Якраз на Стары Новы год, 14 студзеня, жонка мая Галіна Дубянецкая разам з Наталляй Кучмель наведалі Сяргея Патаранскага, якому, пасля страшэннай трагедыі, вельмі няўтульна без сяброў і знаёмых. Сам я выбрацца ня змог, бо даглядаў дачушку Станіславу, варыў вячэру, даводзіў да ладу кватэру.
Галя прывезла ад Патаранскага падарунак – ягоную новую кнігу паэзіі “Аблічча кахання” з такім вось дарчым надпісам: “Шаноўнаму Сысу Сяргею ад аўтара. Цяпер у нас толькі адзін Сыс, таму чакаема зьдзяйсьненьня новых творчых подзьвігаў!” Пагартаў зборнічак з недаверам, але прыйшоў да высновы, што паэтычнае майстэрства Патаранскага расце, нягледзячы, альбо наадварот – дзякуючы – ягонаму фізічнаму стану. Сённяшні вечар прысвячу ягонай новай кнізе.
А хто ня ведаў яго, дык нагадаю, што Патаранскі нарадзіўся 6 студзеня 1976 г. у Менску, вучыўся ў мастацкай школе-каледжы №26, затым у Нацыянальным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, дзе пазней некаторы час выкладаў творчую спецыялізацыю ў кірунку літаратурнай і тэатральнай работы. Працягнуў вучобу на факультэце журналістыкі БДУ, адкуль перайшоў у Беларускую Акадэмію мастацтваў. Прафесійны рэжысёр, актор, паэт, перакладчык і … вельмі складаны чалавек.З’яўляецца аўтарам чатырох дакументальных стужак, паэтычных кніг “Залаты вецер”, “Сэрца Бога – Беларусь” і “Аблічча кахання”. Пасля трагічнага здарэння, якое значна падарвала ягонае здароўе, практычна вядзе замкнёны лад жыцця.