Прэзэнтацыя кнігі эсэістыкі і нарысаў Юрыя Гуменюка «Краіна нязьдзейсьненых мараў», адбылася ў другую гадавіну ягонай трагічнай сьмерці, 19 студзеня 2015 года. У менскую кнігарню «ЛогвінаЎ» прыйшлі пісьменьнікі і літаратары, якія добра ведалі Юру, сябры, аднадумцы, прыхільнікі ягонай паэзіі: Юрась Пацюпа, Уладзімір Арлоў, Валянцін Акудовіч, Сяржук Сыс, Зьміцер Вішнёў, Серж Мінскевіч, Галіна Дубянецкая, Алесь Туровіч, Эдуард Акулін, Сяргей Панізнік. За дырыжора быў Алесь Аркуш.
Нярэдка паэты сыходзяць трагічна… Але, дзякуй Богу, лепшыя з іх застаюцца тут, у сёння, ў сваіх творах, у кнігах, якія, здараецца, выходзяць постфактум, дзякуючы намаганням сяброў і аднадумцаў. Так вось, пасьля трагічнай сьмерці Анатоля Сыса, выйшла кніга “Лён”, зборнік выбранага “Алаіза”, рыхтуецца да выданьня новая паэтычная кніга раней невядомых вершаў паэта “Берагі майго юнацтва”. Гуменюк таксама не забыты. Ужо зараз мы маем цудоўную кнігу эсэ “Краіна нязьдзейсьненых мараў”. А крыху раней выйшла паэтычная кніга “Назаві мяне геніем”. І дзякуй вялікі за гэта менавіта Алесю Аркушу, які знайшоў час і сродкі, каб давесці да фінішу гэтыя выдавецкія праекты.
Днямі я прыгадаў, з чаго ўсё пачалося, з чаго пачаліся мае стасункі з Юрасём. Гэта было ў часы, калі пабачыла сьвет у выдавецтве “Полацкае ляда” ягоная кніга “Водар цела” ў 1992 годзе. Памятаю, тады мяне яшчэ ўразіла, што кніжачку друкавала полацкая тыпаграфія імя Францыска Скарыны. Цікава, ці дажыла яна да нашых дзён?
Гадоў дваццаць таму Гумянюк чытаў мне вершы з гэтай кнігі. І вось адзін з іх, памятаецца, мяне закрануў найбольш,“Бутэлька”.
Нашыя стасункі былі рэдкімі і эпізадычным, як кажуць – на бягу: то ў Гародні, то недзе ў Беластоку. А напачатку сакавіка 2012 года лёс падараваў доўгую і нетаропкую сустрэчу з Гуменюком, нашую апошнюю сустрэчу. Ён прыехаў раніцай з Гародні ў Менск, завітаў да мяне дахаты гэткім вальяжным, лагодным фацэтам, у фетры і футры. Здаецца, мы былі запрошаныя на юбілей Славаміра Адамовіча. Да вялікага вечаровага сабантуя заставаўся цалюткі дзень, які мы правялі ў гутарках, у вершах, у паэзіі. Гэта вось і засталося са мною назаўжды.