аРЦЕЛЬ №61

У 1981 годзе некалькі чалавек стварылі літаратурную супольнасць ды пачалі разам пісаць кароткія гумарыстычныя рэчы, галоўным героям якіх нязменна быў зборны вобраз студэнта філфака Міхася Бульбаносава. Чаму Арцель №61? Проста. Гэта нумар кватэры ў інтэрнаце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. На той час там жылі сярод іншых – Алесь Бяляцкі, Эдуард Акулін і Сяржук Сыс. Часцяком у госці забягаў Анатоль Кавалёў. Вось сярод гэтых тыпаў і трэба шукаць аўтараў несмяротных твораў.

Практыка

Па дарозе пыліць аўтобус. З-пад яго колаў, лямантуючы, разбягаюцца куры і качкі. Выбітае пер’е хмарамі асядае разам з пылам. Прыкутае на ўзбочыне цялё дарэмна спрабуе ўцякчы. Рэдкія старажытныя бабулькі няўцямна выглядваюць з-за пахіленых платоў. Шукаючы выйсця, безнадзейна скуголіць мясцовы Палкан. Раз-пораз з вакон пасажыркі выстрэльваюць пустымі пляшкамі “андропаўкі”. Трашчыць шыфер, звіняць разбітыя шыбы. Аўтобус выносіць у канец вёскі. Насустрач яму павольна цягнецца лядашчая бабулька. Яна з цяжкасьцю нясе вязку гальля. Дзіка завішчэлі тармазы…

Нібыта з рашчаўленай памідорыны, з пасажыркі пырснулі патлатыя стварэньні. Бабулька спуджана прысела. Пасыпалася гальлё.

— Позна, — падумала яна.

Некалькі істот схапіла яе за рукі, а да рота няўмольна набліжалася вялізная дуля мікрафону. Зашчоўкалі фотаапараты, зашасьцела магнітафонная стужка.

— Гавары! – раўкнула ў дваццаць глотак.

Бабулька, перхаючы ад віннага перагару, зьбіваючыся, ціха прамармытала некалькі фраз. З-за хат данёсься гул. Адтуль імкліва вымкнуў натоўп раз’юшаных мужыкоў. Блішчэлі косы, звонка ляскацелі цапы. Затрашчаў плот.

— Шуба! – заверашчала зграя.

Шалёна ўзравелі маторы. Аўтобус кракнуў ад напружаньня і зьнік. Бабулька жагнаючыся, задам адступала ў крапіву. Першым падбег сусед Хвядос.

—Жывая, — узрадавана выдыхнуў ён. Пасьпелі такі… Цяпер ужо да наступнага лета ня сунуцца.

— У-уу! – пагразіў ён пугаўём у бок шашы, — фальклёршчыкі!

© Арцель №61

Стыпендыя

Пачынаўся цёплы сонечны ранак. Была вясна. Студэнт Міхась Бульбаносаў зухавата саскочыў з ложка, і, схіліўшыся над гіраю, паспрабаваў падняць яе. Ён весела трулюлюкнуў некалькі разоў, потым пераціснуў шыю вафельным, у каляровых разводах рушніком і паважна выйшаў з пакою. Ва ўмывальні, адбіваючы пятамі кафельныя пліткі, ужо разміналіся ягоныя сябрукі.

— Плебеі! – прывітальна закрычаў Міхась. У адказ папусьцілі гаспадарчым мылам Гомельскага тлушчакамбіната. Міхась спрытна ўхіліўся і, шлёпаючы па мутных калюжынах, рашуча ірвануў да бліжэйшага крана. Вакол панаваў прыўзьняты настрой. Дзень Стыпендыі – заўсёды сьвята.

Сьцягнуўшы нядбала кінутую зубную шчотку і пасту, Міхась прыняўся зацята шмараваць зубы. У галаве гучэлі мужныя гімны золатадабытчыкаў Каландайка. Праз паўгадзіны на ганку студэнцкага інтэрнату з’явіўся малады, чыста выгалены і прычасаны юнак. Ён пераможным позіркам акінуў навакольле.

—Плебеі!, — спачувальна падумаў ён, амаль уяўна адчуваючы ў кішэні цяжар сарака рублёў. Студэнцкая плынь падхапіла яго і панесла ў бок факультэта. Сёньня яму гэта было нават прыемна.

“Купіць”, — думаў пра сябе Міхась, — шкарпэткі, насоўку, гальштук…

Заўтра дзень нараджэньня ў Валечкі…

Колькі можна пазычаць…

Аддаць, — зморшчыўся ён: 10 рэ – Натальцы, тры – Шурыку, руб дваццаць сем – Дзеду…”

У Дзеда ўжо як два тыдні ляжаў Міхасёў пашпарт…

Лагодныя думкі Бульбаносава былі перапынены палівальнай машынай, якая плюнула яму проста на летнік і ў твар.

— Плебеі! – абурыўся ён, — я ж ужо мыўся сёньня.

Але і гэтае здарэньне не здолела сьпіхнуць яго з цьвёрда абранага курсу.

Паважнымі драмадэрамі працягнуліся тры пары…

— Міхаська! – закрычаў Навум, — ратуй! Ін’екцыя! Піватэрапія! Зь цябе куфаль піва і ты мой сябар навек!

А дванаццатай гадзіне ночы ў інтэрнатаўскі пакой увалілася брудная асоба Міхася Бульбаносава. Зь вялікімі намаганьнямі ён узлез на вольны ложак. Зь кішэні самотна выпаў паклычаны рубель, глуха дзынкнулі аб падлогу медзякі…

— Плебеі,  варухнуліся апухлыя вусны…

© Арцель №61

А вось тут можна прачытаць болей.