Прэзентацыя кнігі праэтычных перакладаў паэтэсы і літаратурнага крытыка Любы Турбіной “Цягнік “Мінск-Масква” адбудзецца 24 красавіка 2015 года ў кнігарні “Логвінаў”. Пачатак ў 18-00.
Кніга-білінгва ўбачыла свет у серыі “Кнігарня пісьменніка” Саюза беларускіх пісьменнікаў. На беларускую мову вершы Турбіной перастварылі Галіна Дубянецкая, Людка Сільнова, Сяржук Сыс, Мікола Шабовіч, Рэгіна Рэўтовіч.
Жыццё і лёс Любы Турбіной непарыўна звязаны з Беларуссю. Тут яна скончыла фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, а У 1971 году абараніла кандыдацкую дысертацыю па радыебіялогіі. Амаль 20 год Турбіна працавала ў Інстытуце генэтыкі АН БССР. Затым ў спрэчцы “фізікаў з лірыкамі” паэт перамог генетыка і ў 1980 годзе Люба завочна скончыла Маскоўскі літаратурны інстытут імя Горкага. 15 год працавала старшым навуковым супрацоўнікам аддзела узаемасувязяў літаратур Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. Паралельна ў розныя гады выкладала ў Беларускай акадэміі музыкі, Мінскім інстытуце культуры, Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. У 2001 годзе пераехала ў Маскву, дзе працуе ў аддзеле літаратур народаў Расійскай Федэрацыі і СНД Інстытута сусветнай літаратуры РАН і займаецца беларускай літаратурай.
“А непадалёк ад славутай пісьменніцкай Лысай Гары, на адзін чыгуначны прыпынак бліжэй да Мінскага мора ёсць Крыжоўка — куток натхнення, Турбінскія Пенаты, з асірацелым бацькоўскім лецішчам, куды Любоў зрэдчасу ўцякае ад летняй маскоўскай спёкі, да “роднага беларускага лесу”, які сніцца начамі”, — піша ва ўступным слове да кнігі яе хрэсніца Галіна Дубянецкая.
У прэзентацыі плануюць прыняць удзел перакладчыкі, пісьменнікі і паэты Барыс Пятровіч, Алесь Бадак, Галіна Дубянецкая, Людка Сільнова, Алена Стэльмах, Сяржук Сыс, Андрэй Федарэнка і іншыя.
Уваход вольны.