Нядаўна пабачыла свет доўгачаканая дэбютная кніга прозы Сяргея Верацілы — адметнага пісьменніка і неардынарнай асобы. Паэт Сяргей Сыс у эксклюзіўнай гутарцы са спадаром Верацілам дазнаўся, чаму першая кніга выйшла толькі цяпер, у чым сакрэт яе назвы і якім будзе наступны зборнік арыгінальнага творцы.
Першая празаічная кніга Сяргея Верацілы “Разбітае сэрца Вітаўта” выйшла ў “падлеткавай” серыі “Маладзік” (Мінск, “Мастацкая літаратура”, 2013). Яе тэксты здзіўляюць глыбокім псіхааналізам нават больш пераборлівых і сталых чытачоў. Жанрава кніга складаецца з мініяцюр, казак, легенды і апавяданняў, тэматычна – гэта вялікая суцэльная паэма кахання…
«Сяргей Вераціла сваёй прозай працягвае традыцыі, закладзеныя Кузьмой Чорным, Міхасём Стральцовым, Алесем Жуком. Тонкі лірызм твораў спалучаецца з глыбокім псіхалагічным аналізам, а характар герояў раскрываецца на фоне будзёных сітуацый, якім пісьменнік надае рамантычную афарбоўку…», – паведамляецца ў анатацыі да кнігі.
Магчыма, і так. Толькі маё меркаванне іншае: Сяргей Вераціла крочыць у літаратуру ўласнай пакручастай сцяжынай, і менавіта на гэтым складаным шляху творцу чакаюць цікавыя знаходкі ды адкрыцці. Такой знаходкай мне падаецца створаны аўтарам цікавы псіхалагічны тып, увасоблены ў галоўным героі апавядання “Сержык”.
“Нам дазволена дакрануцца да прыгажосці. Але нам ніхто і не абяцаў, што гэта не будзе балюча”, – рэзюмуе галоўны герой апавядання “Залаты пясок”. Сапраўды, паглыбляючыся ў чытво, адчуваеш, як робіцца часам шчымліва-балюча. Але хай пра кнігу распавядзе сам аўтар…
– Спадар Сяржук! Апошнім часам сярод тутэйшых пісьменнікаў пашыраецца тэндэнцыя выдаваць свае першыя кнігі ў даволі сталым узросце. Вось і ты, адгуляўшы паўвекавы юбілей, спарадзіў сваё “літаратурнае дзіцятка”. Не запозна?
– Яшчэ ў часы “Тутэйшых” многія сябры гэтага культавага аб’яднання кінуліся-рынуліся выдаваць свае першыя кніжкі. Я ж не стаў гэтага рабіць, можа, дурны быў, можа, пабойваўся, што мая кніга будзе толькі адной з многіх. Станавіцца ў шэрагі разам з іншымі я не хацеў. А потым жыццё склалася неяк так, што зрабілася не да кнігавыдавання, дзяржава перастала клапаціцца пра пісьменнікаў і ашчаджаць сродкі на мастацкую літаратуру на беларускай мове. А ў прыватнікаў выдавацца – дык трэба мець свае грошы, альбо шукаць спонсара. І вось жа выдавецтва “Мастацкая літаратура” прапанавала ў дзіцячай серыі (смяецца) выдаць мае апавяданні. Атрымалася такім чынам, што паэт дэбютуе кнігай прозы. Але гэта не бяда. Максім Багдановіч дэбютаваў таксама апавяданнем. Ягоная першая публікацыя была менавіта празаічнаю… Я скарыстаўся прапанаванай магчымасцю, тым больш, што цудоўны мастак Валодзя Лукашык зрабіў вельмі густоўнае, фацэтнае афармленне: унутраны тэкст кнігі “супаў” з ягоным мастацкім поглядам на кніжнае аздабленне. Праўда, з назвы маёй смяюцца многія людзі, каторыя…
– А што за назва?
– “Разбітае сэрца Вітаўта”. І смяюцца, відаць, параўноўваючы такую назву з модным гуртом “Разбітае сэрца пацана”. А я і не адмаўляю.
– Сам жа ты што хацеў гэтай назвай падкрэсліць, які сэнс закласці ў яе?
– Назву гэтай кнігі дало адно з апавяданняў, змешчаных у кнізе, і поўная, першапачатковая, назва яго гучала: “Разбітае сэрца Вітаўта Чаропкі”. Некалі апавяданне друкавалася ў “ЛіМе”, калі там яшчэ працаваў рэдактарам нябожчык Алесь Пісьмянкоў. Тады ён проста з вялікай сціпласці сваёй, каб не крыўдзіць Чаропку, зняў з загалоўка ягонае прозвішча. Аднак назва ў выніку атрымалася проста манументальная, з прыхаваным глыбінным сэнсам.
– Давай паспрабуем зазірнуць у глыбіні таго сэнсу. Пра што гэтая кніга?
– Дык пра любоў жа… “Разбітае сэрца пацана”… Што тут незразумелага? У гэтай кнізе пацану гэтаму і сем гадоў, і чатырнаццаць, і дваццаць пяць, а часам і за сорак. Але ён усё роўна, колькі б яму ні было, застаецца пацаном. Увогуле, пісаць варта толькі пра любоў, любоў да радзімы, любоў да зямлі, любоў да жанчыны. Толькі любоў вартая мастацкага апісання і толькі яна рухае намі, прымушае нас ствараць. А калі мы пішам не пра любоў, значыць, мы не пішам увогуле. Той, хто сцябаецца ў літаратуры (любіць сцёб) – ён не стваральнік.
– У кнігу ўвайшлі апавяданні, мініяцюры, карацелькі, якія друкаваліся раней, а ці ёсць нешта, як кажуць, “новенькае”?
– Няма такога. Гэтыя рэчы розных даўніх гадоў. Я нават не ўсё ўключыў, што было мною надрукавана раней. Паколькі серыя, у якой выйшла “Разбітае сэрца..”, лічыцца падлеткавай, для пераходнага ўзросту, стараўся падабраць такія тэксты, якія найперш не будуць “рэзаць слых” бацькам, калі яны ўбачаць кнігу ў руках сваіх дзяцей.
– Які перыяд твайго жыцця па часе ахопліваюць творы, уключаныя ў кнігу?
– Так, дай бог памяці… Прозу я пачаў пісаць яшчэ ў 90-тыя гады і пішу, дарэчы, цяпер. Значыць, ад пачатку дзевяностых да дзвюхтысячных… Дакладна…
– Усё-ткі творчыя беларусы цябе ведаюць найбольш як харызматычнага, у нечым нават дэманічнага паэта. Твае нячастыя выступы на публіцы заўжды зрываюць апладысменты сярод слухачоў, выклікаюць пагалоску ў творчым коле. Прозу выдадзеную ты сёння нарэшце маеш, а куды дзелася паэзія?
– Ага, чакаў наконт паэзіі… Па-першае, дзяржаўныя выдавецтвы не надта імкнуцца выдаваць яе, не маюць на гэта грошай. Адваротныя выпадкі – вельмі рэдкая з’ява. Наконт прыватных – я казаў вышэй… спонсараў шукаць трэба, а я ўжо стары чалавек, мне значна лягчэй знайсці чарку, чым капейчыну на кніжку. Нядаўна вось адзін вядомы выдавец у чарговы раз прапанаваў надрукаваць мае вершы. Гэтая прапанова мне ўяўляецца нейкім дзействам, кшталту “застарэлага сватаўства”… Ды можа, калі й выйдзе, такое ў нас зрэдку здараецца.
– Што асабіста табе цяжэй даецца: апавяданне выпісаць ці верш стварыць?
– Зразумела, верш… Мы, беларусы, усё яшчэ ў адрозненне ад гэтак званых заходнееўрапейцаў, вершы пішам у рыфму. Прынамсі, большасць з паэтаў. Мы яшчэ рыфмуем думкі: пачуцці, жарсць, боль; стараемся ўкласці як мага болей у як мага меншы аб’ём. У прозе ж дапушчальна “расцякашэся мыслію па дрэву”, неяк так у “Слове пра паход Ігараў” напісана. Дарэчы, кажуць, у Латвіі цяпер не знойдзеш перакладчыка, які можа пераствараць рыфмаваную беларускую паэзію. Ты і сам неяк казаў, што ў Летуве яшчэ адзін нейкі перакладчык-рыфмар застаўся…
– Раніцай 25 верасня 2011 года ты канчаткова з’ехаў з пісьменніцкіх лецішчаў на Лысай Гары, мясцінаў, дзе добра пісалася, у накірунку сваёй малой радзімы – Ваўкавыску. Як там з творчасцю, над чым цяпер працуеш?
– Нічога кардынальна не змянілася. Заканчваю габляваць пераклады індзейскіх легендаў, пераважна эквадорскіх, паколькі пэўны час жыў у гэтай краіне. Таксама завяршаю аповесць, якая пакуль што не мае назвы. Але жыве яна пад умоўнай назвай “Калядная гісторыя”. Гэта меладараматычны твор, у якім я паспрабаваў паэксперыментаваць, не даўшы ніводнага дыялогу, ніводнай рэплікі, ці думкі ад лірычнага героя. Спрэс ідзе аўтарскі тэкст, але не пра мяне, а пра іншага чалавека, які сапраўды абсалютна не мае да мяне аніякага дачынення. Там, у аповесці, мяне няма. Гэта не я.
– Паслухай, вось жа некаторыя пісьменнікі сцвярджаюць, што выхад новай кнігі – гэта скідванне з плеч даўно намулеўшага грузу і магчымасць вольна крочыць далей. Ці адчуваеш такую палёгку?
– Не! Не. Не. Для мяне гэта хутчэй прыступка да наступнай кнігі. Сапраўды, пэўную чарку бадзёрасці я атрымаў. Я ўсцешаны і гэтай кнігай, і тым, што мае сябры парадаваліся разам са мною. Бачыў шчырую радасць у іх вачах, і вось гэта – галоўная крыніца бадзёрасці для мяне, адчуванне ў сабе сілы сядаць і ствараць далей.
Гутарыў Сяржук Сыс, для lit-bel.org