“Раяль” пачынае і выйграе

Начамі браліся маразы і хавацца па польскіх лясах рабілася ўсё больш праблематычна. Паўставала пытанне аседлага жыцця ў якімсьці зручным для гандлю населеным пункце. Але з ашчадных меркаванняў вырашылі адкласці жыллёвыя праблемы яшчэ на дзень-другі. А сёння надвячоркам, выбраўшы непрыкметны заезд з шашэйкі, скіравалі свой “VW-транспарцёр” у лясны гушчар. Крывая каляіна доўга вяла нас у гару, аж пакуль вачам не адкрылася светлая паляна. Тут і спыніліся нанач.

Фольксваген- Транспарцёр
Фольксваген- Транспарцёр

Пакуль сябры корпаліся з вогнішчам ды рыхтавалі на вячэру няхітрыя макароны па-флотску з тушонкаю, я захапіў меньшы казанок і паімчаўся на ціхае паляванне. Грыбоў было шмат: баравікі, польскія, махавікі. Праўда, нож іх – перамерзлых – не браў, даводзілася выламваць з моху. Грыбы гучна дзынькалі аб дно металёвага казанка.
Спаць паклаліся ўжо ў цемры. На раніцу “транспарцёр” не завёўся – відаць на холадзе канчаткова здох акумулятар. Некаму трэба было спускацца з гары на шашу, шукаць дапамогі. Я з радасцю падпісаўся на гэтую авантуру, таму выправіліся ўдвух з кіроўцам Іванам. Праз паўгадзіны заўважылі пры дарозе заможны хутар, а на падворку тарктарэц Ursus. Я доўга намагаўся патлумачыць сітуацыю гаспадару, нязграбна даводзіў, што там, у лесе захрас наш вялікі самаход, што здох сільнік і трэба буксір.
– Курва! Чаму паехалі ў ляс? Гэтага няможна рабіць. За гэта штраф! – доўга абураўся ён. Усёткі мы ўламалі пана і Ursus патарахцеў за намі на гару.
Калі транспарцёр на шворцы зацягнулі на ягоны падворак, паўстала пытанне разліку. Далі яму 10 даляраў.
– То бэндзе бардзо мало, курва, – засіпеў гаспадар. Дадалі літровую бомбу “Раялю”.
Твар ягоны ўмомант пасвятлеў.
– Але, хлопакі, давайце першы хто-небудзь з вас вып’е. А раптам атрута гэта. Вокамгненна ўсе нашыя карабейнікі адмазаліся і пяшчотна глянулі мне ў вочы: “Ну, давай ты, трэба ж неяк разрульваць…”
Паселі ў гаспадарчай прыбудове, наводшыб ад дома. Пан накрышыў проста на стол вяленага свінога кумпяка, вынес некалькі салёных гуркоў. Паўкубка “Раялю” леглі мякка… Па целе разлівалася цяпло. Хвілін праз пяць давялося паўтарыць, на гэта раз з панам… А затым пайшла бязладная гамонка на тэму “а ў вас, а ў нас”.
Затым маё абмяклае цела аднеслі ў самаход. Рушылі далей, у глыб Судэцкіх Татраў…

Эпізоды з аповесці “Саўкі” паміраюць у Польшчы”