Маленькі Тубі ўвесь свой маленькі век пражыў на беразе мора. Заўсёды перад яго вачыма была бязмежная прастора — то ціхая, ласкавая, то бурная, злосная. Сонца кожны дзень вылазіла з вады 3 правага боку, праходзіла над самай галавой і хавалася ў ваду з левага боку.
I ўсё сваё жыццё Тубі чуў, як хвалі набягалі на нізкі пясчаны бераг і спявалі сваю адвечную песню. 3 ёю ён уставаў, з ёю ён клаўся спаць, яе ён чуў, калі прачынаўся ўначы, не заціхала яна і ў пякучы поўдзень, калі ўсё жывое хавалася ў цень. Ён і ўявіць сабе не мог, што дзе-небудзь на свеце можа быць такое месца, дзе не чуваць гэтай песні. Часамі, калі ўздымалася бура, гэтая песня пераходзіла ў злоснае выццё, але маленькі Тубі зусім не баяўся гэтага выцця, як не баялася вунь тая чайка, што лётае над морам.
А ззаду, за спіной, за хацінамі, пачынаўся лес, а што было за ім — Тубі не ведаў. Чуў ён часам, як казалі пра нейкія землі, гарады, розныя дзіўныя краіны, але ўявіць сабе гэтага не мог. Ну, адкуль жа можа ўзяцца нешта другое, апрача яго берага і мора?
Праўда, ён часта бегаў туды, каб сцягнуць какосавы арэх, банан ці яшчэ якую дробязь, але больш часу праводзіў у вадзе і адчуваў сябе ў ёй як рыба.
Яны жылі ўдваіх з маткай у хацінцы з галля. Бацька памёр тры гады назад, калі Тубі было восем год.
Ён добра памятаў свайго бацьку. Чорны, худы, як шкілет, і ўсё харкаў крывёю.
Кожны год у красавіку наязджалі сюды людзі з чорнымі бародамі, у белых халатах, на белых лодках. Яны мелі шмат лодак, набіралі шмат людзей. У тым ліку быў і бацька Тубі.
Лодкі ад’язджалі ў мора, станавіліся там у рад, і голыя чорныя людзі кідаліся ў мора, давалі нырца і праз мінуту-другую вылазілі. Кожны з іх меў пры сабе кошык, і ў гэты кошык яны збіралі на дне мора чарапашкі.
Людзі з чорнымі бародамі і ў белых халатах сядзелі на беразе ў шатры. Перад імі стаялі розныя стравы і пітво, яны ў біноклі глядзелі на мора, часам аддавалі загады.
У поўдзень рабілі перапынак. Лодкі пад’язджалі да берага, людзі зносілі ў шатры чаралашкі. Тут іх разбівалі і чагосьці шукалі ўсярэдзіне. Адны са злосцю адкідалі ўбок, у другіх знаходзілі нейкія бліскучыя, светлыя каменьчыкі. I тады дзядзькі ў белым пстрыкалі пальцамі, шчэрылі белыя зубы і казалі:
— О, гэта добра!
— Гэтая штукенцыя можа даць тысяч дваццаць! А людзі, што лавілі гэтыя чарапашкі, ляжалі на беразе ледзь жывыя.
I шмат у каго з рота ішла кроў. Асабліва ў бацькі Тубі.
Тубі падыходзіў да яго, плакаў, падносіў яму вады. Бацька ўсміхаўся, прабаваў жартаваць з сынам, але гэта неяк не ўдавалася.
Праз гадзіну давалі сігнал, і людзі зноў адпраўляліся ў мора. Зноў пачыналася тое самае ныранне.
Пад вечар бацька прыходзіў дахаты і як камень валіўся на пасцель. Маці клапацілася, даглядала яго, карміла, але яму нічога ў горла не ішло.
I так было кожны дзень, цэлы месяц, без ніякага перапынку.
У аношні дзень бацька прынёс маці трохі грошай. Выгляд яго быў ужо зусім дрэнны. Матка засумавала. А назаўтра бацька памёр.
Яшчэ памятае Тубі, як бацька аднаго разу ўзяў яго з сабою, і раніцою, да святла, яны адны выехалі ў мора.
Там бацька пакінуў Тубі ў лодцы, а сам нырнуў у мора, але на беразе падняліся крыкі, шум; да іх выехал! дзве лодкі, бацьку схапілі, білі, пацягнулі кудысь. Ён вярнуўся толькі праз некалькі дзён. I доўга пасля таго бацька і маці былі сумныя і хмурыя.
Тубі зразумеў толькі, што бацьку білі за тое, што ён нырнуў сам, адзін у чужое мора, што гэтае мора і чарапашкі належаць нейкаму пану.
Некаторы час пасля гэтага Тубі баяўся купацца ў чужым моры, але яго ніхто не ганяў, і ён тады супакоіўся.