Словы пра Івана, які не пажадаў стаць сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі

Раніцай па завядзёнцы зазірнуў у адрыўны каляндарык “Родны край”: сёння, 19 сакавіка, — 80 год з дня нараджэння Івана Кірэйчыка, паэта, празаіка і публіцыста. Вырашыў з гэтае нагоды тое-сёе ўзгадаць.

Знаёмства нашае з Іванам пачалося напрыканцы 80-тых, у рэдакцыі газеты “Гомельская праўда”, дзе я працаваў намеснікам адказнага, а на дабрачынных пачатках вёў “Літаратурную старонку”.

Перыядычна заходзіў Кірэйчык. Новых твораў тады ён практычна не пісаў, а вось “падлячыцца” часам было неабходна. І што тут рабіць? Браў я тэчку з рознымі фотаэцюдамі, якія звычайна меліся ў сакратарыяце для аздобы апошняй старонкі газеты, выбіраў фотаздымак і казаў: “Вось, прыдумай паэтычны подпіс пад здымак”. Іван моўчкі пагаджаўся і праз некаторы час працягваў мне добры лірычны верш. У выніку выпісваўся аванс: 5 -10 рублёў, у залежнасці ад аб’ёму. Іван годна сыходзіў у вядомым накірунку.

Іван Кірэйчык.
Іван Кірэйчык.

У 1996 годзе Іван Кірэйчык раптоўна памёр, толькі за 60 год пераваліла. Часам яго ўзгадвалі суседзі-забулдоны па двары. “Няма, хлопцы, з намі Івана, сумна неяк цяпер без ягоных гісторый і баек”, — прыкладна так скрушна паміналі яны пісьменніка. Аднойчы нехта прыгадаў, як нярэдка, атрымаўшы добры ганарар, Кірэйчык частку грошай прыхоўваў у пад’ездзе, каб не сканфіскавала жонка.

“Я ведаю пра гэта, — заявіў адзін з сябрукоў Івана, — там кавалак трубы са сцяны вытыркаецца”. І раптам моўчкі пасунуўся ў пад’езд. Літаральна праз 2-3 хвіліны выносіць купюру – 25 савецкіх рублёў: старая заначка знайшлася.Вядома, тут жа і памянулі. Такая вось памяць засталася ад Івана пасля ягонай смерці.

Прайшло год дзесяць. Лёс сутыкнуў мяне з цудоўнай жанчынай і гэткай жа цудоўнай паэткай Галінай Дубянецкай. Пачалі жыць ў Гомлі, хадзіць па гасцёх да маіх сваякоў, сяброў, знаёмых.

“А тут, у завулку Пушкіна, у мяне таксама цётка жыве, татава сястра. Хадзем, знаёміцца будзем” – кажа Галіна.

Выбраліся. Заходзім у кватэру і тут мяне проста апякае позірк на вялікім партрэце: са сцяны іранічна і па-гаспадарску паглядвае на мяне Іван Кірэйчык: “Вось, маўляў, Сыс, і сустрэліся”.

У дадатак – спасылка на цікавую біяграфію Івана Кірэйчыка

2015.