Люцыпары (аўдыёверсія)

Недзе паміж Фінскім залівам і Ладагай. Суворая зіма 1982 года. Савецкае войска.
Мароз 34 ніжэй за нуль. Я, малады і прыгожы, як вецер, — начальнік начной змены качагараў. Галоўны, так бы мовіць, Люцыпар у гэтай гнілой балоцістай мясцовасці. На двары кацельнай – агромністыя горы вугалю, які прамерз так, што і дынамітам яго не раструшчыць. Але ж мы, салдаты, ломікамі яго крышым, пакрысе, па камячку, па жменьцы.
Каб накарміць 5-6 ненажэрных катлоў, на змену патрэбна было тоны дзве-тры вугалю. Распараныя, у драным замурзаныным споднім, перыядычна выскокваем па чарзе на мароз і дзяўбем, не адчуваючы сырой карэльскай халадэчы.
Праз пару гадзінаў запас на змену падрыхтаваны. Топкі загружаныя, сквірчыць у іх пякельная магма, ціск пары ў катлах прыстойны. Можна крыху і расслабіцца, заваліцца, напрыклад, у брудным куце і падрамаць, альбо весці небяспечную гаворку пра “Саветы” з дзяжурным электрыкам, фінам-інкеры Эйнам.  Аператар кацельных установак радавы Янусь, адключыўшы “электрафарсаж”, ставіць у топку чайнік. Будзем піць гарбату.

На стале з’яўляюцца металічныя кубкі, пачак азербайджанскага чаю, на паперцы – начная пайка качагараў: драбкі цукру, белы хлеб, цыліндрыкі сметанковага масла. Час даставаць і кіпень. Ды дзе там, празявалі: у катле – пуста, толькі лужына расплаўленага металу. Што ж, не ўпершыню такое. Янусь дастае з хованкі кавалак крэйды і на абкуранай сцяне кацельнай малюе сёмую зорку. А мы цягнем запалкі, каб вызначыць, каму з нас  шыбаваць у сталоўку па новы чайнік.

Напрыканцы змены пачынаецца галоўная фантастычная дзея – Шабаш.  Люцыпары, узброіўшыся трохметровымі “алоўкамі”(цяжкімі металічнымі прутамі), пачынаюць крышыць на дробныя кавалкі расплаўлены шлак, такімі ж гулівераўскімі качэргамі выграбаць яго з топак і  грузіць невыносна спякотнае месіва ў аднаколыя вазкі. Цяжка пачынаецца разгон; і вось вазок, апякаючы твар зыркімі вуглямі, імкліва грукоча па вузенькіх драўляных кладачках у катлаван: дым, вуглі, пырскі вагню.  Няможна на гэтым шляху прыпыніцца ні на секунду, абавязкова завалішся з аднаколай тачкай набок, і калі не згарыш дарэшты, дык дакладна атрымаеш апёкі.
Падраздзяленне ракетнага палка стратэгічнага прызначэння годна выканала пастаўленую задачу: ДОСаўскі гарадок (дамы афіцэрскага складу) атрымаў цяпло.

Было…

Аўдыёверсія цыклу апавяданняў падрыхтаваная Сяргеем Краснабародам.