Алесь Бяляцкі: «Светлы смутак па вечнай Радзіме»

50 гадоў — зеніт чалавечага жыцця. Час падводзіць вынікі. Хаця ў кожнага чалавека — па-рознаму. Некалі паўвека чалавечага жыцця былі ўжо старасцю. Так вось Яна Баршчэўскага, аўтара «Шляхціца Завальні», Рамуальд Падбярэзскі называе «дзядком». І Янка Купала, якому не было яшчэ і сарака пяці гадоў, перадае паходню беларускасці наступнаму, маладому пакаленню…

50 гадоў — зеніт чалавечага жыцця. Час падводзіць вынікі.Хаця ў кожнага чалавека — па-рознаму. Некалі паўвека чалавечага жыцця былі ўжо старасцю. Так вось Яна Баршчэўскага, аўтара «Шляхціца Завальні», Рамуальд Падбярэзскі называе «дзядком». І Янка Купала, якому не было яшчэ і сарака пяці гадоў, перадае паходню беларускасці наступнаму, маладому пакаленню…

Чаму я пачаў свае нататкі з такіх развагаў? Ды таму, што пяцьдзясят гадоў спаўняецца і мне. Мае сябрукі і прыяцелі, мае аднагодкі, маё пакаленне адзін за другім бяруць гэты рубеж: Сяргей Дубавец, Віктар Івашкевіч, Барыс Пятровіч, Язэп Янушкевіч, Вінцук Вячорка, Славамір Адамовіч, Анатоль і Васіль Дэбішы і іншыя.

50-ці гадовы юбілей адзначыў і мой стары, можна сказаць, старажытны сябра Сяржук Сыс. Да ягонага юбілею выйшла першая кніжка ягонай паэзіі «Стрэмка», якая ўвабрала ў сябе выбраныя вершы. Ішоў да гэтай кніжкі ён доўга. Дасюль у яго магло быць ужо і некалькі кніжак, прынамсі, напісаных Сержуком вершаў хапіла б на іх. Але магло быць і так, што і гэтая кніжка не з’явілася б. Чаму? Дзеля гэтага трэба ведаць характар, натуру майго сябра. А натура і тэмперамент у яго — о-го-го! Яшчэ той.

Сяржук Сыс і Алесь Бяляцкі. Гомель, 1983 год.
Сяржук Сыс і Алесь Бяляцкі. Гомель, 1983 год.

Пазнаёміліся мы з ім тады, калі паступалі на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага ўніверсітэта. Лета далёкага 1979-га года было гарачым. Мы пасля 10-ці класаў, ён — заспенскай вясковай школы, я — светлагорскай гарадской. Нам па 17 гадоў. Мы абодва кучаравыя з даўгаватымі валасамі па тагачаснай моладзевай модзе. Ён — чарнавалосы, смуглявы, каравокі, як цыган, я — блакітнавокі, беласкуры з попельнымі кудзерамі. Была яшчэ і трэцяя шатэністая галава сярод абітурыентаў — Едруся Акуліна. Мы кучаравыя сябравалі ўтрох.

Пісаць пра чалавека, з якім мы сябруем з 17-ці гадоў, гэта ў значнай ступені пісаць пра самога сябе. І яшчэ адное, што апрача ўзросту і кучаравых галоваў і паступлення аб’ядноўвала нас — любоў да прыгожага пісьменства. Едрусь ужо бачыў сябе паэтам. Ён друкаваўся ў «Бярозцы» і нават твор на ўступных іспытах па беларускай літаратуры ва ўніверсітэт напісаў у выглядзе зрыфмаванай паэмы. Сяржук і я таксама пісалі вершы. Ён па-беларуску, а я яшчэ па-расейску, але з цвёрдым намерам перайсці на беларускую. Дзеля беларускай мовы, якую я хацеў дасканала вывучыць, уласна я і паступаў на беларускую філалогію.

Якое адчуванне ў мяне было пасля знаёмства з Сяржуком Сысом, гэтым страшэнна жвавым хлопцам? Як быццам бы я сустрэў родную душу. Напачатку верасня мы з сваіх хатаў і кватэраў прыехалі ў Гомель вучыцца. Інтэрнат першакурснікам не давалі. Едрусь уладкаваўся на кватэры ў роднай цёткі, а мы з Сержуком ліхаманкава шукалі кут, каб прытуліцца. Першыя ночы я ўвогуле начаваў на гарадскім аўтавакзале. Урэшце Сяржук усё ж такі неяк уплішчыўся ў інтэрнат на вуліцы Кірава, а я зняў прахадны пакойчык у прыватнай хаце, варыў на абед штодня бульбу з лупінамі і паліў торфабрыкетам грубку.

Не сказаў бы, што нашыя стасункі былі заўсёды роўнымі. Сяржук быў неверагодным жэўжыкам, энергія з яго валіла цераз край. Яму ні хвіліны не сядзелася на месцы, ён увесь час шукаў прыгодаў, а часта і самі прыгоды знаходзілі яго. З ім немагчыма было штосьці планаваць напэўна, сустракацца штодня і размаўляць на гарачыя тэмы ці абмяркоўваць прачытаныя кніжкі. Ён то з’яўляўся (і тады можна было размаўляць гадзінамі), то знікаў на дні, а то і на тыдні па нейкіх сваіх пільных справах. Тым не менш, менавіта з ім мы здзейснілі свой першы грамадзянскі ўчынак, першы свой вопыт спазнання беларушчыны. Скончыўшы першы семестр і паздаваўшы іспыты, атрымаўшы стыпендыі, у лютым 1980-га на зімовыя вакацыі мы з Сержуком купілі квіткі на цягнік у агульны вагон і паехалі ў Крым, у Ялту, пакланіцца магіле Максіма Багдановіча. Мы былі ў захапленні ад ягонай паэзіі. Дабраўшыся з Сімферопаля да Ялты па горнай дарозе на тралейбусе, мы пайшлі ў першы гатэль, які трапіўся на вочы — «Крым». Было ўжо цёмна, імжыла. На дзіва, былі вольныя месцы, мабыць, таму, што ўсё ж гэта быў далёка не сезон. Мы засяліліся, заплацілі не такія ўжо вялікія грошы. Памятаю гэтае ўнутранае задавальненне, што вось — задумалі і зрабілі! А назаўтра быў сум, навеяны старымі могілкамі, шэрым сутонлівым надвор’ем, расшуканаю намі сціплаю магілкай паэта з невялікай шэрай пірамідкай з пабітага імхом і часам пясчаніку, з надпісам на ім, зробленым «няправільнаю тарашкевіцаю». І высокія чорныя змрочныя кіпарысы, і дзіўныя пальмы на гарбатых вуліцах Ялты, і царква, дзе адпявалі Максіма Багдановіча, і набярэжная, дзе няспешна прагульваліся адпачывальцы… Тая нашая паездка ў Ялту была вынаходкаю Сержука Сыса дзеля ўсведамлення сваёй індывідуальнасці, для станаўлення свайго асабістага творчага я.

Улетку 1980-га, пасля летняй сесіі, зборнай камандаю гісторыкаў, філолагаў і матэматыкаў мы паехалі ў будатрад у Хойніцкі раён, у вёску Бабчын, будаваць цагляныя дамкі. З гэтага будатрада захаваўся ў мяне адзін памятны фотаздымак, дзе мы ўтрох: Толік Сыс, Едрусь Акулін і я — нахілілі жалезную бочку і выліваем з яе бетонны раствор у падмурак аднаго з гэтых дамкоў. Дзесьці побач працаваў і Сяржук Сыс. Мы жылі ў актавай зале сярэдняй школы, на якой вісела шыльда ў гонар Станкевіча-Палескага, партыйнага чыноўніка і пісьменніка, які быў родам з Бабчына і, хутчэй за ўсё, дапамагаў пабудаваць гэтую школу. Побач стаяў будынак старой, яшчэ дарэвалюцыйнай школкі з чырвонае цэглы, у якім месціўся вучнёўскі інтэрнат. Натуральна, мы тады не ведалі, што тут, у педтэхнікуме, вучыўся прэм’ер Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі, сталінскі вязень, літаратар і гісторык Яўген Калубовіч, якога разам з іншымі хлапчукамі-студэнтамі арыштавалі яшчэ напачатку 30-ых гадоў за антысавецкую беларускую дзейнасць. Таксама мы не ведалі, што адсюль родам паэт Мікола Мятліцкі, які ў гэты час у Менску пачынаў масціць сваю літаратурную кар’еру. А вось з ягоным стрыечным братам, як потым аказалася, мы пазнаёміліся аднойчы ўвечары, калі Сяржук, Едрусь і я сядзелі каля цяпельца разам з бабчынскімі дзяўчатамі і гаманілі пра штосьці. І раптам узнік гэты стрыечнік Мятліцкага Міколы, які абурыўся такой ідылічнай карцінай: як так — чужыя хлопцы і тутэйшыя дзяўчаты! У выніку ён раскідаў нашае цяпельца, схапіў за руку і звёў адну з дзяўчат, за што літаральна праз некалькі хвілінаў быў дагнаны і крыху павалтужаны. Запомніў ён, як самага прыкметнага, Сержука Сыса, і хутка разгарэлася супрацьстаянне паміж мясцовымі хлопцамі і будатрадаўцамі. Быў набег тутэйшых на наш лагер у школе. Шукалі Сержука. І, каб прыхаваць яго, палова будатарада, у тым ліку і Анатоль Сыс, і Едрусь, і я, і, натуральна, сам Сяржук, калі паехалі мыцца ў Хойніцкую лазню, заадно і пастрыгліся налыса…

І яшчэ згадваецца: ва ўніверсітэце мы ходзім разам ва ўніверсітэцкі гурток на Ярцаўскую «Крынічку». І вось там я ўпершыню чую гэты верш, які распачынае Сержукоў зборнік вершаў:

У горадзе шэрым,
квадратна-кубічным,
усцяж паралельным
і скрозь сіметрычным,
дзе сціплае сонца
з-за гмахаў звісае
і промні, што дзіды,
туман прабіваюць,
дзе коміны неба
паранілі дымам,
дзе пахне мазутам,
іржой і бензінам,
скрозь панцыр асфальту,
праз тоўшчу бетону,
прабіўся да сонца
парастак
клёна.

Віктар Ярац хваліць і падтрымлівае Сержука: пішы далей. Толік Сыс крытыкуе. Ад тога дабіцца пахвалы амаль немагчыма. А верш, між іншым, атрымаўся праграмным. Таму, мабыць, і змясціў Сяржук Сыс яго ў сваю «Стрэмку». Гэта ж мы — тыя самыя парасткі клёну, прабіліся ў чужым горадзе. У зрусіфікаваным і наскрозь савецкім тагачасным Гомелі. А ці моцна ён змяніўся з тых часоў? Горад, ані Гомель, ані Менск затым, так і не стаў для Сержука чымсьці прымальным, камфортным і ўтульным. І чым даўжэй ён жыў у горадзе, тым больш разумеў гэта: «Са мной, нібыта стрэмка пад скураю, падарожнічаў Смутак… Мой светлы Смутак па маёй вечнай Радзіме»…

На першым курсе мы патрапілі на фальклорную практыку ў Жыткавіцкі раён. Пасля яе я вельмі палюбіў беларускую народную песню. Праз нейкі час, пазычыўшы на кафедры пераносны стужкавы магнітафон, паехаў у вёску да маёй бабулі па маці Соні (Сафіі) у вёску Будніцкі Двор Нараўлянскага раёна. Са мною за кампанію паехаў Сяржук Сыс.

Бабуля, ад якой я перад гэтым не чуў аніводнай песні, напачатку ніякавела і саромелася, а потым нечакана распяялася. На песні ў яе была вельмі добрая памяць, і яна спявала нам з невялікімі перапынкамі два дні. Прыходзіла да яе баба Аляксандра, яе родная сястра, і таксама дапамагла ёй узгадаць яшчэ некалькі песень.

Мы вярталіся з гэтага незвычайнага канцэрта, зладжанага толькі для нас дваіх, уражаныя і ўзвышаныя ад таго, што дакрануліся да залатога беларускага слова, адшліфаванага вякамі, да старажытных славянскіх і праславянскіх яшчэ мелодыяў, водгукі і напевы якіх я буду пазней лавіць у розных кропках славянскага свету. Мяркую, што рытмы гэтых песень, спрадвечны беларускі светапогляд не мог не адбіцца на вершах майго сябра Сержука Сыса.

Не было чалавека на той час, з кім бы мне было так проста і лёгка, як з Сержуком. Я таксама моцна сябраваў з Едрусем Акуліным, але Едрусь заўсёды захоўваў сваю адметнасць. Ён заўсёды быў іншым. А вось з Сержуком мне часам здавалася, што мы аднолькавыя. Хаця знешне мы жылі розным жыццём. Я багата чытаў, самаадукоўваўся, словам, найперш быў «кніжным» хлопцам, і толькі затым, на другім месцы, былі для мяне розныя радасці жыцця. Для Сержука кніжка таксама не была чужою, рэгулярна і ён трымаў яе ў руках, але ягоная фантастычная жыццёвая энергія, радасная неўтаймаваная халерычнасць выклікала бясконцы ланцуг розных гісторый і падзеяў, у большасці сваёй захапляльных і бессэнсоўных. Я ў жыцці не бачыў такога чалавека, які гэтак спяшаўся жыць. Эмоцыі і пачуцці часта кіравалі ягонымі ўчынкамі. У тыя часы ён заўсёды быў закаханым, і часта прадметам яго абагаўлення была не адна пасія, а некалькі, і не было аніводнае хвіліны, каб месца ў ягоным сэрцы, якое займала зямная муза, было пустым.

Пазрываныя з неба ружы,
Адшуканыя ў полі зоры
І амаль звар’яцелае сонца,
Быццам дар пакладу ля ног.
Разарвуцца сталёвыя «нельга»,
Сутыкнуцца дрыготкія пальцы
І амаль звар’яцелае сонца
Спаліць ветах нашых трывог…

Хоць верш і напісаны, відаць, пазней, але вось гэтае «звар’яцелае сонца» я часта бачыў у Сержуковых вачах, урэшце, адна з гісторый кахання прывяла яго да ўтрапення, калі ў інтэрнаце Гомельскага ўніверсітэта голымі рукамі ён, плачучы ад унутраных пакутаў, разбіў ушчэнт некалькі вялікіх калідорных шыбаў…

І няўмольная проза жыцця ў выглядзе дэкана змусіла яго прыпыніць вучобу і ўвесну 1981 года сыйсці ў войска.

Служыў Сяржук кіламетраў за 30 ад Ленінграда. Улетку 1981-га, калі мы паехалі ў свой чарговы будатрад на Пскоўшчыну, я, папярэдне напісаўшы яму, на выходныя сеў у цягнік і паехаў да Сержука на сустрэчу. Вядома ж, заадно хацелася паглядзець і Ленінград. У торбе ў мяне была цывільная вопратка. Я прыехаў у вайсковую частку, сустрэўся з Сержуком, ён пераапрануўся, мы пралезлі ў дзірку ў калючай агароджы і падаліся ў Ленінград. Хадзілі па ўзбярэжжы Нявы, былі каля Зімняга палаца, бегалі яшчэ багата дзе, елі лёды, размаўлялі, былі шчаслівымі. Увечары мы вярнуліся ў вайсковую частку, і ўначы я паехаў назад на Пскоўшчыну. Як пісаў пазней мне Сяржук, на такія самаволкі і стараслужачыя не адважваліся, бо кара за іх была суровая. А ён на той час толькі тры месяцы адслужыў!

З войска Сяржук прыйшоў падужэўшы, таму працаваў грузчыкам на цукерачнай фабрыцы «Спартак», пераносіў мяхі з цукрам і какававым зернем, з павагаю распавядаў пра сваіх калегаў, някідкіх з выгляду мужычкоў, якія за змену маглі перакідаць некалькі дзясяткаў тон цукру ў 50-ці кілаграмовых мяхах, а потым яшчэ шахнуць «маліноўскага» сямідзесяціградуснай апельсінавай эсенцыі.

…Ён адразу без агаворак успрыняў беларускую ідэю, якой тады пасля наладжвання кантактаў з менскімі адраджэнцамі, я быў проста апантаны. Ён прагна слухаў мае гарачыя маналогі па гісторыі і культуры Беларусі, чытаў беларускі самвыдат, перайшоў у большасці сваіх кантактаў на беларускую мову. І ён працягваў быць гэткім жа закаханым, якім быў да войска, працягваў улазіць у нейкія неверагодныя гісторыі і працягваў пісаць вершы.

Ніводзін з беларускіх паэтаў не прысвяціў столькі вершаў Гомелю, як Сяржук Сыс. Ён урэшце звыкнецца з гэтым паўмільённым горадам і стане яго паэтычным голасам…

Сталася так, што Сержукова беганіна за дзяўчатамі прыпынілася, прынамсі, пасля таго, як ён сустрэў у нашым інтэнаце Валю і раззнаёміўся з ёй. Валя вучылася на рускай філалогіі на пару курсаў ніжэй за мяне, была родам з Чачэршчыны, з сям’і кіраўніка калгаса. Шатэнка з сінімі, як васількі, вачыма і прывабліваю ўсмешкаю, радзіміцкіх крывей, танклявая Валя глядзелася эфектна і была разумнаю дзяўчынаю. У нашай кампаніі яна хутка вярнулася да беларускай мовы.

Гэтых сінявокіх і шэравокіх радзіміцкіх дзяўчат з Прысожжа, урэшце, як і хлапцоў, можна лёгка навучыцца пазнаваць, калі пабываць у іх мястэчках, гарадках і вёсках ды прыглядзецца да іх. Згадайце хаця б Аляксея Пысіна, Алеся Пісьмянкова, Едруся Акуліна. І тут, у бабруйскай калоніі, я іх пазнаю адразу і па характары і па абліччы.

Дык вось, Сяржук гэтым разам закахаўся не на жарт і пачаў настойліва ўлягаць за Валяю. На вясну 1984-га ў іх прыпаў перыяд жаніхоўства. Гэта была незабыўная вясна, бо ў гэты самы час я быў згубіўшы галаву ад маёй будучай жонкі Наталлі. Яна ў 1983 годзе паступіла на гістарычнае аддзяленне нашага факультэта. Мы ўчатырох часта разам бавілі свой вольны час. І гэта былі цудоўныя дні, якія ўжо ніколі, ніколі не паўторацца…

Распавяду пра адну паездку ў вёску Дварэц, якая стаіць паміж Рэчыцай і Лоевам. Мы выправіліся да роднай бабулі Сержука. З Дварца родам, як аказалася, была і маці Наталлі. У Дварэц і Сяржук з Заспы, і Наталля з Лоева прыязджалі малымі да сваіх бабуляў і дзядоў, але адзін аднаго калі і сустракалі, дык усё адно не памяталі. Быў травень, мы распалілі падалей ад хаты агеньчык і смажылі, як у дзяцінстве, на ражончыках сала. Стаяла цёплая зорная і чорная адначасова ноч. Хорам спявалі салаўі. Іх было некалькі, і іхныя сакавітыя спевы далёка разносіліся па вялізнай дняпроўскай лагчыне. Сержукова бабуля вохкала, не ведаючы, як нас укласці на двух ложках, якія стаялі ў чыстай хаце. Урэшце мы паклаліся з Сержуком, а Наталля з Валяю. Бабуля з першай хаты чуйна прыслухоўвалася, каб не зрабілася якой бяды. А мы і не думалі пра што іншае. Нам і так было ўтульна і весела…

…Няпроста пісаць у такіх умовах, у якіх я цяпер знаходжуся, пра тыя шчаслівыя і бесклапотныя часы. Няпроста не толькі псіхалагічна, бо вялікай фрустрацыі ад свайго перабывання ў лагеры я не адчуваю, толькі розныя падзеі і падзейкі, якія здараюцца тут ледзь не штодня, збіваюць мяне з настальгічнага і рамантычнага настрою. Можна параўнаць мой цяперашні стан жыцця з колішнім палётам на вялізным аэробусе праз акіян. Мы ляцелі на вышыні бліжэй да 13-ці кіламетраў. І наш вялікі і цяжкі самалёт трэсла, як ліпку на ветры. Мы ўсю дарогу сядзелі прышпіленыя рамянямі бяспекі, і нам усю дарогу падлівалі шампанскае, не шкадуючы. Вось такая ж турбуленцыя віхурыць зараз вакол мяне. Але ж цягам усяго жыцця нешта замінала мне цалкам аддавацца пісанню. А можа, гэта і я сам дапамагаю майму лёсу адштурхнуцца ад супакою і цішы пісьмовага стала? Можа, гэта мая няўрымслівая натура ўвесь час цягне мяне ў пошуку свайго адметнага шляху, які і ёсць сапраўды мне наканаваннем. Хто ведае, мо і так…

Улетку 1984-га Сяржук з Валяй узялі шлюб. Вяселле гулялі на Чачэршчыне, у Валіных бацькоў. Я на тым вяселлі быў за шафера ў Сержука і ставіў свой подпіс у загсе аб іхнім шлюбе. Бедныя і неўладкаваныя яшчэ ў жыцці, што мы маглі даць нашым каханым? Адное — абяцанкі-цацанкі, расплывістыя перспектывы ды шчырае, палкае каханне.

Затым я паступіў у аспірантуру ў Менск і адтуль быў забраны на паўтара гады ў войска. Перапісваліся мы неяк мала. Значна больш ліставаўся з Едрусем. Але, ведаючы характар Сержука, я не здзівіўся, калі ў гэты час ён скончыў дзеля чагосьці гандлёвы тэхнікум, працаваў на тым самым «Спартаку», ездзіў, як ён сам пазней распавядаў, у Рагачоў на малочна-кансервавы завод па радыяцыйнае згушчонае малако і завочна аднавіўся ва ўніверсітэце. Затым Валю размеркавалі настаўніцай у Жлобінскі раён, у вёску. Сяржук паехаў туды разам з ёй і выкладаў у школе беларускую мову і літаратуру. Пасля нашага вяселля з Наталляй у 1987 годзе мы прыязджалі да іх у госці, жылі ў іх, можа, з тыдзень. Зранку Сяржук і Валя сыходзілі на працу ў школу, што ж — сельскія настаўнікі! А мы з Наталляю высыпаліся ў іх невялікай кватэрцы. Затым я пісаў сваю кандыдацкую працу, а Наталля чытала кнігі. Пасля абеду мы хадзілі ўсе разам гуляць па наваколлі, у хваёвы бор, які пачынаўся за вёскай, на недалёкую чыгунку; удалечыні, за Бярэзінай былі бачныя высокія коміны светлагорскага хімзавода. Мы шмат размаўлялі пра надыходзячыя змены, бо тады, у другой палове 80-ых, Мінск пачынаў ужо віраваць, актыўнічалі беларускаарыентаваныя моладзевыя дэмакратычныя ініцыятывы, разгортвалася праца Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», прэзідэнтам якога абралі мяне. Мы размаўлялі і пра беларушчыну, і пра літаратуру, потым Сяржук паказваў свае грады непадалёк ад дома, зарослыя, як ён пераконваў, смачным і карысным тапінамбурам. А ўвечары мы зноў гаварылі, гаварылі і гаварылі.

Праз нейкі час Сяржук пайшоў працаваць у Жлобінскую раённую газету і атрымаў у Жлобіне кватэру. Ён вучыўся на завочным і працаваў на вельмі няўдзячнай для творчага чалавека працы раённага журналіста. Усе, пэўна, бачылі нашыя беларускія раёнкі. Гэта казённы стыль і казённая душа, пародыя на газету, дзе на першым месцы надоі, жніво, сяўба і перадавікі з ударнікамі разам. Месца для творчасці там няма, а газетныя штампы і газетнае мысленне загубілі не аднаго празаіка і паэта. Усе памятаюць, у што ператварыўся «ЛіМ», калі ў крэсла галоўнага рэдактара туды прыйшоў яшчэ адзін гадаванец гомельскага ўніверсітэта Анатоль Казлоў, бо ён сфармаваўся ў раённай газетцы і хоць затым, здаецца, атрымаў рэдактарскую школу літаратурнага выдання, працуючы ў «Маладосці», — але ж не, вяртанне ў газету вярнула і ўсе напрацаваныя раней хібы і штампы. Тым не менш, газетнай працы Сяржук Сыс не баяўся. Трэба сказаць, што нашыя кантакты тады паслабелі. Жыццё неяк запрэгла нас у розныя вазы, паставіла ў аглоблі і ўсунула ў хамуты. Я высільваўся ў музеі Максіма Багдановіча, дырэктарам якога я стаў і які, кроў з носу, трэба было адчыніць да 100-й гадавіны паэта, а яшчэ ж грамадская праца, якая забірала ўвесь астатні час. А Сяржук праз пару гадоў перабраўся ў абласную газету «Гомельская праўда».

Няпростае жыццё творчага чалавека ў правінцыі. А Гомель, на жаль, так і не стаў самадастатковым культурным цэнтрам. Менск высмоктвае ўсё творчае і цікавае, як пыласос, і толькі Горадня ў змозе супрацьстаяць яму. Калі ж няма дастатковага кола аднадумцаў і разнастайных творчых кантактаў, людзей, якія натхняюць твае творчыя пошукі і падштурхоўваюць тваё творчае «я», можа наступіць крызіс. Відавочна, як у час жыцця ў Гомелі, у вершах Сержука Сыса прабіваюцца ноткі песімізму, боязі «ўгрузнуць у балота», адчуванне незадаволенасці і марнасці свайго жыцця. Аднастайнасць правінцыйнага жыцця ператвараецца ў сапраўдны экзамен:

Мясцовы час…
Няспешны плёскат Сожа,
Спагада позіркаў, што ловіш
незнарок,
На скрыжаванні выцвілы «ларок»,
язмін ды бэз за кожнай агароджай.
Жанчына размаўляе з галубамі,
«Пятра і Паўла» ціхі перазвон,
Пах ежы з незачыненых акон…
Мясцовы час,
Ці вытрымаць экзамен?
Мясовы час…
Ці я ўжо не мясцовы,
Па свеце натаптаўшыся як след?..

Пры пераездзе ў Гомель Сержуку Сысу, можна сказаць, моцна пашанцавала на той час, бо ў «Гомельскай праўдзе» працаваў Барыс Пятровіч, які і стаў для Сержука тым інтэлектуальным апірышчам, які не даў яму апусціць творчыя крылы, патануць у дрыгве будзённасці і побыту…

Вось так у розных клопатах і справах праляцелі пятнаццаць наступных гадоў. Сустрэчы нашыя былі цёплыя, але рэдкія. Ці я быў у Гомелі і заходзіў да яго ў госці, ці ён з’яўляўся наездамі ў Менск і прыходзіў да нас.

…Гадоў восем таму выбраліся мы ў вандроўку ў Чарнобыльскую зону, у той самы Бабчын, дзе колісь мы працавалі ў будатрадзе. Паехалі ў адной машыне: Барыс Пятровіч, Сяргей Дубавец, Едрусь Акулін, я і былы аднагрупнік Барыса па журфаку. А па дарозе заехалі ў Вялікія Нямкі, вёску на Веткаўшчыне на беразе Бесядзі, адкуль родам Едрусь. Спыніліся там у ягонай хаце. Хлопцы паплылі на чаўне лавіць у Бесядзі рыбу, а мы з Едрусем засталіся. І вось апоўначы ў хату ўваліўся Сяржук Сыс, якому затэлефанавалі ў Гомель і папрасілі далучыцца на ноч да нашай кампаніі. Сяржук тады працаваў у нейкім рэкламным аддзеле, дзень правёў на выставе, і яго прывёз на машыне швагер. Мы выпілі і доўга гаманілі пра творчасць, літаратуру і пра тое, куды коціцца гэты свет.

Так я даведаўся, што Сяржук разводзіцца з Валяю. Сумеснае жыццё трэснула, і як склеіць яго, ні ён, ні яна не давалі рады. Кожнае каханне, як і кожнае чалавечае жыццё, індывідуальнае, і яно мае свой век. І часам людзі паміраюць у каханні, а часам памірае каханне, а людзі жывуць…

У траўні 2005 года памёр наш сябра, геніяльны паэт Анатоль Сыс. Хтосьці можа засумнявацца, ці можна вось так запраста нашага равесніка, чалавека з далёка неідэальнымі паводзінамі называць геніем? Я ўпэўнены, што можна. Бо хто ж, як не ён, у 80-90-ыя гады ХХ стагоддзя праз паэтычнае слова выявіў духоўную і нацыянальную сутнасць беларускага народу? Ён, як той Янка Купала напачатку ХХ стагоддзя, думаў за ўсіх беларусаў, здолеў акумуляваць усю горыч і ўвесь боль беларусаў, усе паразы і перамогі беларускага духу, усе надзеі і спадзяванні на лепшую будучыню…

На пахаванні Анатоля Сыса я не быў, у той час мяне не было ў Беларусі. На сорак дзён у чэрвені 2005 года мы выехалі з Менска на мікрааўтобусе ў Гарошкаў, на ра­дзіму паэта. Перад ад’ездам Кася Камоцкая выперла з аўтобуса двух п’яных хлапцоў, былых знаёмых Сыса, якія гучна вохкалі і прычыталі за Толіка і збіраліся ехаць разам з намі. Астатнія ж пасажыры былі збольшага знаёмыя паміж сабой. Разам з намі ехала і Галя Дубянецкая, паэтка, мая даўняя знаёмая, з якой разам мы некалі вучыліся ў аспірантуры Інстытута літаратуры Акадэміі Навук. Галя, мілая, сціплая, усмешлівая дачка Міхала Дубянецкага, беларускага дзеяча, аднаго з інтэлектуалаў і заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронта. Бог даў ёй ціхі, вытанчаны, высокаінтэлектуальны талент. Выхаваная ў рэчышчы еўрапейскай літаратуры, яна сваім паэтычным голасам нагадвае мне расійскую паэтку Марыну Цвятаеву, вельмі, вельмі няпростую для ўспрымання шараговага чытача. Паэзія такога кшталту, элітарная паэзія, зразумелая далёка не ўсім. Яе тэксты насычаныя тонкімі асацыяцыямі, падтэкстам, заглыбленасцю ў свой свет, у выбудаваную ўнікальную сістэму каардынат.

І вось мы прыехалі ў Гарошкаў, дзе нас сустрэлі гасцінныя сёстры Анатоля. На сядзібу Анатоля Сыса з’ехаліся таксама і былыя сябры, і прыхільнікі таленту паэта з Гомеля, Рэчыцы, Светлагорска. Прыехаў з Гомеля і Сяржук Сыс. Мы мелі крыху часу і пад’ехалі з ім у суседнюю Заспу, да ягонай маці, выйшлі паглядзець на Дняпро, трохі паразмаўлялі. Сяржук сказаў, што жыве цяпер у Гомелі сам, здымае жытло. Затым мы вярнуліся, наведалі могілкі і, пасля памінальнага стала і выступаў паэтаў і бардаў, пайшлі на ўлюбёнае месца Анатоля Сыса — Гарошкаўскае гарадзішча. І там ужо Сяржук Сыс і Галя Дубянецкая хадзілі збольшага разам, узяўшыся, як дзеці, за рукі. Аказваецца, яны таксама былі ўжо даўно знаёмыя, бо разам удзельнічалі ў семінары маладых літаратараў у пісьменніцкім Доме творчасці ў Іслачы…

Ніхто асабліва не звяртаў увагі на Галю і Сержука. А яны спусціліся з Гарошкаўскага гарадзішча і пайшлі да адступіўшага ўдалеч пасля меліярацыі Дняпра. Было цёпла, ярка свяціла сонца. Ужо быў час ад’язджаць нам у зваротную дарогу. Я набраў нумар сотавага тэлефона Сержука і папярэдзіў, што мы мусім неўзабаве вяртацца, таму добра было б, каб ён прывёў Галю назад. Іхнія фігуркі былі ўжо маленькія, у адказ Сяржук памахаў мне рукой, а па тэлефоне сказаў, каб мы ехалі без Галі, бо яна застаецца з ім. Праз 4 месяцы яны ўзялі шлюб. Вось так Анатоль Сыс і памяць пра яго злучыла ў яшчэ адну сямейную пару паэта і паэтку.

Дагадзіў жа ты мне, Анатоль,
Дагадзіў…
Хоць тваімі шляхамі
амаль не хадзіў —
я начамі тваімі
не ведаў начэй,
прама ў вочы глядзеў,
ды не бачыў вачэй.
Не двайнік твой, не брат
І не зменлівы цень, —
Толькі сэрца маё
Апаліў твой «агмень»,
Я відушчым,
Як фенікс з нябыту ўваскрэс
Ды пайшоў за табою
ў бурштынавы лес.
А ты ведаеш, што я знайшоў,
Анатоль?

Галя Дубянецкая вярнулася ў Менск толькі праз год, а яшчэ праз некалькі месяцаў, развітаўшыся з працаю, да яе пераехаў жыць Сяржук Сыс. Іронія лёсу, што ў царкоўным шлюбе Сыса і Галі Дубянецкай я зноў быў ягоным дружкаю, і стаў хросным бацькам і іхняй дачкі Стасі. Сёлета Стася ідзе ў школку. Яна піша мне друкаванымі літарамі пажаданні ў паштоўках, каб я хутчэй выйшаў на волю…

Пераезд у Менск даў творчасці Сержука Сыса новы якасны штуршок. Менскае творчае асяроддзе, знаёмства з новымі людзьмі, актыўная праца, знаходжанне ў гушчыні культурных і грамадскіх падзеяў дабратворна паўплывалі на ягоную паэзію. Узнікае такое адчуванне, што ў паэта Сержука Сыса з’явілася другое дыханне. Гэта сталася магчымым найперш дзякуючы ягонаму ўменню не спыняцца ў развіцці, а расці далей, шырэй і глыбей. Чытаючы «Стрэмку», не губляеш цікавасці да паэта, да ягонай думкі і ягоных вершаў, хочацца чытаць кніжку далей і далей. Сяржук Сыс здолеў перадаць праз сцігмы вершаў нярвовае трапятанне сваёй душы. Жыццё, думкі, пачуцці, каханне і горыч адстойваюцца, набіраюць водар і ператвараюцца ў гаркавае, ці салодкае, ці сухое каштоўнае віно вершаў.

…Няма прарокаў у сваёй Айчыне, пакуль што няма, нядоўгі час яшчэ няма. Яшчэ крыху, яшчэ трохі…

Жнівень 2012 года, Бабруйская калонія

lit-bel.org