У апошні прыезд на радзіму Анатоля Сыса ў вёску Гарошкаў, у кастрычніку 2014 года, сястра паэта Тамара паказала некалькі рукапісных вершаў Анатоля. Я паспеў іх сфатаграфаваць, але толькі зараз знайшоўся час, каб разам з Алесем Бяляцкім уважліва расчытаць іх.
Яны ўсе добра вядомыя аматарам Сысовай паэзіі. Першы з іх, верш “Вужака”, быў надрукаваны ў кнізе “Пан Лес”. Самае каштоўнае ў гэтым – на машынапісе маецца дата стварэння верша: 8 снежня 1987 года. Наступны верш, “А на бялюткае радно…” быў змешчаны ўкладальнікам найбольш поўнай кнігі твораў Анатоля Сыса Міхасём Скоблам у кнізе “Лён”. Там жа ўпершыню быў надрукаваны і яшчэ адзін верш – “Шаблі ды стрэлы не перастрэлі..”.
Ну і чацверты рукапіс аднаго з апошніх вершаў Анатоля “Шрыфтам Брайля”. Тут, на гэтым зжаўцелым аркушыку, ён яшчэ няпоўны, незавершаны, недасканалы, ды яшчэ і шмат правак аўтар пазней зрабіў: напрыклад, замяніў “біблейскі сьнег” на “калядны”, альбо “а памру, Сысок мо прыйдзе” на “а памру, Паэт мо прыйдзе”.
Што яшчэ ўразіла? Вядома, папера, ці лепей сказаць, кавалкі абгортачнага матэрыялу, якія былі пад рукой у паэта. І ня трэба было ні ўтульнага фатэля са сталом, ні залатога пяра, ні мялоўкі…
8.01.2015.