Яшчэ задоўга да шостай раніцы я ціха выйшаў з кватэры і рушыў на прыпынак: карцела хутчэй пакінуць гэты гнюсны мянтоўскі горад.
Крыху адыйшоўшыся ад шматпавярховіка, угледзеў на клумбе нож – вялікі нож з чорным дзяржалам і доўгім бліскучым лязом.
“Ну вось, ізноў нож”. Нешта занадта часта ў апошнія гады натрапляю на нажы, знаходкі гэтыя – як нейкае насланнё. Вось жа залетась у лесе пад Заслаўем знайшоў самаробную “фінку”. Збаяўшыся трымаць яе пры сабе, аддаў пісьменніку Верацілу. А крыху раней, у Гомельскіх парках натрапляў на нажы – з інтэрвалам у месяц – разы тры; нават жонку гэтым заразіў: знайшла была аздоблены ножык у скверыку насупраць паліклінікі.
Па вушы мы ўжо сытыя такімі знаходкамі.
Прыпыніўся, узяў нож у рукі, агледзеў. Прыгожая рэч. Але… адкуль ён тут, на праспекце? Нехта згубіў? Дык з такімі нажамі не прагульваюцца проста так па горадзе. Нешта тут не тое. А раптам гэтым нажом пырнулі кагосьці, а потым выкінулі дасканалую прыладу забойства? Тады гэта і не нож зараз, а рэчавы доказ.
“Цалкам таксама верагодна, што яго падкінулі следчыя, каб лох, кшталту мяне, пакінуў на нажы свае адбіткі, а самі чакаюць моманту ў адным з прыпаркаваных побач аўтамабілях?” – ліхаманкава разважаў я. Нават агледзеўся, ці не сочаць за мной.
Затым асцярожна паклаў нож на месца і намерыўся ісці далей. “Стоп! Там жа засталіся адбіткі маіх пальцаў!” Ізноў падняў нож з зямлі і, заціснуўшы крысом курткі, старанна выцер дзяржала і лязо насоўкай. Цяпер можна спакойна рушыць далей.
“Відаць, гэта было нейкае выпрабаванне, і ў гэтай сітуацыі я паступіў так, як паступіў”.
На гэтым мае ранішнія прыгоды не скончыліся. Літаральна праз сотню крокаў пад нагамі нешта зыркнула. Прыгледзеўся – срэбны, расчытаў: 925 пробы, крыжык з выяваю распятага Хрыста.
“Крыжыкі мне дагэтуль не патрапляліся. Што гэта, новы знак лёсу? Як патлумачыць такую знаходку? Крыж, як і нож, – разважаў я, – мае асацыяцыі са смерцю, альбо віной. Ну, і з вечным жыццём пасля смерці. Нездарма ж многія малююць выяву крыжыка пасля жалобнае даты”.
Я губляўся ў здагадках, а потым нахіліўся і падняў каталіцкі крыжык з ходніку: нядобра, калі ляжыць на зямлі сакральны знак.
Правільна гэта альбо не, але я зрабіў свой выбар.
2013.
Аўтар аўдыёверсіі — Сяргей Краснабарод.