Пераклад верша Юльяна Тувіма “Сон златакосай дзяўчынкі” адбыўся нечакана. Сябры-гарадзенцы, якія пад гітару выконваюць песню на мове арыгіналу папрасілі мяне парупіцца пра пераклад яго на беларускую мову. Але, зацюканы працай, я гэтую просьбу перадаў Галіне Дубянецкай. І слушна зрабіў. Галіна зрабіла дасканалую рэч, якую не сорамна паказаць усім.
Сон златакосай дзяўчынкі
Яраславу Івашкевічу
Пані пахне, як туберозы –
Гэтак вабіць павеў нясмелы…
Быў я хвілю таму цьвярозы,
А цяпер стаю захмялелы.
Вам ад словаў маіх сьпякотна?
Спрытна думкі ніжу ў каралі?
Пазіраеце – так маркотна…
Ледзьве чутна… штосьці сказалі?
Сон сасьніўся? Дыму карункі?
Дзіўны сон задумнай дзяўчынкі?
Пад ялінкаю падарункі,
Памаранчы і мандарынкі.
Таямнічасьці мілай аўра…
Пані туліць вусны ў футэрка.
Засьцярога? Што ж будзе заўтра?
Што – па балю – скажа люстэрка?
Пад вачыма сінія цені,
Месяцовая бель аблічча…
Апануюць Вас летуценьні…
Баль суціхлы назад пакліча.
Ці жадаеце вальца станьчыць?
Ах, вальцуйма!.. Як сон дзяўчынкі!
Мандарынкі і памаранчы,
Памаранчы і мандарынкі.
О дзяўчынку! О сон дзівосны!
О анёле юнацкіх сьненьняў!
Дым струменіцца папяросны,
Патанае ў пасмах праменьняў.
А тым часам – пусьцее заля
Хтось па ружы згубленай тужыць,
З Леанэляй таньчыць Алалі,
Тая вочкі гарэзна мружыць.
А калі ўсе вагні пагаснуць,
Са смугі саткуцца дзяўчынкі,
Я сасьню залатую пасму,
Памаранчы і мандарынкі.
Пераклала з польскай Галіна Дубянецкая.