Аднойчы, калі ўжо тэрмін вайсковай службы падбіраўся да паўгоду, мяне выклікаў намеснік дзяжурнага па палку: “Гэй, салдат! Прозвішча тваё якое?”
– Малодшы сержант Сыс! – гучна адрапартаваў я, прыціскаючы рукі да хэбэ.
– Зайдзі ў дзяжурку. Вось пасылка табе з радзімы прыйшла, забірай!
Усхваляваны нечаканай удачай, бягу з фанернай скрыняй па прыступках на другі паверх казармы: “Хлопцы, пасылка!”
Паводле негалоснага рытуалу, падыйшлі “свае”: землякі з майго аддзялення, ды яшчэ двое, з якімі за паўгоду службы добра пасябравалі.
З дапамогаю штык-нажа адціснулі цвічкі, скінулі фанерчыну. У пасылцы – небагаты “савецкі” набор: 10 пачак цыгарэт “Астра”, дзве бляшанкі згушчанага малака, кавалак салёнага сала, цукеркі, ну і яшчэ асабіста ад маці мяшэчак гарбузовых семак, ды прыгожыя ваўняныя шкарпэткі “на зіму” з пуху хатняй казы Машы.
“Харчы” звычайна размяркоўваліся паміж сваіх, паколькі пры такой логіцы існавала верагоднасць атрымаць нешта і з пасылак сяброў. Таму праз пяць хвілінаў, акрамя двух пачак “Астры”, бляшанкі згушчонкі ды шкарпэтак, нічога не засталося.
Быў час заступаць у нарад, на далёкі лясны пост. Цыгарэты паклаў у кішэні гімнасцёркі, шкарпэткі ў тумбачку, а сам пабег атрымліваць “калаша” і баекамплект.
Праз суткі, вярнуўшыся ў казарму адсыпацца, не мог сабе адмовіць у асалодзе прымераць ваўняную цеплыню роднае хаты – матуліны шкарпэткі. Але ў тумбачцы было пуста.
“Днявальны, – крыкнуў я, – хто тут па маёй тумбачцы шнырыў?”
– “Кусок” твае шкарпэткі парэзаў штык-нажом і ў сметніцу выкінуў. Сказаў, што трэба было здаць у капцёрку.
Кроў ударыла мне ў галаву, я ірвануў да капцёркі, схапіў прапара загрудкі і з усяе моцы трэснуў яго аб сцяну. Супакоіўшыся і моцна злякаўшыся, пайшоў і заваліўся ў ложак.
Потым – тэрміновы выклік да камандзіра дывізіёна і загад: 3 сутак гаўптвахты.
Бразнулі жалезныя дзверы, сціхлі крокі старэйшага каравульнага. З цікаўнасцю агледзеў пустую халодную камеру: яно і зразумела – упершыню на “губе”.
Неўзабаве ў дверы ціха пастукаў вартавы, салдат старэйшага прызыву. Праз невялікае шкляное вакенца паказаў пальцам некуды ўверх камеры. Я агледзеўся і заўважыў маленькія вентыляцыйныя краткі. Расклаў драўляныя нары, скочыў на іх і дацягнуўся да кратак: пальцы намацалі цыгарэту і дзве запалкі…
У глыбокім одуме вяртаючыся з “губы” ў свой дывізіён, я нават не адразу пачуў вокліч: “Эй, “шнурок”, зайдзі ў казарму!”
“Ну ўсё, зараз яшчэ і ад дзядоў адграбу”, – падумаў я.
У казарме мяне абкружылі некалькі “аўтарытэтаў”.
“Ты не бойся, салдат, ты болей не “шнурок”, мы цябе павысілі. Частуйся цыгарэтай!”
Так я атрымаў сваё пазачарговае званне – “чарпак”. А вось з лычкамі сяржанта давялося развітацца, спецыяльным загадам мяне “павысілі” да яфрэйтара.
1985.
(З цыклу “Падпрастора”, “Дзеяслоў, №75)
Аўтар аўдыёверсіі — Сяргей Краснабарод.