Адзін са сваіх ранніх раманаў Уладзімір Караткевіч назваў “Леаніды не вернуцца да Зямлі”. Раман павінен быў выйсці ў 1982 годзе. Але ў гэтым годзе памірае першы сакратар кампартыі Савецкага Саюза Леанід Брэжнеў і назва рамана падалася цэнзарам крамольнай. Назву аператыўна замянілі на “Нельга забыць”. Гэтую легенду беларускай літаратуры пацвердзіў паэт Сяргей Сыс, які знайшоў у архіве Міхася Дубянецкага карэктуру рамана Караткевіча яшчэ з назвай “Леаніды не вернуцца да Зямлі”.
— Гэта ўсё Міхась Фёдаравіч Дубянецкі збіраў. Ён быў доўгі час дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. І такіх рэчаў у архіве багата. Быкава недзе бачыў. Трэба ўсё гэта даставаць і глядзець. Хочацца ашчадна, няспешна разглядаць і вывучаць.
Міхась Дубянецкі з 1979-га па 1986-ы гады быў дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Абараняў ад чыноўніцкага свавольства і цэнзуры лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў у тым ліку Караткевіча, Карпюка, Панчанкі, Разанава і многіх іншых. Архіў Міхася Дубянецкага яшчэ чакае карпатлівага вывучэння.