Пад гарой, у чэзлым лазняку
Звыкла прахрыпіць груган малітву,
Шугане кудысьці за раку
Ці на баль паганскі, ці на бітву.
Пад гарой ільюцца туманы, –
Хутаюць Дняпро халодным пледам…
Брохне сом, вярнуўшыся з вайны
З маладым нахрапістым суседам.
На гары – бярозы на вятры,
На гары – вясковая гамонка,
Там гырчаць на пеўняў трактары,
Дварнякі адбрэхваюцца звонка.
На гары, Гарошкаўскай гары,
Спіць Паэт і чуйна ловіць словы,
Каб пазнаць:
вярнуліся сябры,
Каб усцешыцца,
што прыйдзе нехта новы…
24 кастрычніка 2015 г.