Святло і шчасце кніжніка

  1. Дзядзька Эдзік і пачатак хваробы

Мне з маленства шанцавала на кнігі. Па чарзе, у светлых пакоях некалькіх дамоў, дзе жылі бацькі, пакуль не адбудавалі ўласных цагляных харомаў на Лугавой вуліцы ў вёсцы Заспа, тулілася ў кутку спрадвечная “качэўніца” – драўляная “этажэрка” з чатырма паліцамі, на якой у два шэрагі стаялі кнігі. І хаця чытаць самастойна пачаў недзе ў шэсць гадоў, хатнія кнігі напачатку я проста гартаў, разглядаючы малюнкі ды фотаздымкі. Прынамсі, узгадваюцца вясёлыя малюнкі з чатырохтомніка карыкатурыста Херлуфа Бідструпа.

Тата мой Анатоль Сыс – няспраўджаны лётчык, вытураны за хуліганства з Акцюбінскага лётнага вучылішча ў войска, – і таму шмат кніг у нашай хатняй бібліятэчцы было прысвечана гісторыі авіяцыі, канструктарам і розным тыпам самалётаў. Трапляліся і нудныя мемуары, кшталту “Воспоминаний и размышлений” Георгія Жукава. Узгадваюцца і цікавыя рарытэты: шыкоўна илюстраваныя — “Гасцінная Арктыка” Вільямура Стэфансана, 1935 года выдання, “Грабніца Тутанхамона” Говарда Картэра, 1959 года выдання, “Дзіцячыя гады Багрова-унука” Сяргея Аксакава, здаецца, 1948 года, ды шмат іншага. Першая “хатняя” кніга, прачытаная яшчэ да школы ад “а” да “я” – “Рабінзон Круза” Даніэля Дэфо.

Dzieiaslou-esse-2014
Першая старонка эсэ ў часопісе «Дзеяслоў».

З беларускай літаратуры ў памяці засталіся некалькі імёнаў — томікі Івана Мележа, Івана Шамякіна, “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра, яшчэ была кніжка Міклухі-Маклая, альбо пра яго (менавіта па-беларуску).

Памятаю яшчэ, што вялізарную павагу выклікаў ў мяне “Орфографический словарь русского языка”. Кніга звычайнага, не энцыклапедычнага, памеру налічвала паўтары тысячы старонак і мела прыстойную вагу. У тыя часы слоўнік выкарыстоўваўся не па прамым прызначэнні, а як сховішча разнастайных кветак і лісточкаў, каб, падсушыўшы іх і сціснуўшы пад гнётам ожэгаўскага тома, далей рабіць з іх гербарыі.

Паколькі тыя сотні дзве кніг былі мною даследаваныя досыць хутка, а неспатольная прага нязведанага патрабавала “ежы для мазгоў”, дык неўзабаве паўстала пытанне: што рабіць далей? Нейкі час мне дазвалялася браць кнігі ў настаўніка нямецкай мовы Васіля Дрынеўскага, паважанага чалавека, былога франтавіка, які меў вялікую, на маё тагачаснае разуменне, бібліятэку. Ды здарылася непапраўнае. Аднойчы ўлетку, захапіўшы пазычаную ў Дрынеўскіх кнігу, збег да Дняпра купацца, дзе патрапіў пад лівень. Ратуючыся ад навальніцы ў карчах чырвонай лазы, зусім пра яе забыўся і кніга ўшчэнт разбракла пад дажджом. Было вельмі сорамна, таму да Дрынеўскага больш не пайшоў.

У класе трэцім-чацвёртым у маім жыцці з’явіўся дзядзька Эдзік Ліхач. Ён быў загадчыкам вялікай кніжнай крамы ў нашай вёсцы. Штодзень на працу Эдзік Ліхач дабіраўся з Рэчыцы аўтобусам, а ўвечары вяртаўся дадому ў райцэнтр, парыпваючы драўляным пратэзам на назе. Інтэлігентны аматар ціхай чаркі дзядзька Эдзік сябраваў з гэтае нагоды з маім бацькам, і відаць таму заўжды прытрымліваў для мяне пад прылаўкам нешта з новых “дэфіцытных паступленняў”. “Кучараваму Сярожку” (так ён называў мяне часам) заставалася толькі знайсці грошы, а яны нейкім чынам знаходзіліся. Разам з раўналеткамі збіраў у занядбаным калгасным садзе апалыя яблыкі і здаваў габрэю-нарыхтоўшчыку Доўжыку, шукаў па вясковых вулках ды задворках бязладна параскіданыя п’янтосамі бутэлькі, каштавалі якія па 12 капеек. А яшчэ летам хадзіў з сябрамі працаваць у калгас “на сенакос”, што таксама давала магчымасць зарабіць чырвонец-другі. Вось такім чынам  пачала фармавацца мая ўласная бібліятэка, якую напачатку трымаў пад “ключом”, замыкаючы вялікую шафу ад маладзейшых сясцёр маленькім замочкам. Звычайна ў дзядзькі Эдзіка набываў кнігі пра падарожжы, прыгодніцкія і гістарычныя, фантастыку. “Прыгоды Тома Сойера”, напрыклад. Узгадваюцца яшчэ такія тагачасныя набыткі як “Апавяданні старога паляўнічага” Дзмітрыя Маміна-Сібірака, “Выбраныя навелы” О’Генры, “Айвенга” і “Квентын Дорвард” Вальтэра Скота, “Тэатр” ды “Малы куточак” Уільяма Сомерсэта Моэма, а таксама кнігі з серыі “Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР”.

 

  1. Першыя чытацкія крыўды

Мой першы візіт у школьную бібліятэку прыпаў на 1973 год, калі я перайшоў у чацвёрты клас. Чаму гэта адбылося менавіта ў чацвёртым? А вось чаму. Некалькі пачатковых класаў размяшчаліся ў старым загадкавым і шыкоўным панскім маёнтку над высокай дняпроўскай поймай, прыстасаваным пад школу. Частку былога маёнтка пана Вінчы займаў пад жытло сівы, як лунь, дырэктар Заспенскай школы Васіль Тарасавіч Кулінкін. Бібліятэка ж знаходзілася ў іншым, больш сучасным, двухпавярховым будынку  на цэнтральнай вуліцы Заспы. Там я пачаў вучыцца з чацвертага класа. Дарэчы, свой пачатак Заспенская школа бярэ з прыходскага вучылішча, адчыненага 1 верасня 1866 года.

У новай школе чамусьці пачаліся праблемы. Загадчыца бібліятэкі адразу ж адмовілася выдаваць мне “дарослыя” кнігі, кшталту  Брэта Гарта, Герберта Уэлса, Джэка Лондана, настойліва прапаноўвала перайсці да дзіцячай літаратуры, якая месцілася на асобных паліцах. Памятаю, крыўда была моцная. Толькі праз нейкі час, пасля ўмяшальніцтва майго бацькі, настаўніка матэматыкі гэтай самай школы, мне было дазволена браць кнігі з паліцаў для старэйшых класаў. Але непаразуменні на гэтым не скончыліся: калі я здаваў пасля чытання томікі класікаў, бібліятэкарка не магла паверыць, што яны цалкам прачытаныя, і патрабавала, каб я пераказваў ёй змест. Каўтаючы слёзы, я змушаны быў падпарадкоўвацца, паколькі прага чытання была мацней за ўсё.

Такім чынам адбывалася маё знаёмства з вялікімі зборамі твораў замежных аўтараў: Дыкенса, Уэлса, Купера, Лондана і многіх іншых, якіх зараз, за чарадою гадоў, і не пералічыць, і не прыгадаць.

Шчыра кажучы, першае знаёмства з творамі Джэка Лондана адбылося не зусім звычайна, і не ў школе. Нярэдка пад час летніх канікулаў бацькі на некалькі тыдняў адвозілі мяне пагасцяваць да бабулі, Садаводавай Ганны, у вёску Дварэц, кіламетраў за 15 ад Заспы ў бок Лоева. Бабуля, якая пражыла 96 год, пахаваўшы трох мужоў, не ведала граматы, магла лічыць толькі грошы. Таму ейная старадаўняя хаціна, якая стаяла на высокай гары, парослай ляшчыннікам, была небагатая на кніжкі. Тут мне трапіла на вочы адна-адзінюткая зашмальцаваная кніга без вокладкі, без пачатку і канца. Чытаў я яе з захапленнем, пачынаючы з любой старонкі, ня ведаючы ні назвы твора, ні яго аўтара. Толькі ў школе, калі ўзяўся перачытаць “ўсяго” Лондана, зразумеў, што кніжка тая – раман, які аўтар чамусьці назваў апавяданнем, “Джон – Ячменнае зерне”.

Значна пазней, у студэнцтве, да твораў многіх з тых аўтараў я вяртаўся яшчэ неаднойчы.

Яшчэ адна маленькая арабеска. У школьнай кірзавай торбе, памятаю, доўга насіў невялікага фармату кніжачку – даведнік “Вооружение сухопутных сил США”. Багата ілюстраваны, ды яшчэ з грыфам “Сакрэтна!”, даведнік цікавіў ня толькі мяне, але і многіх сябрукоў-аднакласнікаў. А вось куды ён затым падзеўся – прыгадаць цяпер не магу, як не прыгадаю і накірунку знікнення унікальнай і даволі рэдкай трохтомнай манаграфіі “Гісторыі фашызму” ў студэнцкія гады.

 

  1. Святло ў бібліятэчным вакне

Калі мой чытацкі інтарэс вырас  настолькі, што школьная бібліятэка не магла яго болей задаволіць, — прыйшла чарга бібліятэкі вясковай. Яна месцілася на другім паверсе вялізнага, з калонамі і порцікам, Заспенскага Дома культуры. Бібліятэкарка Клаўдзія Саснок добра ведала маіх бацькоў, таму дазваляла мне, шасцікласніку, браць любыя, нават дарослыя, кнігі практычна ў неабмежаванай колькасці.

Аднае ношкі звычайна хапала, асабліва ўвосень і ўзімку, на тыдзень – два. Памятаю, што бібліятэка працавала толькі ўвечары, ды і то  досыць нерэгулярна. Таму часта, з вялікім хваляваннем і надзеяй, я выходзіў надвячоркам з дому ў наш густы фруктовы сад, адкуль можна было ўгледзець такое жаданае святло ў вялікіх вокнах бібліятэкі.

І вось, гарыць, гарыць святло! Бібліятэка працуе. Цяпер толькі паспець! Забягаў хуценька ў хату, хапаў пакунак з кнігамі ды подбежкі ляцеў да клуба. Спыніўшыся на другім паверсе, пераводзіў дых, і, трымаючы марку, заходзіў у кніжны храм. Вось дзе душа мая расцякалася па паліцах, вось дзе быў я найшчаслівым на той час чалавекам на зямлі.

…Аднойчы маці паведаміла, што днямі размаўляла з бібліятэкаркай, якая запрасіла мяне (падлетка!) ў бліжэйшы выходны прыйсці ў клуб, прыхапіўшы мех: аказваецца, нядаўна шмат кніг было спісана і яны вялікай гурбай былі скінутыя на гарышчы клуба. Некалькі дзён, якія заставаліся да суботы, я пражыў, нібыта ў сне.

Нарэшце ўзбіраюся па хісткай лесвіцы на змрочнае незнаёмнае гарышча. Вось яны, кнігі! Хацелася браць адразу ўсё, што бачылі вочы, нягледзячы на адарваныя вокладкі ды пашкуматаныя старонкі. Урэшце мяшок напоўніўся даверху. Толькі тады стала зразумела, што ўзваліць мех на падлеткавыя плечы проста немагчыма… Прыйшлося нешта пакідаць. Хіба што трэцяя частка выбранага ў той дзень патрапіла ў маю ўласную бібліятэку. Адзначу толькі адзін з многіх каштоўных набыткаў таго слаўнага паходу – маскоўскае выданне “Легендаў і міфаў Старажытнай Грэцыі” Мікалая Куна.

Хваравітая прага чытання аднойчы прывяла да таго, што ў пошуках цікавага чытва я неяк улетку дабраўся да суседняй вёскі Свірыдавічы, за 10 кіламетраў ад Заспы. Добра такі дапамагаў мне ў тых падарожжах ровар.

У тамтэйшай бібліятэцы напачатку вытрашчылі на мяне вочы, але нейкім чынам я пераканаў бібліятэкарку ў сваіх прыстойных намерах, і на маё прозвішча выпісалі чытацкі абанемент, дазволіўшы, праўда, узяць толькі адну кнігу.  Гэта быў раман  аднаго з самых вядомых вугорскіх пісьменнікаў Кальмана Міксата “Парасон святога Пятра”.  Каюся, бібліятэкарка мела рацыю. Я настолькі ўпадабаў гэты раман, што ён і дагэтуль са мной. Знаходзячыся пад уражаннем ад гэтага твора, я нават запісаў некалькі вершаваных радкоў:

Я прачытаў аднойчы ў К. Міксата –  

Што шмат дзяўчат, а з імі шмат бяды

Пакуль растуць прыгожыя дзяўчаты –

Яны растуць для некага заўжды.

 

Варта ўзгадаць, што ў старэйшых класах, калі ўласная бібліятэка налічвала за тры сотні тамоў, мае замкнёныя на ключ “кніжныя фонды” нарэшце адкрыліся для чытачоў. У спецыяльна разлінаваным сшытку я пакідаў адзнакі: каму, калі і якая кніга выдавалася на карыстанне. Сярд чытачоў былі не толькі суседзі-аднагодкі, але і старэйшыя – студэнты інстытутаў ды ўніверсітэтаў, якія з’язджаліся ў Заспу на выходныя або на вакацыі. Ставіліся да мяне з павагаю, як да раўналетка і сапраўднага бібліятэкара.

  1. Сяргей Ясенін і верш па-беларуску

Калі ўзгадваць усё паслядоўна і дакладна, дык гэты аповед будзе няпоўным без згадкі пра яшчэ адну крыніцу чытання – часопісы. Іх у нашым доме была вялікая процьма.

Пачынаючы, мабыць, ад майго 5 класа, некалькі год запар бацькі выпісвалі для мяне часопісы “Юный натураліст”, “Юный техник”, “Филателия СССР”. Але і гэтыя падпіскі былі толькі вяршыняю айсбергу. Звычайна ўлетку, залазячы на гарышча хаты, я ўнурваўся ў часопісныя падшыўкі, якія за нямаведама колькі гадоў добра такі пазарасталі пылам. Вельмі падабаліся стосы часопіса “Техника-Молодежи”. Чытаў, вядома, не ўсё. Найбольш цікавілі тэматычныя серыйныя рубрыкі пра ваенныя самалёты, танкі, караблі. Памятаю, страшэнна захапіўся раздзелам “Анталогія таямнічых здарэнняў”. Урэшце рэшт павыдзіраў з часопісаў усе старонкі з гэтымі публікацыямі і паспрабаваў іх пераплесці ў асобную кнігу. Зразумела, што атрымалася ня вельмі акуратна, але той эксперымент паклаў пачатак майму захапленню пераплётнай справай.

Пазней на маім даляглядзе пачалі з’яўляцца паасобныя нумары часопісаў “Наука и жизнь”, “Огонёк”, “Иностранная литература”.  Відаць, яны былі прынесеныя аднекуль бацькам, які таксама часта нешта пачытваў, калі меў вольны час.

Яшчэ не магу прамінуць добрым успамінам кнігі і часопісы, якія траплялі ў мае рукі ў доме татавай маці –  Кацярыны Уллянаўны. Бабуліна хата хавалася пад шатамі вялізных старадаўніх ліп на Гарадку – так называлі паўднёвую ўскраіну Заспы. Адтуль было вельмі блізка да Дняпра, куды мы выбіраліся амаль штодня купацца, таму летам часта наведваў не па-вясковаму ўтульны і дагледжаны дом бабулі. У памяці зафіксаваліся часопісныя падшыўкі “Молодой Гвардии” і “Смены”, а таксама зялёненькага колеру збор твораў Сяргея Ясеніна ў 5 тамах выдання 1968 года. Менавіта ад вершаў Ясеніна пачалося сапраўднае захапленне паэзіяй. Пад уплывам прачытанага нараджаліся ўласныя нясмелыя радочкі па-расейску. А вось першы верш на роднай беларускай мове быў напісаны толькі праз год, і ў 1975 годзе змешчаны ў газеце “Піянер Беларусі”, якую, дарэчы, я таксама выпісваў у тыя залатыя часы дзяцінства. Спрыяла пісанню на роднай мове настаўніца беларускай літаратуры, збіральніца гісторыі вёскі Заспа Ганна Ігнатаўна Цітавец.

А вось захапленне паэзіяй Сяргея Ясеніна аднойчы вылезла бокам. Настаўніца рускай літаратуры прапанавала ўсяму класу вывучыць на памяць па ўлюбёным вершы паэта. Выклікала на ўроку таксама і мяне. Аднак, заміж таго, каб прадэкламаваць нешта кароценькае і лірычнае, я стаў на памяць чытаць вялікую “Баладу пра дваццаць шэсць”. У выніку атрымаў не “выдатна”, а толькі чацвёрку і быў моцна абураны.

 

  1. Начныя таямніцы

У школьныя гады найлепей чыталася на гарышчы. Праўда, гэта толькі падчас вакацый, улетку. Зімой жа самым улюбёным месцам для чытання была нашая звычайная вясковая печ з вялікай ляжанкай.

Так хораша было, разлёгшыся на ейным цёплым улонні, чуйна слухаць, як у коміне гудзе начная завіруха, ды чытаць загадзя падрыхтаваную “Хаціну дзядзькі Тома” Бічэр-Стоў, альбо “Прыгоды Гекльберы Фіна” Твэна.

На жаль, неаднойчы даводзілася ліхаманкава спыняць гэтую свяшчэнную дзею, як толькі з дальняга пакою цішком падкрадвалася на кухню (дзе стаяла печ) маці і ўчыняла тэрор. Пазней, праз шмат гадоў, яна прызнавалася, што рабіла гэтак, шкадуючы мае вочы. Я ж, у такіх выпадках, прыбягаў да розных хітрыкаў: калі “канфіскоўвалася” чарговая чытанка кшталту апавяданняў улюбёнага майго Астапа Вішні, недзе ў посцілках, ці ў вязанках цыбулі, што віселі тамсама, на жэрдцы, была прыхаваная рэзервовая кніга. А калі маці катэгарычна загадвала патушыць святло – пад коўдрай неўзабаве запальваўся кішэнны ліхтарык. Гэтыя, на ўсю доўгую зімовую ноч, чытанні – адныя з найсаладзейшых успамінаў маіх школьных гадоў.

На той час у мяне з’явілася кніга, якая “зносіла дах” і ўплывала на многія мае ўчынкі. Як зараз памятаю ярка-чырвоную вокладку “Дзерсу Узалы” Уладзіміра Арсеньева.

“З тых часоў усё часцей і часцей даводзілася чуць пра нейкіх людзей, якія хаваюцца ў тайзе. То бачылі іх саміх, то знаходзілі бівакі, лодкі, схаваныя ў кустах , і г. д. Гэта станавілася падазроным. Калі б гэта былі кітайцы, мы ўгледзелі б у іх хунхузаў. Але, мяркуючы па слядах, гэта былі рускія. Кожны дзень прыносіў што-небудзь новае. Нарэшце недахоп харчавання прымусіў гэтых таямнічых людзей выйсці з лесу. Некаторыя з іх з’явіліся да нас у бівак з просьбай прадаць ім сухароў. Натуральна, пачаліся роспыты, з якіх высветлілася наступнае. Уладзівасток у пачатку гэтага года абляцела чутка, што ў наваколлі заліва Джыгіт знаходзяцца багатыя залатыя россыпы і нават алмазы. Натоўпы беспрацоўных у надзеі на хуткае і лёгкае ўзбагачэнне кінулася на ўзбярэжжы мора. Яны прабіраліся туды на лодках, шхунах і на параходах , невялікімі партыямі. Высадзіўшыся дзе-небудзь на бераг каля Джыгіта, яны пешшу, з клункамі за плячыма, употай прабіраліся да ўяўнага Эльдарада…

Захапіўшы шматкроць перачытаны томік, я часам выбіраўся за вёску на высокі дняпроўскі бераг і з вышыні стромкага абрыву трывожна азіраў наваколлі, спрабуючы ўбачыць на даляглядзе таямнічыя постаці. Іншым разам, на тым жа абрыве, разам з сябрукамі, праводзілі раскопы, выкарыстоўваючы кавалкі жалеза, ці зламаную рыдлёўку. Зразумела, золата не траплялася, аднак бывалі і “каштоўныя” знаходкі:  манета вартасцю тры капейкі з выяваю двухгаловага арла, жменькі розных гільзаў з часоў вайны, пласціначкі артылерыйскага пораху…

Зараз, падчас сваіх рэдкіх візітаў на радзіму да маці, абавязкова гартаю нашыя сямейныя альбомы з фотаздымкамі, вывучаю сябе маленькага. І дзіва, на некаторых дзіцячых фотакартках заўважаю ў сваіх руках разгорнутую кнігу. Відаць, месцаў для чытання было ў мяне нашмат болей – магчыма, што ўся вёска Заспа і наваколле.

  1. Набегі на “Універсітэцкую”

Многае змянілася ў маім жыцці пасля заканчэння сярэдняй школы. У тым  самым 1979 годзе я паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта. Чытаць ва ўніверы даводзілася шмат і рознага, але суцяшала тое, што мы вывучалі літаратуру. З найвялікшым захапленнем прачытваў і канспектаваў творы антычных аўтараў, старажытнабеларускую і “древнерусскую” літаратуру.

Расла, як трава пасля дажджу, і ўласная бібліятэка: у гэты “свядомы час” набываліся кнігі ў асноўным беларускіх аўтараў: Францішка Багушэвіча, шмат каго з “Бібліятэкі беларускай паэзіі”, якая выдавалася ў мініятурным фармаце, “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага. Пазнаёміўся тады з паэзіяй Рыгора Барадуліна, набыўшы ў краме ягоны зборнік вершаў “Вечалле”. Як рэліквію, песціў таксама двухтомны збор твораў Уладзіміра Караткевіча, не дазваляючы нікому знесці яго з інтэрнатаўскага пакою.

Незабыўная кнігарня “Універсітэцкая” на Савецкай вуліцы ў Гомелі. Ня толькі ў піўны бар пасля лекцый кіраваліся “філолухі”, але не праміналі і кнігарню. Прычым, нярэдка паходы па кніжку здзяйсняліся цэлай кампаніяй. Некалькі разоў забягалі туды разам з аднагрупнікам і сябрам Алесем Бяляцкім, здаралася, што і Анатоль Сыс браў мяне з сабой. Адзін з такіх выпадкаў я прыгадваю ва ўспамінах пра Анатоля Сыса  “Дагадзіў жа ты мне, Анатоль, дагадзіў…», апублікаваных у часопісе “Дзеяслоў”( №27):

Вясна, 1981 год. Гомель. Верагодна, быў травень, бо шчыра прыпякала лагоднае сонца. Цішком уцякаю з лекцыйнай пары ва ўніверсітэце – аднакурснікі зрабілі гэта раней і цяпер чакалі мяне ў піўбары пад назваю “Тэлевізар” з кухлямі піва. На ганку філфакаўскага корпусу “гомельскага універмагу” перастрэў мяне Анатоль: “Што, ізноў піць сабраліся? Хадзем лепей са мной, тут недалёка”. (Сыс тады амаль, або наогул, ня піў.) Зайшлі ва ўніверсітэцкую кнігарню, дзе ён падышоў да стэлажоў і, з гонарам разгарнуўшы адну з кніг, працягнуў яе мне. “Глядзі, бачыш, вось – Карал Сыс. Паэт з Чэхіі. А ты п’еш гэтыя сцыкі замест таго, каб пісаць. Старацца трэба, каб і на Беларусі такія Сысы былі, як гэты чэх.” Толіка распіраў гонар, быццам гэта ягоны том стаіць на паліцы. Блакітнага колеру кніга перакладаў з чэшскай мовы мела назву “Высокае неба”.

А ад Анатоля Сыса з тых часоў мне дастаўся шыкоўны падарунак – першае выданне “Слоўніка сінонімаў і блізказначных слоў” Міхася Клышкі.

Тады ж на першым курсе ГДУ адбылася першая сустрэча з Кнігай кніг – “Бібліяй”.

Набегі гэтыя на кнігарню цікавым чынам паўтарыліся ў маім жыцці праз дзесятак гадоў, напрыканцы 80-х. Я працаваў тады ў “Гомельскай праўдзе” намеснікам… Барыса Пятровіча, а ён на той час быў адказным сакратаром абласной газеты, абазнаным у сучаснай літаратуры чалавекам і “невылечным” бібліяфілам. Увечары, скончыўшы працу, нярэдка мы накіроўваліся ва “Універсітэцкую”, дзе да самага закрыцця крамы абмяркоўвалі кніжныя навінкі, перабіралі дзесяткі аўтараў, каб набыць урэшце запаветны томік-другі. Прызнаюся, Пятровіч тады адкрываў для мяне цікавых аўтараў, пра існаванне якіх я анічога не ведаў.

  1. Армейскі “Шлях-360”

Падчас двухгадовай службы ў Савецкай Арміі ў 1981-83 гадах магчымасцяў для чытання было небагата, аднак вольныя часіны цалкам аддаваліся гэтаму занятку. Бібліятэка вайсковай часці, якая базавалася ў гнілых балотах паміж Фінскім залівам і Ладагай, мела досыць сціплы выбар інтэлектуальнага чытва, неспазнанага мною да тае пары – “Сага пра Фарсайтаў” Джона Галсуорсі, “Ноч пяшчотная” Фрэнсіса Скота Фіцджэральда, “Над прорваю ў жыце” Джэрома Сэлінджэра. Гэта тое, што ўзгадваецца зараз.

Многія кнігі ў войску я перачытваў па новым коле. Так вось нанова адкрыў для сябе раманы Стэйнбека “Зіма трывогі нашай”, Нэл Гарпер Лі “Забіць перасмешніка”, якія школьнікам прачытаў у часопісе “Иностранная литература”.

Найбольш упадабанае з ваеннай літаратуры – а розных мемуараў, кшталту “Руіны страляюць ва  ўпор” Івана Новікава, у бібліятэцы была незлічоная колькасць – грунтоўнае даследванне пра Другую сусветную вайну ангельскага ваеннага гісторыка  Б. Лідэлла Гарта, якое проста так і называлася –  “Другая сусветная вайна”.

Во, ледзь не забыўся. Яшчэ адно “вайсковае” адкрыццё – творчасць Сямёна Кірсанава. Збор твораў у 4 тамах гэтага цікавага расейскага паэта я прачытаў за два гады службы двойчы і шмат ягоных вершаў так да сёння і засталіся ў маёй памяці.

Кніг на беларускай мове тут спрадвеку не вялося. Выручаў мяне сябра, які пакуль што заставаўся на “гражданцы”, Алесь Бяляцкі. Ён метадычна і рэгулярна, на працягу ўсяго тэрміну службы дасылаў мне бандэролі з новымі часопісамі “Маладосць” і “Полымя”, а таксама самыя цікавыя  паэтычныя навінкі тых часоў. Дзякуючы Алесю да самага дэмбеля насіў за халяваю кірзавых ботаў “Шлях-360” Алеся Разанава.

Досыць незвычайны быў у мяне “дэмбель”: вёз дадому з войска ў чамадане некалькі дзесяткаў беларускіх кніжак. Часопісы, мусіць, засталіся ў “чырвоным кутку” казармы. Спадзяваўся я, што яшчэ накіруюць сюды не адну партыю беларусаў-навабранцаў, і некаму часопісы на роднай мове якраз прыдадуцца.

  1. Кніжная ліхаманка 80-ых

Адразу пасля службы ў войску я ўладкаваўся працаваць грузчыкам на Гомельскай кандытарскай фабрыцы “Спартак”. Жыў непадалёк ад працы, вядома ж падпольна, у студэнцкім інтэрнаце на вуліцы Савецкай разам з Алесем Бяляцкім і Едрусем Акуліным. Пакой размяшчаўся на другім паверсе інтэрнату, і – вось яшчэ адно супадзенне! – якраз над кнігарняй “Універсітэцкай”, пра якую ўзгадвалася вышэй.

Менавіта тады, збольшага пад уплывам сяброў, фармаваліся мае чытацкія густы, адбыўся грунтоўны паварот да сучаснай беларускай літаратуры. Ад таго часу пачаў набываць шматтомныя зборы твораў Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, з’явіўся ў маёй бібліятэцы Васіль Быкаў у 4 тамах, “Беларускі савецкі нарыс” у 2 тамах, “Слоўнік беларускай мовы” Івана Насовіча ды шмат іншага. Да лепшых часін кнігі звозіліся ў бацькоўскі дом у Заспу.

Дзякуючы Алесю Бяляцкаму адбывалася знаёмства з кнігамі забароненых аўтараў, якія не выдаваліся за савецкім часам, альбо рэдкімі архіўнымі і маладаступнымі  выданнямі. Цікава, што некаторыя кнігі былі проста перафатаграфаваныя і чыталіся на змацаванай скобкамі фотапаперы. Менавіта ў такім “паліграфічным выкананні” я прачытаў “Адзін дзень Івана Дзянісавіча” Аляксандра Салжаніцына і “Мужыцкую праўду” Кастуся Каліноўскага.

“Дзеці Арбата” Анатоля Рыбакова, прачытаныя ў той час, таксама нейкім самапальным спосабам былі тыражаваныя.

Праца на кандытарскай фабрыцы чаргавалася дзённымі і начнымі зменамі па 12 гадзінаў, выходныя – таксама чаргаваліся, таму заставалася шмат вольнага часу. Сядаў уначы за столік на агульнай варыўні, дзе дазвалялася нават паліць, абкладаўся кнігамі і чытаў, ці – калі навальвалася натхненне – займаўся творчасцю.  Такім грунтоўным чынам вывучаўся напрыклад  “Расійска-Крыўскі (беларускі) слоўнік” Вацлава Ластоўскага, альбо малітоўнік для беларусаў “Божым шляхам”, выдадзены ў Рыме ў 1946 годе. Пазней да іх дадаўся і “Беларуска-расійскі слоўнік” Я. Станкевіча.

У Бяляцкага вадзіўся таксама і беларускі “самвыдат”.

Напачатку 80-ых гадоў гонка за кнігамі ў Гомелі набыла характар масавай эпідэміі. Правакавалі яе збольшага тамтэйшыя мяшчане ў саўковым разуменні гэтага слова. Памятаю ад тае пары такі жарт: “Засталося набыць паўтары метры кніг і кніжныя паліцы ў зале будуць запоўненыя, як у людзей”.

Нейкім чынам ахоплены кніжнай ліхаманкай быў і я. Рупліва збіраў макулатуру, цягаў непадымныя пакеты і мяхі ў прыёмны пункт, каб, здаўшы 25 кілаграмаў папяровай старызны, атрымаць запаветны талёнчык на набыццё “дэфіцытнай” кнігі. Аднак выбар быў зусім малы: “Фараон” Баляслава Пруса,  “Легенды і міфы старажытнай Грэцыі” Мікалая Куна, ды нешта яшчэ са шматлікіх раманаў Морыса Друона, ці то “Лілія і леў”, ці то “Калі кароль губіць Францыю”. Пасля шматлікіх пераездаў з кватэры на кватэру, усе гэтыя Друоны недзе падзеліся, ды я надта і не шкадую пра іх.

Усё адно “макулатурныя” кнігі тады набываліся па другім, трэцім, чацвертым разе і адразу ж адносіліся ў кнігарні, дзе існавалі паліцы гэтак званага кнігаабмену. Такім чынам, з’яўлялася магчымасць вымяняць свайго новенькага і лішняга “Фараона” на нешта іншае, больш цікавае.

Букіністычныя аддзелы ў кнігарнях цікавілі на той час мяне не надта,  аднак і там нешта зрэдчас набывалася. Дагэтуль, напрыклад, недзе ў заспенскіх прыбудовах зацярушваецца пылам дарэвалюцыйнае выданне “Геаграфія Расійскай імперыі” ў 2 кнігах, набытае некалі ў Гомелі. Узгадваецца таксама прыдбаны выпадкова Поўны збор твораў Уладзіміра Маякоўскага ў 13 тамах, які таксама дзесьці пакінуў пад час шматлікіх сваіх перасяленняў.

Падпісныя выданні ў тыя гады для простых людзей часта разыгрываліся ў латарэю. На дасвітку трэба было займаць вялізную чаргу каля адзінай гомельскай крамы “Падпісныя выданні” па вуліцы Савецкай. Затым афармляліся адмысловыя цэтлікі і круціўся празрысты барабан. Мне не надта шчасціла ў падпісную латарэю. Тае  удачы ўсяго выпала –  збор твораў у 3 тамах швейцарскага пісьменніка Макса Фрыша, ды шасцітомнік Кнута Гамсуна.

Потым з’явілася сям’я, а неўзабаве і сталае жытло. Паступова новыя кнігі сталі набывацца больш сведама і выбарча, па сталым роздуме. Хоць, штопраўда, дык і зараз, як кажуць: “Кнігі  хату забіраюць”. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Кропка.

Снежань 2013 – студзень 2014 года.

Апублікаванае ў часопісе «Дзеяслоў», №72, 2014 год.