Снежная азбука Чарнагорыі

Аднаго з выбітных сучасных паэтаў Чарнагорыі Андрыя Радулавіча ведаюць далёка за ягонымі роднымі гарамі: паэтычныя творы Андрыя перакладзеныя на два дзясяткі еўрапейскіх моў, сярод якіх італьянская, румынская, расійская, украінская, грэцкая, польская, іспанская, англійская, французская… Чарга — беларускай. У вершаваную нізку, прапанаваную ўвазе чытачоў «Літаратурнай Беларусі», увайшлі пераклады з кнігі «Снежная азбука», якая ўбачыла свет у 2007 годзе.

Андрыя Радулавіч нарадзіўся ў 1970 годзе ў Падгорыцы, жыве у Падгорыцы і працуе ў Падгорыцы рэдактарам у часопісах «Літаратурныя нататкі» і «Squaire». Аўтар дзесяці паэтычных кніг на розных мовах, лаўрэат прэстыжных еўрапейскіх літаратурных узнагарод. Цягам многіх гадоў актыўна і плённа займаецца пашырэннем культурных сувязей паміж славянскімі народамі. Прапаную пераклад аднаго з маіх улюбёных вершаў Радулавіча:

“Залатакоска і кот”
Выдавала маці дачку
год га годам
прыгажуню-залатакоску
Мяняліся жаніхі
мужы багатыя князі паэты
чарнявыя і рыжыя са шпорамі
на роварах трохколых ды на конях
Урэшце рэшт калека лялечнік прыйшоў
і то быў апошні цягнік
Цяпер па добрай старой завядзёнцы
плятуць кошыкі
з лазы і мараў
і лаюцца зразумела
адзін з адным
Пра ўсё распавёў мне іхні
важны санлівы кот

Пераклад з сербскай С. Сыс

Болей можна прачытаць у “Літаратурнай Беларусі” за 24 лютага 2012 г.