Імя Любові Турбіной добра вядомае ў мінскім літаратурным асяроддзі. Сёння паэтэса працуе ў Маскве, у Інстытуце сусветнай літаратуры, а сябры з цеплынёй згадваюць яе хатні салон. Л. Турбіна спрыяе творчым кантактам між пісьменнікамі Расіі і Беларусі, перакладае творы беларускіх паэтаў. Сёлета выйшла з друку кніга Любові Турбіной «Цягнік “Мінск — Масква”», дзе змешчаны яе вершы і іх пераклады на беларускую мову.
«Я пішу, каб даць рады жыццю. Я проста не ўяўляю, як існуюць тыя, хто па-збаўлены такой магчымасці, вельмі ім спачуваю», — шчыра адказала Любоў Мікалаеўна ў размове з Галінай Дубянецкай. Такі адказ выдатна тлумачыць яе паэзію. Вершы Л. Турбіной — гэта выказванне ўласнага настрою і светаўспрымання, зварот да значных уражанняў і ўспамінаў, асэнсаванне пэўных жыццёвых сітуацый. Гэта вельмі асабістая паэзія, дзе гістарычны і сацыяльны кантэксты амаль неактуальныя. Разгубленасць, меланхолія, смутак аб каханні, светлыя ўспаміны сяброўства — вядома, пісаць пра гэта можна ў якім заўгодна стагоддзі, і пазнакі часу кшталту атрыманай смс-кі ці згадкі пра няісны Савецкі Саюз з’яўляюцца ў зборніку даволі рэдка. Калі чытач не аматар інтымнай лірыкі, то адразу паставіць пытанне: якая яму карысць ад знаёмства з багатым духоў-ным светам паэтэсы і наогул ад вершаў такога кшталту? Адказаў можна знайсці нямала. Па-першае, узнёслыя і вытанча-ныя творы робяць чытача таксама больш узнёслым і вытанчаным — прынамсі, на працягу чытання і на той час, пакуль водгулле радкоў застаецца ў памяці. Калі ж самазасяроджанасць і празмерная чуллівасць, уласцівыя многім паэтам, падаюцца чытачу зусім не дадатнымі рысамі, то ёсць яшчэ адзін істотны момант. У сучасным грамадстве чалавек значны найперш наборам сваіх сацыяльных роляў, а як асоба ён можа цікавіць толькі вузкае кола самых блізкіх людзей. Літаратура, мастацтва, музыка сцвярджаюць каштоўнасць кожнай індывідуальнасці і кожнага жыццёвага імгнення. Менавіта таму мастацкая літаратура — з’ява глыбока гуманістычная, яна дапамагае з увагай ставіцца не толькі да сябе, але і да іншых. Тут ёсць нямала выключэнняў у выглядзе асобных імёнаў і нават літаратурных школ, але творы Л. Турбіной — прыклад паэзіі, якая ўзбагачае, узносіць над банальным, хоць і не гарантуе безумоўна пазітыўных эмоцый. Бо паэт, які піша, «каб даць рады жыццю», часта распавядае пра свае непаразуменні з існым і праз творы выяўляе адчуванне дысгармоніі: Восень! Вось твае ўборы — Ў золаце і крыві… Рэзкі разрыў прасторы, Выспа былой любві. Як і тады, калісьці: Парк, парадыз, сад, Шоргат сухога лісця — Рэха мінулых страт… («Дзень напачатку лістапада») Зрэшты, чытаць вершы Л. Турбіной варта проста за іх прыгажосць. Карункі з паэтычных слоў, вытрыманы памер, спакойная гармонія вобразаў, якія не ўражваюць экзатычнасцю, а натуральным чынам ператвараюць падзеленае на радкі выказванне ў паэзію. «Фасоли грядка как строка», «улица тихо вплывала во мглу», «двери беззвучны». «Все прежние наши любови проснулись с весною, / Незримой преградой текут между Вами и мною»… Выкшталцоныя анапесты і амфібрахіі бяруць у палон, падчас першага чытання твораў нават не даводзіцца засяродзіцца на сэнсе радкоў — так захапляе класічная мелодыка верша. Але ў перакладзе на беларускую мову цудоўнае glissando ўжо не атрымліваецца, словы вымушаюць затрымацца, задумацца, перачытаць арыгінал. У кнізе «Цягнік “Мінск — Масква”» сабраны творчы даробак пяці перакладчыкаў: Людкі Сільновай, Міколы Шабовіча, Рэгіны Рэўтовіч, Сержука Сыса і Галіны Дубянецкай. Некаторыя творы прадстаўлены ў некалькіх перакладах. Найбольш пашанцавала вершу «Мимо пролетают — тени не спугнут…», які тройчы пераствораны па-беларуску. Хуткаплыннасць часу ў гэтым творы робіцца амаль неістотнай дзякуючы «светламу дзьмухаўцу дзіцячай галавы». «Існае — а дзеці ўсё ж мудрэй за нас — / Чыніцца ў сусвеце тут — у гэты час», — так найбольш дакладна ў параўнанні з іншымі аўтарамі перадае заключныя радкі Г. Дубянецкая. Калі арыгінальны верш і яго пераклад змешчаныя на суседніх старонках, чытач абавязкова возьмецца супастаўляць тэксты і ацэньваць працу перакладчыка. Вядома, пры ўмове, што дастаткова добра ведае абедзве мовы — як у выпадку з рускай і беларускай. Сэнсавыя недакладнасці часам сустракаюцца ў зборніку, да таго ж нескладана заўважыць, што ясныя, зразумелыя вершы перакладаюцца больш адэкватна, чым творы, якія дапускаюць вольнае прачытанне. Напрыклад, гэта датычыць верша «Ты ёсць, — за- сведчыць Бог…» — дзе аўтар і перакладчык пішуць нібы пра рознае. Прынамсі, у М. Шабовіча не цалкам атрымалася спалучыць расповед пра асбістае з біблейнымі вобразамі і алюзіямі. Многія месцы, дзе перакладчыкі дадаюць нешта «ад сябе», падаюцца даволі спрэчнымі, а асобныя словы часам замяняюцца на лексемы зусім іншага значэння (фантастический город — камфартабельны горад, сумасбродно — чынна-годна, красиво — цярпліва). Найлепшымі падаюцца пераклады Сержука Сыса і Галіны Дубянецкай, якія пакідаюць амаль такое ж уражанне, як арыгінальныя творы. Зрэшты, паразважаць над эквівалентнасцю перакладу часам таксама карысна: магчыма, дзякуючы «Цягніку “Мінск — Масква”» хтосьці адчуе сябе ў ролі перакладчыка і сур’ёзна зоймецца гэтай справай. Бо каб пазбегнуць недакладнасцей, патрэбныя кемлівасць, вынаходлівасць і выдатнае валоданне мовай. А творчыя набыткі Любові Турбіной і яе пераклад- чыкаў безумоўна вартыя падсумавання — бо абяцаюць сустрэчу з паэзіяй і магчымасць цікавых супастаўленняў!
Алеся ЛАПІЦКАЯ, “Літаратура і мастацтва”, № 34 ад 28 жніўня 2015 г.