Эсэ “Край Сысоў” публікавалася замест прадмовы ў кнізе пазіі “Стрэмка”. Упершыню надрукавана ў газеце “Наша Ніва”, 2006
Мая радзіма – мой Смутак. Пакаленні продкаў маіх – на многіх могілках, што раскіданыя над чырвоным глінішчам дняпроўскага абрыву ад Холмеча да самай Заспы, на гэтай спрадвечнай паласе жыцця. Усе яны пахаваныя па-славянску, нагамі на ўсход. А на ўсходзе – Дняпро, частка іх светаўспрымання і лёсу. Некалі адзін з дзядоў, Іван, так і памёр у чаўне, калі шлёгаў з ракі плотак. І прыбіла той човен на водмель ажно пад Лое-вам.
Бацьку майго насіла па рэчыцкай зямлі нямала, а разам з ім маці і чацвёра дзяцей. Такім чынам ён настаўнічаў. Бацькавыя карані ў мястэчку Холмеч, там, дзе некалі быў стары замак і двойчы на год праводзіліся вялікія кірмашы. Маці – з суседняга Дварца. Сам я нарадзіўся ў Пракіселі, а жыць даводзілася і ў тым жа Дварцы, і ў Холмечы, і ў Вулкане, ці на Вулкане, – бачыце, нават такія вёскі сустракаюцца! Тут наогул з назвамі нехта перамудрыў, бо той жа Вулкан знаходзіўся ў недалёкім мінулым недзе паміж Марсам і Венерай. На жаль, венерыян у пяцідзясятых гадах перасялілі ў больш перспектыўную вёску. А марсіяне жывуць і дагэтуль. Нарэшце, большая частка дзіцячых гадоў прайшла ў Заспе.
У шчыльным ланцугу прыбярэжных вёсак цяжка знайсці месца, дзе не жылі б хоць і далёкія, але ж сваякі. Гэта яшчэ, акрамя названых мясцінаў, і Гарошкаў, і Калочын. Дарэчы, паміж Дварцом і Калочынам, літаральна за 100 метраў ад мясцовых могілак, дзе ва ўзросце 96 гадоў знайшла спачын мая бабуля Ганна Садаводава, славутае калочынскае гарадзішча, якое дало назву цэлай археалагічнай культуры. А ў Гарошкаве таксама – гарадзішча, гарошкаўскае. І побач з ім сваякі; а яшчэ зусім нядаўна вяртаўся да роднай хаты наездамі ўлетку цёзка і вялікі Паэт Анатоль Сыс.
Дзмітрый Лінг, прафесар Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Скарыны, таксама зямляк, дарэчы, так пісаў пра тыя старадаўнія гарадзішчы: «…у Рэчыцы і яе наваколлі заўсёды пануе незвычайная аўра, непадуладная зменам на працягу стагоддзяў. Гэта інтуітыўна адчулі самыя старажытныя людзі ў Беларусі, невыпадкова тут побач месціцца гарадзішча зарубінецкай і мілаградскай культур, дзе да гэтага часу можна знайсці чарапкі, маністы, крамянёвыя наканечнікі стрэлаў». Трапляліся ў маленстве такія рэчы і мне, а некаторыя і дагэтуль засталіся са мною.
Неяк на Вялікдзень выдалася нагода праехацца з сяб-руком Валерам па дняпроўскім правабярэжжы – вёсках Холмеч, Дварэц, Калочын, Велін, Левашы, Луначарск (Брагідоў), Красны Мост, Заспа, Гарошкаў. Месцамі памяць не захавала дакладных арыенціраў, але адшукаць хаты сваякоў, часам, дапамагалі тамтэйшыя жыхары. Валера тады жартаваў: з такой, маўляў, раднёй можна жыць ды радавацца (вядома ж, Вялікдзень: і пачастуюць, і нальюць, і з сабой дадуць). У Дварцы над стромаю старога раўчука, парослага вольхай і ляшчынай, урастае ў мурог, дажываючы свой век, асірацелая хаціна бабулі Ганны. Зайшлі на двор, а яго – двара – няма. Усё захапілі ў шчыльны палон маладыя парасткі асінак і бяроз; рыхтык сапраўдныя нетры, ледзьве прадзерліся да дзвярэй. Спыніўся тады пасярод гэтага маладога і нахабнага падлеска, прыгадваючы, як садзіў тут, на схіле рова, год трыццаць з нечым таму кусцік бэзу. Цяжка паддавалася ямка, бо рыдлёўка не магла адразу прабіцца праз пласт ракавак таўшчынёй з локаць. Бабуля растлумачыла, што сюды, за плот, штодня дзясяткамі гадоў скідвалі скражкі ад рачных бяззубак. Іх збіралі ў рацэ дзеці, каб мясам з ракавак карміць качак і свіней.
А на сэрцы, нягледзячы на святы дзень Хрыстовага ўваскрасення, было шчымліва. Са мною, нібыта стрэмка пад скурай, падарожнічаў Смутак. І куды ад яго па-дзецца… Лягчэй, напэўна, быць чалавекам без каранёў, істотаю наднацыянальнай, Ноmо звычайным, чым вось так, праз душэўны боль, адчуваць у сабе цыкуту гэтага неўміручага Смутку.
А ў маленстве ж такога пачуцця не было. Падлеткам, калі ці не кожны цёплы вечар на колы ровара намотваліся кіламетры знаёмых дарог, радзіма была мне ўсюды: і ў Свірыдавічах, куды дабіраліся ў клуб на танцы, і ў Левашах, і на Маі, дзе нас, заспенскіх хлапцоў, чакалі найпрыгажэйшыя ў свеце дзяўчаты… Анідзе не было адчування, што ты прышлы, што не дома. Ра-дзі-ма! З гадамі, зразумела, пашырыліся далягляды самога паняцця: сталі сваімі, блізкімі, і Гомель, і Менск, – аднак паралельна час неўпрыкмет звузіў геаграфію адчування Смутку. Прыкладна так, як у фокусе павелічальнага шкельца. Гляджу ў яго, бачу – Заспа. Тут жыве маці, тут зусім нядаўна памёр бацька. Гэта вёска, якая ніколі не была асабліва роднай, але не стала і чужой. За дзесяцігоддзі жыцця па-за ёю тут з’явіліся новыя вуліцы, дамы і, вядома, шмат новых людзей. Частка з іх – вымушаныя перасяленцы з вёсак, апаленых чарнобыльскім попелам. Да таго ж акрылела новае пакаленне. Цяпер і павітацца на вуліцы часам няма з кім. Хіба што пад мясцовым магазінам, дзе ўжо апоўдні цмыголяць цыгарэты яшчэ жывыя аднагодкі і сябры дзяцінства. Здараецца калі-нікалі, у тутэйшай дзяўчыны ці хлапца заўважаеш характэрныя, вядомыя ад маленства рысы твару і тады здагадваешся, што яны носяць на сабе адбітак вобразу сваіх бацькоў. І ўспамінаюцца тады мясцовыя роды Куртаў, Цукерак, Ярцаў, Самбрэраў ці Стрыжакоў.
Але ж ізноў пераследуе Смутак. Ад безвыходнасці і непапраўнасці зменаў, ад таго, што замкнёнасць, абмежаванасць інтымнага валодання Радзімай паволі нішчыцца, ад таго, што частка вяскоўцаў бессэнсоўна стаіць дзень у дзень пад мясцовай крамаю…
Ды ўсё ж, на ўсе часы, да самага майго скону застаецца са мною і самае светлае – Дняпро. Барысфэнэс, Славуціч, бацька нашых рэк. Зрэдку наведваючы Зас-пу, не магу не сустрэцца з гэтай адвечнай веліччу. Ад самага маленства вядомыя мне яго старыцы і рукавы, мялізны й перакаты, віры і кручы. Рака – гэта вялізная краіна, у якой ёсць усё: межы, цэнтральныя раёны і правінцыі – Груда, Самоўня, Засабка, Перавал, Евін пясок, Вінчавае возера… А ў жніўні тут чырванеюць чароўныя карункі чыліму – рэліктавага вадзянога арэха, паласавацца якім карціць і дагэтуль. Дзіўная гэтая расліна! Калі спелая калючка адрываецца ад сцябліны-матулькі і ападае на дно, то зусім неабавязкова, што ўвесну яна прарасце. Можа прайсці дзесяць ці наогул пяцьдзясят гадоў да таго моманту, калі над роўняддзю дняпроўскай вады з’явіцца невялічкі зеленаваты карунак, – значыць, сышліся зоркі і прыспеў ягоны час. І дагэтуль грэе пуза на беразе бацькаў човен, а рука і зараз, у нечастыя мае прыезды на радзіму, не стамляецца апускаць вясло ў цьмяныя глыбіні ракі. І вось тады пачынаецца падарожжа ў дзяцінства, у той час, калі межы Радзімы былі тут, а значыць, была і сама Радзіма. Хаця ці магчыма ўвайсці ў адну і тую ж ваду двойчы? Ранейшы бялюткі пляж – пабраўся тванню і брудам. На Галоўцы – такую назву мае востраў пасярод Дняпра – пластыкавыя бутэлькі, бітае шкло, бляшанкі. Калі зрэдчас трапляю сюды і вызначаю месца для стаянкі, каб павудзіць у выходны дзень, спачатку некаторы час прыбіраю смецце, спальваю яго на вогнішчы. Рачныя пралівы і тоні пазарасталі лотаццю і серпарэзнікам, дый рака паволі звужвае свае берагі. Тады ўсё адно ахінае Смутак. Мой светлы Смутак па маёй вечнай Радзіме. Вызваліцца ад яго, відаць, немагчыма, ды і не хачу. Нямецкая пісьменніца Ангеліна Мэхтэль сказала некалі:
«Хто прыдумаў яе сабе,
Гэтую неласкавую краіну,
Радзіму маю».
Я дадам: сваю радзіму і свой светлы Смутак я стварыў сабе сам.