Ён наўпрост сядзіць у маленькім кухонным пакойчыку. Стары гадзінннік на шафе, як метраном адлічвае нейкія адно вядомыя яму рытмы. У шафе пануе звычайны халасцяцкі вэрхал, які нагадвае, што гаспадар кватэры да ўсяго таго яшчэ і веган – набор усіх магчымых крупаў і індыйскіх запраў да іх перасыпаецца з адной паліцы на другую. На кухні спякотна і пахне згатаванай ежай. Ён чытае Камоцкага, перыядычна ўсміхаецца, падносіць да вуснаў самакрутку і выдыхае смаліста-белы дым. Яго займае як спалучаюцца словы “дым” і “здым”. Быццам у гэтым свеце няма нічога, што б яму належыла. Жыццё ў дым, кватэра – пад здым. Усё проста. Як савецкія слоікі з цукрам і соллю на падваконні.
Дзесьці між гэтых слоікаў згубіўся пачак фільтрыкаў і паперак для самакрутак і маленькія дэкаратыўныя гарбузы, якія я яшчэ мінулай зімой пакінула там побач з жалудамі і нейкай лустай хіба з-пад цыбулі. Там жа месцяцца нататнік і альбом для скрэччаў. Апошнім ён карыстаецца зрэдку, пэўна няма часу ці натхнення. Але і таго, што ў ім ёсць дастаткова – мандалы, нейкія сакральныя сімвалы і пазнакі. Выпадковы стрэчны дакладна падумаў бы, што тут нешта няпроста так. А усё ж вельмі проста. Ён проста сядзіць і гартае зборнічак Камоцкага. На пліце гудзе чайнік. Ён абдае кіпнем кубак, пасля кідае туды гарбату і далівае яшчэ вады. Гатункаў гарбаты ў шафе прыблізна столькі ж сколькі і крупаў, толькі захоўваецца яна больш акуратна бо дарагая і любімая. Пэўна гарбата хіба не адзінае, што ён любіць, бо можа піць яе кожны дзень да страты прытомнасьці. Адізнае, што магло паспрачацца ў папулярнасці з гарбатай – гэта віно, у выбары якога ён заўжды асабліва далікатны: ад надта салодкага баліць галава, надта сухое ён проста не любіць, чырвонае патабуе асабліва лірычнага настрою і жаночай прысутнасці, белае на паў сухое – ўніверсальны варыянт для асэнсавання свету і насалоды сваёй адзінотай. Адзінае пытанне, якое непакоіць яго ўжо працяглы час: нямецкае ці французкае?! Ён не ведае, якое любіць болей. Калі ён увогуле яго любіць, канешне. Сядзіць ён звычайна ля вакна на самаробным зэдліку, абавязкова тварам да шафы і спінаю да лядоўні. Гэта вельмі выгодная пазіцыя, якая дазваляе не бачыць, што адбываецца ў калідоры і дастаць усё неабходнае, калі раптам захочацца пад’есці. Усё проста. Дым ад самакрутак паступова афарбоўвае столь у жаўтаваты колер, які добра пасуе да блакітнай пліткі каля ракавіны і цёмнай драўлянай падлогі. Часам, ён уяўляе сябе ў нейкім крыху спусцелым мараканскім палацы. Гэтае ўяўленне яму вельмі падабаецца. Магчыма ён нават хацеў бы быць шэйшам ці кім яшчэ, але дзеля гэтага трэба было б ўставаць з зэдліка. Невядома, ці каштавала тое такіх высілкаў. Усё вельмі проста. З суседняга пакоя чуецца музыка – рэпетуе ягоны сусед-флейтыст. Музыку ён любіць болей за віно і гарбату. Час ад часу яму ў рукі трапляе гітара, альбо губны гармонік, і ён спрабуе нешта развучыць. Падлога крыху рыпіць пад націскам рытмічнага тупату пад гішпанскія матывы. Ён наўпрост сядзіць у маленькім кухонным пакойчыку. Альбо маленькі кухонны пакойчык сядзіць глыбока ў ім – гэта не істотна. Дзверы адчыняюцца. Трымацца за зэдлік не забаронена.