней карціну «Маці Божая Нябеснай сотні» ўдалося адстаяць.

Чамусьці па-за ўвагай грамадскасці застаўся факт забароны трох фотаработ Георгія Ліхтаровіча за выявы бел-чырвона-белых сцягоў на выставе “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”, якая адкрылася 13-га лістапада ў будынку Палаца мастацтваў. “Цэнзараў” з Міністэрства культуры напалохалі фотаздымкі, на якіх адлюстравана ўсталяванне крыжа пакутнікаў у 1996 годзе. Праўда, кажуць, праз дзень работы былі ўсё-ткі выстаўленыя.

У сярэдзіне лістапада Упраўленне па справах культуры Белдзяржуніверсітэта (БДУ) адмяніла паказы спектакля Эльдара Бякірава «Браніслаў. Сцэны з жыцця і сноў» пра нацыянальнага дзеяча Браніслава Тарашкевіча.

Прэм’ера спектакля адбылася 14 лістапада на сцэне студэнцкага тэатра БДУ «На балконе», паказ паўтарыўся 16 лістапада. Наступныя спектаклі, запланаваныя на 18, 20 і 23 лістапада, адмененыя.

Дагэтуль цалкам не скасаваныя “чорныя спісы” для некаторых беларускіх гуртоў і музыкаў. Менавіта таму 14 верасня Лявон Вольскі свой юбілейны канцэрт вымушаны быў правесці ў пераходзе метро ў цэнтры Мінску.

Усё нацыянальнае, гістарычнае, усё тое, што можа абудзіць нацыянальную самасвядомасць, гонар за сваю Радзіму, па-ранейшаму раздражняе ідэолагаў. Ці мусіць такая ідэалогія няправільная?