Неяк пісьменнік Валянцін Тарас, які ў 13 год стаў партызанам, напісаў пра тое, што “нават дзеці вымушаныя былі брацца за зброю і сапраўды ўчыняць нейкія подзвігі. Дзецям ня месца на вайне. Распавядаць, як ліхалецце адбілася на іх, трэба, але нельга апяваць гэта. Любавацца гэтым. Захапляцца гэтым – нельга. І нават амаральна. Ня варта шукаць праўду пра гібель Марата Казея”.
Марату Казею
У Менскім скверы зухавата
Стаіць Марат Казей з гранатай.
Маўчыць. Але, здаецца мне,
Вось зараз ён як бамбане!
Вайна даўно ўжо спарахнела,
Ды пра герояў дбалі ўмела…
Іх навучылі праз вякі
Сціскаць з гранатай кулакі.
Пяялі песні, байкі, вершы:
Імя Казея – самым лепшым.
І вар’яцелі піянеры
Ад небывалага даверу.
Курсанцік “Першага атраду”,
Кідай, Марат, сваю гранату!
У тых, хто аж дагэтуль хціва
Хавае праўду па архівах…
2015.