Выключна адораная літаратурнымі талентамі беларуская зямля. Толькі адно яе прыдняпроўскае радовішча дало сучаснай паэзіі палонніка вады, садоў і клёнаў, немітуслівага ў выбары творчых і жыццёвых прыярытэтаў Віктара Ярца, чуйнага да рэха журбы Віктара Стрыжака, асвечанага агнём паходняў па шляху да нацыянальных святыняў Анатоля Сыса ды яго цёзку па прозвішчы са стрэмкамі неспакою ў думках і сэрцы — паэта, публіцыста, журналіста Сяргея Анатольевіча Сыса. Ён нарадзіўся ў 1962 г. у сям’і настаўніка ў вёсцы Пракісель Рэчыцкага раёна. Разважаючы пра адметныя найменні і старадаўнія гарадзішчы наваколля, а таксама пра славуты Дняпро як аснову светаўспрымання і лёсу месцічаў, С. Сыс удакладняе: “Бацькавы карані ў мястэчку Холмеч, там, дзе некалі быў стары замак і двойчы на год праводзіліся вялікія кірмашы. Маці — з суседняга Дварца. Сам я нарадзіўся ў Пракіселі, а жыць даводзілася іў тым жа Дварцы, і ў Холмечы, і ў Вулкане… Нарэшце, большая частка дзіцячых гадоў прайшла ў Заспе” [1, с. 3].
Творы выпускніка Гомельскага кааператыўнага тэхнікума і філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны Сержука Сыса друкаваліся ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Беларусь”, “Дзеяслоў”, абласных і рэспубліканскіх газетах і тыднёвіках, а таксама ў калектыўных выданнях “Дзень паэзіі”, “Тутэйшыя”, “Святло шчымлівай памяці”, “Анталогіі беларускай паэзіі”. У 2011 г. выйшаў у свет яго паэтычны зборнік “Стрэмка” (2011). Вершы лаўрэата прэміі “Залаты Апостраф” (2008), пераможцы Мінскага фестывалю аднаго верша (2009), які асабліва актыўна друкуецца ў апошнія гады, перакладаліся на англійскую, польскую, рускую, украінскую, літоўскую і сербскую мовы. С. Сыс — укладальнік кнігі прысвячэнняў “Ягамосць” (2010), прымеркаванай да пяцідзесяцігоддзя земляка Анатоля Сыса — выдатнага паэта канца XX ст.
Адразу трэба зазначыць, што аднолькавае прозвішча, слава і “цень Анатоля Сыса» [2, с. 291] лявытокаў творчага шляху не столькі дапамагалі, колькі перашкаджалі пачаткоўцу. Каб застацца самім сабой, ён нават некаторы час друкаваўся пад псеўданімамі Жорж Кунц і Сяржук Рэчыц. Але потым перамог здаровы сэнс, у душы нарадзілася (як піша аўтар у вершы “Дагадзіў жа ты мне, Анатоль, дагадзіў…”) шчырая ўдзячнасць аднафамільцу за абуджанасць-апаленасць яго “Агменем” і бурштынавым “Панам Лесам”, прыйшло светла-горкае разуменне таго, што “паміж прыдняпроўскіх /радзінных равоў/ засталося зямлі / для абодвух Сысоў” [3, с. 70]. I хоць, як прызнаецца сам паэт у інтэрв’ю з Аксак, тое, “што за мной Анатоль Сыс, я адчуваю заўсёды” [4], далей Сяржук перастаў хавацца за псеўданімамі. У пазнейшых “Вартавых сноў” Сыс сярод верных начных ахоўнікаў называе “здымак таткі, Сыса Анатоля, / які пераплыў сваю Лету / і спіць на дняпроўскім раздоллі” [3, с. 91].
Пра настойлівыя пошукі С. Сысам асабістай творчай манеры, непаўторнага сцверджання мастакоўскай індывідуальнасці сведчыць плённая вучоба ў сапраўдных сусветных і айчынных майстроў слова — папярэднікаў і сучаснікаў, — выразнае памкненне да жывапісу словам, жаданне зрабіць больш разнастайнай і багатай жанравую сістэму лірыкі, яе вобразна-выяўленчыя сродкі і рытмічны лад. На творчыя арыенціры аўтара-пачаткоўца не магла не паўплываць эстэтычна-мастацкая дактрына таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, сябрам якога ён з’яўляўся. Агульнавядома, што многія прадстаўнікі аб’яднання, чыя дзейнасць прыпала на апошнія дзесяцігоддзі XX ст., разам са спадчынай іншых нацыянальных прарокаў за ўзор успрымалі творчыя прынцыпы і напісанае М. Багдановічам. Цікава, што ў новых гістарычных умовах не зменшыўся інтарэс паслядоўнікаў паэта да так званай каардынаты красы (паводле А. Разанава), якая высякаецца праз сутыкненне ідэй хараства і спажытку і якая заўжды вабіла Максіма Кніжніка. У прысвечаным М. Багдановічу вершы “Кропля” С. Сыс таксама пераасэнсоўвае непарыўнасць гэтых, толькі на першы погляд, антанімічных паняццяў. Праз іх ён даводзіць думку пра выключную самаахвярнасць паэта-папярэдніка, гатовага скаціцца “слязой зіхатлівай / пад ногі людскія… у пыл пакаленняў…” [3,с. 18],каб сабой, пераўтвораным у бруд жыцця, дапамагчы “зачапіцца на лісцях” новым чыстым і гаючым кроплям расы.
Гэтак жа непахісна паэт перакананы, што назаўжды, да самага скону застанецца з ім і “самае светлае — Дняпро, Барысфэнэс, Славуціч, бацька нашыхрэк”. Пра воднае царства родных мясцін С. Сыс заўсёды піша з хваляваннем: “Зрэдку наведваючы Заспу, не магу не сустрэцца з гэтай адвечнай веліччу. Ад самага маленства вядомыя мне яго старыцы і рукавы, мялізны і перакаты, віры і кручы. Рака — гэта вялізная краі- на, у якой ёсць усе: межы, цэнтральныя раёны і правінцыі — Груда, Самоўня, Засабка, Перавал, Евін пясок, Вінчавае возера…” [1, с. 6]. I яшчэ, як удакладняе паэт у вершы “Сваякам”, над нястомным хуткаплынным Дняпром на кладах паміж старых ліп “спяць даўно неабудным сном / Баба Ганна і дзед Піліп” [3, с. 58], іншыя блізкія людзі, землякі.
Напэўна, таму так часта звяртаецца аўтар да матываў любві і смутку па роднай Гомельшчыне, да гаючых вобразаў рэк маленства і юнацтва — Дняпра і Сожа (вершы “Калі былі маімі рэкі”, «Святы вечар”, “Мясцовы час” і інш.). Днепр — з яго рыбакамі і нератамі, чаплямі і чайкамі, гладкімі пузамі чаўноў, шэптам чаратоў у затоках і паклонамі бакена — уяўляецца лірычнаму герою С. Сыса неад’емнай часткай найдаражэйшай спадчыны (“Мой Дняпро”):
Мільгане ў хвалях чайкі адчайнай крыло
I віры між аблокаў уздыме…
Ёсць рака і рука, што трымае вясло,
А вясло — гэта шлях да Радзімы [3, с. 56].
Велічная сіла вады, моц “Дняпра, Гарыні, Пцічы, Сожа”, што нараджаецца “з тысяч безназоўных ручаін”, заўважна ажывае, магутна заяўляе пра сябе з надыходам вясны. Кіпучая водная плынь увасабляе сабой няспыннасць. У вершы “Засынаюць рэкі да вясны…” паэт, які аддае перавагу дынамічнай зменлівасці ў свеце нерукачынным, людзях і сабе, падкрэслівае: “Розны лёс у рэк, а шлях адзін, /I той рух нішто спыніць не можа” [3, с. 57]. Акрамя таго, вясновы малюнак паўнаводдзя, як ніякі іншы, дазваляе аўтару ўвачавідкі пераканацца ў вечным саюзе, узаемаадбітку і зліцці вады і неба. Яднаючы ў душы зямны і горні пачаткі, рухаючыся па рацэ і спадзеючыся “на літасць ветру”, герой яго твора “У чаўне па вялікай вадзе…” скіроўвае шлях увысь: “У чаўне па вялікай вадзе / Мне да неба дагрэбці трэба” [3, с. 59].
Неабходна ўдакладніць, што рух наперад і ўвысь пранізвае ўсю паэзію С. Сыса. Прычым лірычны герой яго твораў здольны адкрываць неба, духоўны пачатак таксама і ў вачах, душы каханай, яе белай сукенцы (“За акном тваім…”; “Белай сукенкай…”), у дзіцячай усмешцы (“Людзі паслянавальнічнай эры”), сонцаяблыках (“Яблыкі пана Вінчы”), думах ссівелых мудрых крумкача ды грака (“Самота ля старадаўняга касцёла”), вылепленай з гліны фігуры паэта (“Майстрыха”), святлаценях хмар і бэзу, трымценні пяшчоты, цішыні і ветру, дарагіх сэрцу кніжных тамах, партрэтах, рэпрадукцыях (з цыкла “Вясна ў Друскеніках”), гаючым агні (“Нуда-вада”).
Асаблівы каларыт і непаўторнае эмацыйнае гучанне надае творам С. Сыса паэтычная рэканструкцыя архаічнага светабачання продкаў, увасабленне матыву вяртання да вытокаў праз зварот і пластычнае адухаўленне адпаведнай сістэмы мастацкіх вобразаў. Тут варта ўзгадаць такія творы паэта, як “Залацісты цмок”, “Русалчыны слёзы”, “Вужыная поўня” і інш. Адметна, што кожны з вобразаў падаецца аўтарам не толькі ў традыцыйным святле, як гэта пераважна вытрымлівалася ў фальклорнай казачна-легендарнай і песеннай спадчыне, — г. зн. не толькі залацістымі ахоўнікамі Беларусі і яе народа, але і яго ўласнымі заступнікамі на той момант, калі, стомленаму і знясіленаму, яму давядзецца ўпасці “паміж Заспай і Гомелем / У расхростаныя палі” [3, с. 75]. Ды раней лірычны суб’ект прагне адкрыцця тых ведаў, якімі валодаюць лясныя, водныя і іншыя міфічныя духі. Таму — з неадступнай надзеяй і адначасова страхам няўдачы — чакае ён сустрэчы са “Змяіным царом”, якога можна пазнаць па залатых рожках на галаве. Не для таго, каб “ісці, куды схочаш”, каб не ўтрымлівалі “ніякія замкі і запоры” [5, с. 64], а каб далучыцца да глыбіннай прыроднай мудрасці павадыра гадзюк і вужоў:
Колькі год шукаю ўтрапёна,
Нібы ў час засушлівы ваду…
Ці знайду змяіную карону,
Мудрасці змяінай ці знайду? [3, с. 78].
Асабліва хочацца вылучыць верш “Сад вогненных сліўняў”, дзе паэту ўдалося арганічна і эмацыйна тонка перадаць як рамантычныя чары праяў старажытных народных уяўленняў (усхліпы і казытанне жытніх русалак, п’янкая ліпеньская раскоша са стракатаннем конікаў), так і драматызм светаадчування сучасніка, што мусіць размаўляць не з незабыўнай гаспадыняй хаты, цяпер ужо апусцелай, бязлюднай, а з яе сённяшнімі незлічонымі вартавымі — сліўнямі. Такі роспачны душэўны стан героя выкліканы не толькі незваротнымі зменамі, запусценнем, здзічэласцю бабулінага саду і зарослага крапівой двара, але і разбурэннем усяго шматвяковага сялянскага ладу з яшчэ зусім нядаўна ўстойлівым побытам і такой дарагой для кожнага вяскоўца рэчыўнай і расліннай атрыбутыкай (хата, вянок цыбулі на сонцы, бэры і ранеткі, спелае калоссе, валошкі, пахкая мята, росныя лугі). Вастрыню сітуацыі для лірычнага суб’екта ўзмацняе незваротная страта родных людзей, пры згадках пра якіх і праз гады ранейшы свет нанова ажыве ў памяці і глыбока ўсхвалюе:
Залаты вянок цыбулі,
Сонцава сурвэта…
Больш няма маёй бабулі
I валошак лета [3, с. 80].
Вызнаючы смутак сталай адзнакай уласнага душэўнага стану і мастацкай творчасці, а ён найперш абумоўлены незваротнай стратай ранейшай Беларусі, яе прыроды, інертнай застыласцю ўсяго і ўсіх, С. Сыс не здымае віны за ўсё і з самога сябе. У вершы “Я забіты” яго лірычны суб’ект гатовы не толькі прадбачыць пакутніцкі лёс мастака, у чым пераконвае гісторыя нашага і іншых народаў, але і насамрэч перажыць смерць як заслужаную кару за беспрынцыповасць, адступніцтва ад высокіх ідэалаў і Айчыны. Абагульнена-сімвалічная сцэна, узмоцненая радковым анафарычным паўторам “Я забіты” ў кожнай з трох строф, перадаецца праз шэраг вобразаў адпаведнага сэнсавага напаўнення (разбітая камнем галава, груганы, што выдзёўбваюць вочы, кроў-шыпшына, змучаныя дарогі, змрочныя камяніцы “велічных муроў” і, як пэўная надзея на выратавальную памяць пра героя ў нашчадкаў, схіленыя над ім “званіцы / Недаруйнавых кляштароў”):
Я забіты.
Кроў мая — шыпшына
Паабапал змучаных дарог.
Я цябе, зямля мая, пакінуў,
Я цябе, Радзіма, не збярог [3, с. 11].
Думаецца, сур’ёзнай праверкай творчай сталасці паэта выступае ступень яго мастацкага спраўджвання ў інтымнай лірыцы, дзе надзвычай важная роля адводзіцца такім крытэрыям, як эстэтычная мера, маральны парог, душэўны такт, пэўная недамоўленасць. Пратонкую пачуццёвую напоўненасць, псіхалагічную выверанасць твораў гэтай тэматыкі ўС. Сыса сведчаць вершы «Не адзіная ты маеш грыф “незваротная страта”…”, “Што было паміж намі”, “Позняя вішня”, “Іншым разам”, “Споведзь мачо”… I асабліва “Трыпціх сутоннай душы”, адрасаваны жыццёвай спадарожніцы і аўтару зборніка паэзіі “Анадыямэна” (2008), прыхільніцы паслушэнства рыфмарнага, снавання крозаў, невымоўнасці і пры гэтым яснасці, Галіне Дубянецкай. У аснову верша пакладзены трансфармаваны протасюжэт пра Ліліт і Еву. Жанчына заўжды марыць быць для каханага недасяжнай княгіняй з райскіх нябесных пакояў і адначасова зямной спакусніцай і ахвярай, гатовай дзеля адзіна годнага і вартага аднойчы “не знайсці сябе сярод святых” [3, с. 40], здольнай растварыцца ў душы абранніка, “стаць толькі водгукам, / сумам і проста нічым” [3, с. 39].
Не менш прывабліваюць лірычныя роздумы паэта над прызначэннем лёсу, бязмежжам абстрактнай свабоды і адказнасцю за выбар у канкрэтнай сітуацыі, праблемамі дабра і зла, іншымі філасофскімі пытаннямі быцця, багатага не толькі на адкрыцці, але і на балючыя стрэмкі, камяні, вырашчаныя самімі людзьмі і пагрозлівыя для палёту іх душ (“Камяні”, “Быць альбо не быць”, “Душа мая — як лёс старых калёс…”, “Панядзелак, 13-га”). Не можа не радаваць прачулае ўспрыманне аўтарам хараства навакольнай прыроды (“Не сцяжынамі крочым пад зорамі”, “Дняпро”, “У горадзе змрочным…” “Ноч над Чачорай”, цыкл “Вясна ў Друскеніках” і інш.). Усё, адзначанае вышэй, абяцае далейшае плённае спраўджванне Сержука Сыса ў літаратуры. Гэтак-сама як і ўтрываленне асабістай жыццепрасторы пісьменніка “паміж Гомелем і Мінскам…” [3, с. 96] на многія і абавязкова шчаслівыя дзесяцігоддзі.
Спіс літаратуры
Сыс, С. Край Сысоў : Замест прадмовы // Стрэмка : Вершы / С. Сыс. — Мінск: Кнігазбор, 2011. — 112 с. — С. 3 — 7.
Сыс, С. “Дагадзіў жа ты мне, Анатоль, дагадзіў…” [успамін пра А. Сыса] / С. Сыс // Дзеяслоў. — 2007. — № 2. — С. 290 — 305.
Сыс, С. Стрэмка : Вершы / С. Сыс. — Мінск : Кнігазбор, 2011.
Сыс, С. “Тое, што за мной Анатоль Сыс, я адчуваю заўсёды” / С. Сыс [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/соntent/transcript.
Беларуская міфалогія: Дапаможнік / уклад. У А. Васілевіч. — 2-е выд. — Мінск: Універсітэцкае, 2002. — 208 с.
“Роднае слова”, №7, 2014 г., с. 20.