Сяржук Сыс нарадзіўся ў 1962 годзу ў вёсцы Пракісель Гомельскай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Гомельскага ўніверсітэта. Быў сябрам Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Жыве ў Менску. Вершы Сяржука Сыса друкаваліся ў літаратурных выданьнях Беларусі: альманаху “Тутэйшыя”, тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Дзеяслоў”, “Маладосьць”, “Полымя”, “Беларусь” і іншых. Творы перакладаліся на ангельскую, польскую, расейскую, украінскую, літоўскую і сербскую мовы. Сяржук Сыс – лаўрэат прэміі “Залаты апостраф”, пераможца Менскага фестываля аднаго верша. Летась у выдавецтве “Галіяфы” пабачыла сьвет яго другая кніга паэзіі “Павук”.

Сяржук Сыс любіць не зусім эстэтычныя назвы. Першая яго кніга вершаў называлася “Стрэмка”. І вось пабачыла свет другая, “Павук”. Гэтым разам паэт пазьбіраў пад адну вокладку вершы розных гадоў, у тым ліку напісаныя яшчэ ў 80-тых, а адзін верш ёсьць нават з 1979 года.
Сяржук Сыс належыць да вядомай Гомельскай кагорты паэтаў, у свой час ён вучыўся на філалагічным факультэце Гомельскага ўніверсітэта разам з Анатолем Сысом, Эдуардам Акуліным, Алесем Бяляцкім. Ягонае паэтычнае сталеньне якраз прыпала на сяброўства ва ўніверсітэцкім літаратурным аб’яднаньні. І вось упершыню Сяржук насьмеліўся надрукаваць некаторыя свае раннія студэнцкія вершы. Канешне, адчуваецца, што іх напісаў пачатковец, але ўжо ў гэтых вучнёўскіх радках можна заўважыць асаблівасьць паэтычнага пісьма Сыса-малодшага. У адрозненьне і ад Анатоля Сыса, і ад Эдуарда Акуліна, Сяржук Сыс – іранічны і больш хінецца да філасофскай лірыкі. На здзіўленьне, у ягонай кнізе амаль няма вершаў грамадзка-патрыятычнага гучаньня, хоць сам Сяржук у жыцьці досыць грамадска актыўны.
У сваіх вершах паэт можа размаўляць з жабаю, якая нібыта ахоўвае балацяны стаў, куды прыйшоў ён купацца, альбо з павуком, назіраючы за яго паляўнічым спрытам. Цяжка ўявіць такія вершы ў кнігах лірычнага Акуліна, або трагедыйна-пафаснага Анатоля Сыса.
Шмат вершаў у кнізе народжаных ў падарожжы, прычым і пад час далёкіх вандровак, напрыклад у Берлін або ў Парыж.
Ёсьць у новай кнізе Сержука і чыста багемныя вершы: пра віно і сяброўскія сустрэчы, што радніць яго з паэтамі Таварыства вольных літаратараў, напрыклад з Юрыем Гуменюком.
Ня мог абмінуць Сяржук Сыс і тэму бацькоў, бадай адзіную агульную тэму паэтычнай гомельскай кагорты. Але ў гэтых вершах ніякай канкрэтыкі, і ніякіх высноваў, толькі ўспамін і дрогкая нэрвовая павуцінка настальгіі, як у вершы “Бацькоўскія гусі”. А ў вершы, прысьвечаным бацьку – толькі боль і пачуцьцё страты:
Разальецца Дняпро па вясьне,
Завірыць, зацурчыць за кармой –
Не плыві на той бок без мяне,
Забяры мяне, татка, з сабой!
Пераможна скарае вясло
Ашалелую, пенную плынь…
Не паспеў аж на некалькі слоў:
“Ты мяне аднаго не пакінь!”
Кажучы пра тое, што Сяржук Сыс хінецца да філасофскай лірыкі, я ніякім чынам не жартаваў, прынамсі, паэт вынайшаў паэтычную формулу таго, што для яго сапраўднае дарагое і існуе нават тады, калі ўжо зьнікла:
Гэты боль, як вада гаючая,
Як яшчэ ненароджаны верш…
Покуль мне без цябе балюча –
Ты існуеш, сваволіш,жывеш.
“Жыццё з літаратурай”, Радыё Рацыя, 2 лютага 2015 года.
Вершы з кнігі чытае Улад Грынеўскі.