Досыць рэдкая на Беларусі кніга пра Анатоля Сыса. Містычна-шаманская, рамантычная. Раю глянуць. «У Гарошкаве найбольш не хапала ракі, якая пад уплывам прачытанага, здавалася, будзе цячы тут замест вуліцы. Той вобраз магутнай вады ўнушалі асабліва трывожныя радкі пра крыгаход напрадвесні. Запамяталася карціна. Навокал ноч. Анатоль разам з матуляй не спяць. Слухаюць як прабуджаецца Дняпро. Спалучэнне стыхіі з бяссонніцай прамаўляе трывогай. Адначасова ўсведамляем як спрацоўвае генетычная памяць у людзей, што нарадзіліся ля вялікай ракі. Яны адны здольныя разгадваць яе настрой, зазірнуць у цёмныя віры, прачытаць мімалётныя знакі. Невыпадкова вялікія паэты нараджаюцца ля вялікіх рэк.
— Як „гучыць” крыгаход? — спыталі мы ў Сяргея Сыса. — Чаму ён не дае сплюшчыць вока?..
— Ён не гучыць, а „страляе”, — паясніў сваяк і аднапляменец Анатоля.
— Як страляе?
— Нармальна, як артылерыя. Грукат ідзе ад крыгалому, калі пад змерзлай паверхняй раскоўваюцца ўнутраныя пласты лёду…
— Людзі баяцца крыгалому?
— Крыгалом успрымалі добра, бо гэты „стрэл” абазначаў, што вясна ўжо не за гарамі….