Згадваю найбольш вострыя моманты ў маім жыцці. Іх набралася даволі нямала, калі я мог апынуцца ці апынаўся за кратамі. Некаторыя з іх былі звязаны з падзеямі, якія ўжо сталіся значнымі ці менш значнымі вехамі нашай гісторыі, а некаторыя засталіся, адно, памяткамі майго жыцця. Я не магу зараз паглядзець адпаведных дакументаў, пагартаць перыёдыку даінтэрнэтаўскай пары ці, урэшце, зайсці ў інтэрнэт, каб удакладніць неабходныя даты і больш дакладна прапісаць падзеі, якія я згадваю. А зараз я цалкам спадзяюся на сваю памяць. І калі штосьці з апісанага будзе пярэчыць таму, што памятаюць іншыя ўдзельнікі гэтых падзей, дык няхай яны не судзяць мяне, а напішуць сваю версію навэлы, так будзе цікавей.
Мы — не адныя
У 1983 годзе, дзесьці позняй вясною, прыбег да нас у 61-ю кватэру гомельскага інтэрната кватэрнага тыпу, дзе жылі і вучыліся тады ва ўніверсітэце я і Эдзік Акулін, вяртлявы, як ртуць, Сяржук Сыс. Мы былі тады ўжо на чацвёртым курсе і жылі разам з чатырма гісторыкамі-першакурснікамі і адным эканамістам. А Сяржук пасля войска працаваў грузчыкам на кандытарскай фабрыцы “Спартак”, якая месцілася насупраць нашага інтэрната, на другім баку вуліцы Савецкай.
Кватэра наша была амаль уся беларускамоўнай. Першакурснікі — хлопцы ў асноўным з вёсак Гомельшчыны — настройваліся ў горадзе гаварыць “па-гарадскому”, але наш з Эдзікам прыклад і пэўная тлумачальная праца прывялі да хуткага іх вяртання да мовы. Размовы пра гаротны лёс нашай мовы, якой камуністы прадвыраклі хуткі і вечны спачын, пра тое, што трэба ўпірацца, супраціўляцца, паўсюль размаўляць па-беларуску і сваім прыкладам прапагандаваць нашую мову, ішлі ў нас амаль штодзень. Вядома, што мова была толькі вяршыняй айсберга, пад якой хаваўся значна большы і аб’ёмнейшы кантэкст. Мова была нашай відавочнай, легальнай маркаю, праз якую мы выразна гаварылі: мы хочам бачыць Беларусь сапраўды беларускай.
І вось у гэтую нашу беларускую хату прыбег з ашалелымі вачыма і з заклапочаным, трохі блазнаватым выразам на худым і смуглявым твары наш сябра Сяржук Сыс. Усхваляваным, перасякаючымся голасам ён сказаў: ”Я зайшоў у тэлефонную будку патэлефанаваць, а там ручкаю напісана: “Жыве Беларусь!” Я напачатку не паверыў яму. Не можа быць, каб у нашым цалкам зрусіфікаваным Гомелі, дзе непадкантрольнае камуністамі беларускае жыццё ў асноўным і варылася вакол нашага асяродку, знайшоўся яшчэ хтосьці, хто ведаў, ШТО ГЭТА ТАКОЕ — “Жыве Беларусь!”. Напісаць такое ў тагачасным Гомелі было раўназначна дыверсіі. Адна справа — патаемна раздрукоўваць з фотастужак, узятых у Вінцука Вячоркі і прывезеных мной з Мінска, здымкі, на якіх былі працы Міколы Ермаловіча, ці Ігната Абдзіраловіча, ці заходнебеларускія часопісы 30-х гадоў “Шлях моладзі” і “Калоссе”, і даваць іх пачытаць знаёмым студэнтам, іншая справа — выйсці вось так і адкрыта напісаць: “Жыве Беларусь!”. Але яшчэ больш моцна мяне ўразіла тое, што ў Гомелі знайшоўся яшчэ хтосьці, хто жыў на адной з намі хвалі.
Было ўжо позна, гадзін мо дзесяць вечара, я падхапіўся, як ашпараны, і мы пабеглі на вуліцу да той будкі з гэтым неверагодным надпісам. Па дарозе я не раз перапытваў у Сержука, ці не разыграў ён мяне і ці не напісаў гэты надпіс сам. “Ды не!” — шумна абураўся Сяржук. І вось я стаю ў тэлефоннай будцы на вуліцы Савецкай, бліжэй да цэнтра, чытаю гэты выразны, зроблены шарыкавай ручкай надпіс, і хваля шчасця і поўнага захаплення агортвае мяне з галавы да ног: “Мы не адныя!” Ніколі ў жыцці я не адчуваў такога ўздыму і, як цяпер гавораць, — кайфу.
“Мы павінны пакінуць пазнаку пра сябе, — паведамляю я Сержуку, — каб і яны ведалі, што яны не адныя, што і ў іх ёсць аднадумцы”.
Мы ў цемры ўжо бяжым у інтэрнат, хапаем асадкі, выскокваем на Савецкую і метадычна абпісваем надпісам “Жыве Беларусь!” усе тэлефонныя будкі, якія сустракаюцца на нашым шляху. Эмоцыі і пачуцці б’юць з нас крыніцай. Мы, нібы шалёныя, носімся па горадзе і пішам, пішам…
Назаўтра я вырашыў, што прыйшоў час дзейнічаць больш актыўна. Сяржук Сыс па маёй замове выразаў на цвёрдым аркушы паперы трафарэт з надпісам “Жыве Беларусь!”, я купіў балончык з чырвонай аўтамабільнай эмаллю, а таксама пластмасавыя бутэлечкі з тушшу і пэндзлі. Неўзабаве ўвечары я і падбіты і разагітаваны Толік Казлоў, яшчэ адзін наш сябра, захапіўшы пэндзлі і гуаш, выйшлі “на справу” ў гомельскі парк. Была позняя цёплая вясна. Вечарэла. Зялёная лістота, трава, кветкі ўкрывалі ўвесь парк. Мы хадзілі па парку і шукалі зручнае месца, дзе б нам напісаць чароўныя і запаветныя словы. Урэшце спыніліся на драўлянай лесвіцы, якая сыходзіла з высокага парку на бераг Сожа. Сходы былі высокія, з парэнчамі, яны перабіваліся драўлянымі пляцоўкамі для адпачынку. Мы пачалі з долу, падымаючыся ўгору, абпісваць прыступкі і пляцоўкі чырвонай гуашшу: “Жыве Беларусь!”, “Жыве Беларусь!”. І толькі мы напісалі апошні лозунг, толькі склалі свае прылады працы ў торбу, як на сцежцы, якая ішла з парку да лесвіцы, проста на нас з-за густых кустоў бэзу выйшаў міліцэйскі нарад. Сэрца ў мяне адчайна забілася, кроў прыліла да галавы. Няўжо яны заўважылі? Няўжо нас зараз затрымаюць? Але ўсё абышлося. Міліцыянты павярнулі на іншую сцежку і пайшлі уздоўж стромкага берага. А мы перавялі дух.
Наступны раз мы выйшлі з Сержуком Сысам у горад і каля інтэрната ў цэнтры Гомеля праз трафарэт на сцяне дома напырскалі надпіс “Жыве Беларусь!”. Глядзелася будзённа і па-дзелавому. Як быццам бы мясцовы ЖЭС напісаў указальнік у бліжэйшае бомбасховішча. А потым аказалася, што ветраны Сяржук выпрабаваў трафарэт проста ў нас у пакоі. З гэтага самага балончыка ён набіў некалькі надпісаў, напырскаўшы паўсюль чырвонай эмалі — глядзелася прыгожа. “Ну ты і дундук! — адчытаў я яго. — Як жа зараз мы будзем пісаць гэтай фарбаю ў горадзе?” Уся нашая канспірацыя знікла як дым.
Сустрэча ў парку з міліцыянтамі і бяздумнасць Сержука Сыса былі для мяне халодным душам. Было відавочна, што любая наша вулічная лозунгавая актыўнасць, як толькі яна стане вядомай КДБ, непазбежна прывядзе да нас, бо болей на той час у горадзе беларускіх актыўных асяродкаў і не было. А што было б потым, не хацелася і думаць. Я адганяў гэтыя думкі, як надакучлівых мух. Так мы спыніліся пісаць лозунгі, зноўку пераключыліся на працу і на пошук аднадумцаў. А тыя, хто зрабіў самы першы надпіс “Жыве Беларусь!” у Гомелі, так і не знайшліся. Мы не аднойчы ў сваіх размовах вярталіся да гэтага эпізода і ўрэшце вырашылі, што гэта быў хтосьці з заезджых мінчукоў.
А ўжо значна пазней, у наш час, чытаючы кнігу Людмілы Аляксеевай пра дысідэнцкі рух у СССР, я прачытаў пра тое, што менавіта 83-ці год вылучаўся масавымі зачысткамі дысідэнтаў па ўсім Савецкім Саюзе. КДБ вырашыла назаўсёды пакончыць з дысідэнцкім рухам у СССР. І сотні, калі не тысячы іншадумцаў з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі і Закаўказзя былі арыштаваныя, асуджаныя і паехалі ў псіхушкі і лагеры. Гэта быў змрочны, безнадзейны год, калі мароз таталітарызму, здавалася, на доўгія гады скаваў здранцвелае цела грамадства і наперадзе не было відаць ніякага прасвету.
Менавіта ў тыя гады адбываліся апісаныя мной падзеі. Вось так часам няведанне агульнай карціны дапамагае чалавеку захаваць лакальны аптымізм, не расчаравацца і не апусціць рукі. Тым не менш халоднае крыло магчымых наступстваў прашалясцела над нашымі маладымі галовамі.
14.09.2011. Валадарка.