Верш тыдня. Галіна Дубянецкая “Ты глядзіш”

Кожны паэт безнадзейна імкнецца да дасканаласьці, але Галіна Дубянецкая магла б быць чэмпіёнкай сьвету сярод пэрфэкцыяністаў. Ці не таму яе зборнік вершаў “Анадыямэна” (2008) – самая доўгачаканая беларуская кніга пачатку ХХІ стагодзьдзя. Прычым, у прамым сэнсе слова. Так што адданых прыхільнікаў паэткі, што дзесяцігодзьдзямі гэтай кнігі чакалі й ня здрадзілі сваім лірычным захапленьням, таксама можна назваць пэрфэкцыяністамі. Ім і ўсім, хто здольны далучыцца, прапаную перачытаць верш, які даў кнізе назву.

Галіна Дубянецкая
Галіна Дубянецкая

Яшчэ нямецкія рамантыкі называлі музыку найвышэйшым мастацтвам, а паэзію лічылі тым лепшай, чым бліжэйшая яна да музыкі, чым сур’ёзьней спаборнічае зь ёй сваім гучаньнем, уводзячы ў паэтычны транс шчасьліўчыкаў, здольных трапіць пад яе ўплыў. Большасьць твораў Галіны Дубянецкай – якраз такое высокае мастацтва ў “рамантычным” разуменьні. Загіпнатызаваны гучаньнем і рытмікай чытач і – асабліва – слухач можа сьмела забыць, што мова – сродак чалавечых зносін і напісаны на ёй тэкст павінен мець нейкі інфармацыйны зьмест, бо, як казаў адзін з улюбёнцаў нашай аўтаркі, “de la Musique avant toute chose!”

Тыя ж, хто звык ува ўсім знаходзіць мэсыджы, могуць перажыць маленькую інтэлектуальную прыгоду, расшыфраваўшы нескладаны рэбус, закладзены паэткай у вершы. Дастаткова ўспомніць, каго старажытныя грэкі называлі Анадыямэнай – і літаратурная алюзія разгаданая. Спадзяюся, правільны адказ не сапсуе асалоды ад добрага тэксту.

 Галіна Дубянецкая

Ты глядзіш

…ты глядзіш у смугу

дзе кружляюць лісты безыменна

і адлюстраны зрок

размыкае абрысы акна

з глыбіні краявіду ўзыходзіць

Анадыямэна

беспрытомнаю зоркай

між явы блукаць давідна

…гэта час калі ў прыцемку моляцца

золкія кветкі

і нябачнае мора

варожыць кірунак любы

тут пакінулі срэбную вопратку

сёстры-падлеткі

і цішком падхапілі і зьнесьлі яе

галубы

…адплываюць удалеч

прыстанкі сьцяжыны і людзі

суціхае пачуцьцяў і думак

успуджаны грай

і спасланая ласкаю

музыка весьці нас будзе

і нячутна пяройдзены

зьнікне з вачэй небакрай

…будзе музыка правіць палёт

у празрыстыя зманы

будзе млосьць і пустэча

і ледзьве адолены крок

і тады прашапоча мне рэха

што ліст атрыманы

і на косы ўскладзе

залаты дзьмухаўцовы вянок

 

Андрэй Хадановіч, lohvinau.by