За пяць год без Анатоля Сыса у перыёдыцы з’явілася нямала публікацый пра творчасць няўрымслівага і таленавітага паэта-пасіянарыя, адшуканыя і вернутыя чытачу дзесяткі ягоных твораў, выйшла кніга выбраных вершаў “Алаіза” і вершаў-прысвячэнняў паэту “Ягамосць”. Завяршаецца вялікая праца над падрабязнай бібліяграфіяй з каментарыямі твораў Анатоля. На чарзе – кніга ўспамінаў пра паэта, зборнік ягоных артыкулаў. Дагэтуль па-за ўвагаю даследчыкаў творчасці Сыса застаюцца пераклады. Сабраць разам і данесьці да чытача лепшае з напісанага паэтам — гонар і абавязак ягоных аднадумцаў, сяброў, блізкіх. Гэты пабуджальны матыў дапамог адшукаць нямала цікавых твораў Сыса.
Да росшукаў невядомых старонак творчасці Анатоля Сыса мяне падштурхнулі наступныя радкі з ліста маці Анатоля Марыі, апублікаванага ў часопісе “Дзеяслоў” (“Самыя дарагія лісты для мяне вельмі рэдка прыходзяць ад вас…” , “Дзеяслоў”, №42) : “…Толик, еще сообщаю, пришел гонорар из редакции газеты “Камуніст Палесся”.
Зразумела, калі дасылаюць ганарар – нешта было надрукавана. Засталося толькі выправіцца ў Нацыянальную бібліятэку і пакорпацца ў зжаўцелых падшыўках Мазырскай раённай газеты. Урэшце рэшт такая праца мяне захапіла. Пад час гартання беларускай перыёдыкі знайшлося нямала невядомых сёння публікацый ды іншай дадатковай інфармацыі. Адшукаўся і той “мазырскі” верш, і эксперыменты ў празаічным жанры, і шмат літаратуразнаўчых артыкулаў Сыса. А яшчэ, дзякуючы паходам у Нацыянальную бібліятэку высветлілася, што дэбют Анатоля Сыса ў рэспубліканскім друку адбыўся не ў 1986 годзе а на тры гады раней. У першым нумары за 1983 год часопіс “Маладосць” надрукаваў некалькі пародый (Гл. публікацыю у часопісе “Верасень” №2, 2010 “Ад Анатоля Сыса да Толіка Ганарара”).
Аднак гартанне газетных падшывак ўзняло і шмат нечаканых пытанняў, якія вымагаюць дадатковага даследавання. Так, шматлікія крыніцы сцвярджаюць, што Анатоль Сыс “…у друку выступае з вершамі з 1974 года” (http://slounik.org/81366.html), альбо: “у 1974 годзе дэбютныя творы Сыса былі надрукаваныя ў рэчыцкай раённай газэце “Дняпровец” (be-x-old.wikipedia.org/wiki/Анатоль_Сыс), ці тут: vershy.ru/category/anatol-sys. Аднак фактаў пра раннія публікацыі (маю на ўвазе ня толькі 1974 год, але і некалькі папярэдніх і наступных гадоў) Анатоля Сыса мне адшукаць не ўдалося. Як не ўдалося падцвердзіць і іншае сцвяржэнне: “Школьнікам {Анатоль Сыс} друкаваўся ў газетах “Піянер Беларусі”, “Пионерская правда», «Физкультурник Белоруссии». Пры гэтым былі прагледжаныя камплекты вышэйадзначаных выданняў ад 1971 да 1975 года. Магчыма, малады Анатоль хаваўся за псеўданімам? Магчыма, мне трапіліся няпоўныя падшыўкі? Магчыма, нехта панавыдумляў? Спадзяюся, час і праца іншых даследчыкаў дапамогуць знайсці адказы на гэтыя пытанні.
* * *
Ф. Лісту
Раяль цалуе тонкая рука…
М. Багдановіч
Гранёныя падсвечнікі стаялі.
Ён падыйшоў да чорнага раяля.
А за акном зіма бярэ пачатак,
Прырода піша для яе раман.
Вялікі кампазітар зняў пальчаткі
І кінуў іх стамлёна на дыван.
Гарачы воск аплыў на нотны ліст.
Даўно агонь ачахнуў у каміне.
Іграе ціха ра раяле Ліст
Пра добры горад у белым серпанціне.(1)
“Гомельскі ўніверсітэт”, 27 снежня 1980 год.
ЗАКАХАНАЯ
Закаханая – май і лістапад,
Закаханая – сястра муз,
Закаханая – белых яблынь сад,
Закаханая – свята руж.
Закаханая – сны крылатыя,
Закаханая – спеў бяроз,
Закаханая – вусны мятныя,
Закаханая – слодыч слёз.
Закаханая – апантаная,
Ох, Джульета з-пад Мазыра,
Знай: міражная ёсць зара,
Ёсць каханне яшчэ падманнае.
“Камуніст Палесся” (Мазыр) , 19 студзеня 1985 г.
ВЯСЕЛЛЕ
Апавяданне
Маці не магла наглядзецца на дачку. Яшчэ не сцёрся ў памяці той час, калі яна сваю маленькую Светку няньчыла на руках, а цяпер Святлана стаіць перад ёй у шлюбным убранні. Праз два дні – вяселле.
— Ну, дачка, вось я і дачакалася – ты ўжо нявеста!
— Мама, а ты памятаеш сваё вяселле? Ты мне ніколі не расказвала пра сваю маладосць, — паглядзеўшы ў твар маці, запытала Света.
Нейкі час яны моўчкі стаялі, маці і дачка, такія падобныя і такія розныя. Стаялі старая і маладая, два лёсы. Маці адчувала сябе шчаслівай, таму што пражыла такое жыццё, таму што сустрэла Сцяпана, і што ў яе такая дачка. Святлану таксама перапаўнялі радасныя пачуцці. А як жа інакш, калі ты маладая, калі цябе кахаюць і ты кахаеш.
Маці падняла вочы, чорныя, прыгожыя, здаецца, што час пабаяўся крануць іх прыгажосць.
—Я добра памятаю сваё вяселле. Я табе ніколі пра гэта не расказвала, а цяпер – пара. Давай прысядзем.
І маці пачала расказваць пра сваю самую трывожную частку жыцця. Яна ведала: рана ці позна давядзецца ўзварушыць сваю душу ўспамінамі, якмя стаялі за высокай сцяной часу.
— У той незабыўны дзень было маё вяселле. Сяброўкі прыбіралі мяне ў шлюбнае ўбранне, спявалі вясельныя песні, а калі запцягнулі песню пра дзяўчыну, якую аддавалі замуж за нялюбага чалавека, я не вытрымала і заплакала.
Адна бабулька нахілілася да мяне.
— Паплач, паплач, дачушка, прамый душу слязьмі, яно ж і лягчэй стане. Па сабк ведаю. Думаеш, я па каханні пайшла? А вось і зжылася. Было гэта так і будзе, дачушка. Такая наша доля жаночая. Ідзі ў сад, як спатрэбіцца, мы паклічам.
І яна пад руку вывела мяне з хаты.
Добра памятаю, што тады былі спелыя яблыкі. Я ўпала на траву, закрыўшы твар скамечаным вэлюмам, доўга плакала. Я хацела толькі аднаго – пабачыць Сцяпана, пабыць з ім. Няўжо ён не прыдзе на вяселле? Ён жа ведае, што я кахаю яго, што мяне аддаюць замуж толькі таму, што жаніх з багатай сям’і.
… Сцяпан прыйшоў. Ён сядзеў на другім канцы стала, і я бачыла яго хваляванне, яго гора, улоўнае толькі мне адной.
У вокны глядзела ноч. Вяселле, увайшоўшы ў самы разгар, шумела на ўсю хату. Мой жаніх штосьці гаварыў мне, але я не чула ягоных слоў, а ўсімі сваімі імкненнямі была накіравана да Сцяпана. Мы абое зразумелі, што нам трэба сустрэцца, і не калі небудзь, а ў гэтую ноч.
Нарэшце госці пачалі вылазіць з-за сталоў і распачалі на двары танцы. Жаніх, ужо п’яны, пацягнуў мяне танцаваць у круг. Ногі мае не слухаліся, здаецца, угрузалі ў зямлю. Сяброўка Вера, якая танцавала побач са мной, нечакана ўзяла мяне за руку, і перабіраючы нагамі ў хуткім танцы, моцна прагаварыла:
— Танцуй, танцуй, нявеста, адзін раз у жыцці такое свята бывае.
А потым, каб чула толькі я, прашаптала:
— Сцяпан будзе чакаць цябе ў садзе.
Было за поўнач. Я чакала зручнага моманту, каб пазбавіцца ад свайго абрыдлага жаніха. Госці зноў пайшлі за стол.
Думка напаіць жаніха прыйшла адразу. Мне не давялося доўга чакаць. Мой нарачоны сам наліў мне і сабе па поўнай чарцы. Ён выпіў, я пад стол выліла. Потым я напоўніла шклянкі, і мы зноў выпілі. Ён – гарэлкі, я – вады. Прпанаваўшы выйсці на свежае паветра, я ўзяла яго пад руку і вывела з хаты. Ён ледзь трымаўся на нагах. На двары нікога не было. Адкрыўшы хлеў, я штурхнула яго ў салому, і праз некалькі мінут мой жаніх адразу ж заснуў.
Я тут жа апынулася ў садзе. Сцяпана не прыйшлося шукаць. Ён сам выбег насустрач з цемры саду і, падхапіўшы мяне на рукі, панёс паміж спелых яблынь да ракі, якая ў месячным святле пляскалася за садамі. Апамяталася я толькі ў лодцы пасярод ракі.
Сцяпан, заграбаючы цёмную ваду, упэўнена глядзеў наперад. Там, на тым беразе ракі, было наша шчасце.
Маці скончыла расказваць, падняла вочы, паглядзела на дачку.
Нечакана ў дзвярах з’явіўся высокі сталы мужчына. Ён так і застыў на парозе, гледзячы на Свету. Памяць сама занесла яго ў той час, калі былі спелыя яблыкі. У сваёй дачцы ён бачыў тую нявесту, з якой пераплыў на той бераг, каб знайсці сваё шчасце.
“Гомельскі універсітэт”, 18 сакавіка 1978 года.
(1) Страфа з гэтага верша была памылкова ўключана ў верш “Музыка” (“Лён”, Мн., 2006.)