У студэнцтве паэт Анатоль Сыс любіў пісаць пародыі. Час быў гэткі, парадыйны… Напрыканцы сямідзесятых гадоў жанр літаратурнай пародыі быў досыць папулярным сярод паэтаў. Асабліва сярод тых, якія толькі спрабавалі ўзбіцца на ўласную творчую славу. Ды і атачэнне ў Сыса было адпаведнае: у тыя гады ў Гомельскім універсітэце пародыі гучалі досыць часта: фантанаваў пародыямі Анатоль Зэкаў, які нярэдка ладзіў творчыя сустрэчы ў ГДУ. Там-жа, на філфаку завёўся яшчэ адзін парадыст – Станіслаў Крупенька. Што тут казаць: праз пародыі праходзілі многія. Дагэтуль, напрыклад, памятаю некалькі ўзораў парадыйнага майстэрства з-пад пяра Эдуарда Акуліна, на той час студэнта ГДУ.
Анатоль часта чытаў пародыі на паэтычных вечарынах, сябрам у інтэрнаце. Падчас паэтычных выступаў, якія ладзіла ўніверсітэцкае літаб’яднанне “Крыніца”, Сыс нярэдка выступаў менавіта як парадыст – тады гэта многім падабалася і йшло на “ўра”, тым больш, што чытальнікаў, роўных Анатолю, не было. Аб’ектамі для пародый станавіліся ня толькі паэты-пачаткоўцы; любіў ён “куснуць” трапным слоўцам Уладзіміра Верамейчыка, Рыгора Барадуліна, Віктара Ярца, Уладзіміра Някляева і многіх іншых.
Расло майстэрства Анатоля-парадыста. У 1983 годзе часопіс “Маладосць” друкуе некалькі парадыйных твораў Сыса. На жаль, большасьць з напісанага ў гэтым жанры незваротна страчана: да пародый многія незаслужана ставіліся як да другаснага жанру, нават сябры не зберагалі іх чарнавікі і рукапісы, а сам Анатоль не парупіўся, каб сабраць іх у нейкую тэчку для “нашчадкаў”. Зараз прыгадваюцца толькі некаторыя радочкі з пачутага трыццаць гадоў таму:
“А нам з табой было па дваццаць,
Вакол чаромуха цвіла,
І так карцела цалавацца —
Як дурню стрэліць із ружжа…”
Пасьля службы ў войску Анатоль Сыс канчаткова ўсвядоміў сябе Паэтам і да жанру пародый і эпіграмаў вяртаўся ўсё радзей і радзей. А калі што і друкавалася недзе (напрыклад, у калектыўным зборніку “Асцюкі за каўняром”: сатыра, гумар. (Укл. А Вольскі). Мн., 1989), дык пад псеўданімам – Толік Ганарар. Верагодна яму не хацелася, каб узыходзячая паэтычная слава трапляла ў зацень несур’ёзнага, на яго думку, жанру. Так на зьмену парадысту Анатолю Сысу прыйшоў іранічны Толік Ганарар. Верыцца, што гэтая публікацыя, складзеная з некалькіх знойдзеных у перыёдыцы пародый і эпіграм, зможа даць уяўленне пра Анатоля Сыса як парадыста і ўзварушыць ўладальнікаў прыватных архіваў, дзе мажліва і захаваліся невядомыя сатырычныя творы Толіка Ганарара.
Сяржук Сыс.
Анатоль Сыс
СПОВЕДЗЬ УЛЮБЁНАГА
Так вядзецца ўжо спакон
І прыдумваць тут не мне,
Што у мілай фаэтон
Прыгажэйшы на сяле.
Анатоль Зэкаў.
Так вядзецца ўжо спакон
І прыдумваць тут не мне,
Што у мілай фаэтон
Прыгажэйшы на сяле.
І сабака самы злы,
Як цябе праводзіў,
Мяне, пэўна, разоў тры
Гнаў па загароддзю.
А курэй! Недзе ступіць,
І парканчык новы,
Буду век цябе любіць
За тваю карову.
За твой цесаны франтон
Распрыгожа збіты
Мяне сну пазбавіў ён,
Ды і апетыту.
А хіба ж я не жаніх, —
Водзяцца і грошы,
Языкоў ня слухай злых
Я ж такі харошы.
“Гомельскі ўніверсітэт”, 1 сакавіка 1980 год.
* * *
Часам сніцца: выпадаюць зубы…
Ул. Паўлаў.
Пастарэў, сярэдзіна не тая,
Кінуў піць, а заадно курыць
Па начах з сабою размаўляю –
Жонку штось не хочацца будзіць.
Яшчэ крык падыме на ўсю хату,
Маўляў, зноў з-за рыфмы разбудзіў,
Быццам я нікога не любіў,
Апроч Музы ды яшчэ зарплаты.
А калі засну пад похрып любай,
Падагнуўшы ногі, як шасі,
Часта сніцца – выпадаюць зубы,
Пэўна, час у класікі ісці.
“Гомельскі ўніверсітэт”, 1 сакавіка 1980 год.
ВАСІЛЬКІ НА СНЯДАНАК
“Малады паэт дагэтуль быў аграномам…”
З анатацыі да зборніка вершаў З. Марозава
“Пад небам бусліным”, 1982 г.
Накасіўшыся ўволю,
Упаду на пракос…
З. Марозаў
Накасіўшыся ўволю,
Упаду на палас,
І прысніцца мне поле,
А на полі Пегас.
Быццам я – ўвесь у целе,
Грацыёзны такі,
Ёсць сабе пустазелле,
Ёсць сабе васількі.
Снедай, мілы мой косю,
Поле я не палоў,
Васількоў у пракосе
Болей, чым каласоў.
“Маладосць”, 1983, №1. С. 175.
ПАЭТ-РАЗЯВАКА
Знаходзіш ты, а я губляю…
У. Дубовік.
Што з возу ўпала – то прапала,
Сказаў хтось. Пэўна пра мяне.
Ты ж век нічога не губляла
І ўсё купляла па цане.
Яшчэ ты з талентам – знаходзіць,
І ў дзень той бокам не прайшла,
Мяне, Дубовіка Валодзю,
Ў мільённым горадзе знайшла.
“Маладосць”, 1983, №1. С. 175.
Толік Ганарар
АРЭХАВА-ГАРОХАВАЕ РЭХА
Паводле Рыгора Барадуліна
1
Чуеш?
Выспелае рэха з лесу да ваколіцы…
Аб зямлю там б’юць
Арэхі,
Чарапы аж колюцца.
Ганна,
Пойдзем у арэхі! –
Спакушаю дзеўчыну.
Чую –
Пахне рэха грэхам,
Бацькаваю лейчынай.
2
Чуеш?
Зноў гуляе рэха,
Высмягшы гарохам,
Там трашчаць струкі,
Як стрэхі,
Вараннё аж глохне!
Дык пайшлі, гарох палушчым? –
Ужо Ганна кліча.
Я іду, блазнюк,
А ўвушшу
Бацькаў рэмень свішча.
“Асцюкі за каўняром”: сатыра, гумар. (Укл. А Вольскі). Мн., Маст. Літ., 1989, с. 125.
УСПАМІН ПРА ПУШКІНА
Помню….
цэлую ноч, да світання,
Грыз аловак, паперу ірваў.
Сэрца гнеў апякаў палымяны:
Я Анегіну ад Таццяны
Вершаваны адказ пісаў.
Анатоль Белавус.
Помню….
цэлую ноч, да світання,
Пушкін разам са мной не спаў,
Пад дыктоўку яго, палымяна:
Я Анегіну ад Таццяны
Вершаваны адказ пісаў.
Помню…
Пушкін яшчэ спытаўся:
– Назавіся, хто ты, паэт?
Я са сціпласці не прызнаўся,
Ён на спінку адкінуў плед
І, як з братам, са мной развітаўся.
“Асцюкі за каўняром”: сатыра, гумар. (Укл. А Вольскі). Мн., Маст. Літ., 1989, с. 125.
МЕТАМАРФОЗЫ
Я – сок бярозы, вожык ружы,
Я – там за далеччу, я – вунь…
…Нібыта перакаці-поле,
Сам уцякаю ад сябе.
Алесь Жыгуноў.
Я быў спачатку вожык ружы,
Даволі рэдкі экземпляр.
Для спячкі ў маразы і сцюжы
Пад Шкловам выбраў цёплы яр.
Вясною я прачнуўся сокам,
Пілі мяне мураш і лунь,
Не сцерпеў я і стаў намёкам:
Я – там, за далеччу, я – вунь…
Дзе пухам сцелюцца таполі,
Дзе вецер вусы мне скубе,
Нібыта перакаці-поле,
Сам уцякаю ад сябе.
“Асцюкі за каўняром”: сатыра, гумар. (Укл. А Вольскі). Мн., Маст. Літ., 1989, с. 125.
ПАЭТ-НАТУРШЧЫК
На Прыпяці, на золаку,
Лавіся рыбка-золата
Хоць язем, хоць сіляўкаю,
Лавіся ўсялякая.
На Прыпяці. У раніцы.
– Ці ловіцца?
– Здараецца.
– Вялікая?
– Пудовая.
– Сказаў бы лепш што новае…
Іван Кірэйчык.
На Прыпяці, на золаку,
Пішу я вершы-золата,
Рыфмую рыбу ўсякую:
Язя з худой сіляўкаю.
Пра ўсё-ўсё забуду я
Над паэтычнай вудаю.
А Прыпяць Музу гушкае,
А вершы пахнуць юшкаю.
На Прыпяці. У раніцы.
– Ці пішацца?
– Здараецца.
– Нішто сабе?
– Удалыя.
Паэты мы бывалыя.
На Прыпяці, у раніцы,
Як юшка, вершы варацца.
“Асцюкі за каўняром”: сатыра, гумар. (Укл. А Вольскі). Мн., Маст. Літ., 1989, с. 125.
РАСПРАНАННЕ ВАЧЫМА
Ты можаш на беразе сумным
Адзін адзінока сядзець
І лепшую ў свеце красуню
Умомант вачамі раздзець.
Ты можаш узвысіць, узнесці,
Давесці да крайняй мяжы,
Чыесьці лагодныя персці
На сэрца сваё палажыць…
Прысядзеш на лузе мурожным,
Пагладжваеш млосна кассё.
Усё аднаму табе можна,
У думках уласных, усё…
Казімір Камейша
Усё аднаму табе можна,
Мастак нават здатны прысніць
Красуню на лузе мурожным
І сліну па вусах пусціць.
Вось так нараджаюцца вершы,
Пра сэрца, пра персці, пра ўсё…
Ляжыць у экстазе Камейша
(Паэт на зямлі самы грэшны),
Пагладжвае млосна кассё.
“Полымя”, №7, 1991 г. с. 256
ЗА ТУМАНАМ
Эпіграма
— Твае словы мне не новы.
Тваё дзіва мне не дзіва.
Не тумань маёй галовы –
За другім буду шчасліва.
— Ой, галуба-галубіца,
Не чаруй, як чараўніца,
Валечка Аколава –
За туманам голава.
-Горкнуць словы палыновы.
Не дзівуе твоё дзіва.
Не тумань маёй галовы –
За другім буду шчасліва.
-Мая люба-нарачона,
Можа, ты упала з чоўна?
Валечка Аколава –
За туманам голава.
-Твае словы – вечаровы.
Твоё дзіва здзівавана.
Не тумань маёй галовы –
Я другім на печ абрана.
Але я дарэмна кленчыў –
Валя ўчадзела на печы,
І таму ў Аколавай –
За туманам голава.
“Полымя”, №7, 1991 г. с. 255
Публікацыю падрыхтаваў Сяржук Сыс, “Верасень”, №1, 2010.