”Мы ва ўспамінах ажывем не раз”

21 жніўня 2010 года ва Украіне адзначалася 85-годдзе з дня смерці таленавітага пісьменніка, сатырыка і публіцыста Восіпа Макавея (1867–1925), творчасць якога доўгі час была незаслужана паўзабытая. Адзіная ягоная кніга «пры Саветах» «Вибрані твори» выйшла ў 1954 годзе. Між тым ён падтрымліваў цесныя кантакты з Іванам Франко і Лесяй Украінкай, пісаў сатырычныя фельетоны і гумарыстычныя навелы, скіраваныя супраць буржуазных дэмагогаў і «масквафілаў». Але асобнае месца ў ягоным літаратурным набытку займаюць паэтычныя творы: вершы і паэмы, у якіх найбольш раскрыўся нацыянальны характар творчасці Макавея, ягоны рамантычны лірызм і бязмернае шанаванне роднага краю — Галіччыны. Нездарма некаторыя ягоныя творы сталі народнымі песнямі. Некалькі вершаў Восіпа Макавея ўпершыню публікуюцца ў перакладзе на беларускую мову.

Восіп Макавей

* * *
Наляцела куля з поля,
зазьвінела, як пчала, —
Божая, адбудзься, воля,
гэх, казацкая ты доля, —
грудзі куля апякла.

Ўпаў казак, устаць не можа,
навакольле аглядзеў:
«Ах, Карпаты, як тут гожа!
Не ўміраць, а жыць тут, Божа,
ды забілі неспадзеў.

Толькі й шчасця, што ўміраю
на зямлі маіх братоў;
толькі й жаль, што не спазнаю:
можа, з рук іх тут канаю
за правіны шчэ дзядоў.

Дый гатовая магіла,
не магіла, а гара;
досыць, душачка, тужыла,
дзе ты, Украіна міла, —
так далёка да Дняпра».

Без кітайкі, без каліны
пахавалі на вякі,
толькі вецер Верхавіны
панёс вестку да радзіны …
Што за горкі лёс такі…

КРЫЖ
І тут між скалаў крыж! Вось край заганны!
Куды ні глянеш, Бог укрыжаваны.

Няма тут ведаў, толькі – бездань веры,
І ўсюды рабскіх шыбеніц бяз меры.

Зямлёю песьні вольныя лунаюць,
А людзі божай літасьці чакаюць.

Паганяць твар асьветлены прыроды
Ліхім канцом Хрыстовае прыгоды.

А самі д’яблавымі йдуць шляхамі —
Зьвяругі ад калыскі аж да ямы!

О, Хрысьце, глянь: як тыя Юды і Пілаты
Чакаюць ад Цябе нябеснае адплаты!

Крыжом Тваім аздобіўшы сумленьне,
А сэрцы іх, нібы крыжы – з каменьня.

І шыбеніца ў хатах іх ёсьць Богам,
А Ты стаіш, Ісусе, за парогам…

* * *
Калі памром і ўзыйдзем палынамі,
Мы ва ўспамінах ажывем не раз,
Аж покуль побач з нашымі касьцямі
Заснуць усе, хто памяталі нас.

І з намі сьмерць адружыцца дазваньня,
наш пыл па сьвеце вецер параздзьме…
Вясна надыйдзе, прыйдзе час каханьня,
а нас ніхто не ўспомніць анідзе.

Ды выйдзе некалі самотная дзяўчына
Пагодным днём у ціхамройны лес-
І сцісьне сэрца ёй без дай прычыны,
І ейны дзень ад сьлёз памеркне спрэс.

Тады яна пабачыць нас, пачуе,
Нібыта сон і казку з тых гадоў,
Прымружыць вочы, цяжка засумуе,
Заслухаўшыся ў ціхі сон лясоў.

СОН
Ціхі сон гарамі ходзіць,
За сабою шчасьце водзіць.

Лес шуміць як быццам цішай,
Свае кветачкі калыша.

Сьпіце, сінія званочкі,
Ружы, змружце свае вочкі!

Не шумі, ты, гай зялёны,
Вецер адпачні, сцюдзёны.

Сьпяць няхай салодка краскі,
Хай ім сняцца сны, як казкі.

Неба ж як запунсавее —
Сонца іх малых сагрэе.

І сагрэе, й пацалуе,
І ў сусьветы павандруе.

Ціхі сон гарамі ходзіць,
За сабою шчасьце водзіць.

Пераклад Сяржука Сыса.

“Літаратурная Беларусь”, 24 верасня 2010 года