Вялікае Княства Лысагорскае

Ад часінаў Вядзьмака Лысагорскага ды “Сказа пра Лысую Гару” з усімі яго працягамі, гэная Гара, што пад Заслаўем, вядомая дзе-нідзе ў свеце як сталае апірышча творчага люду, як таемнае, паганскае месца, дзе шмат чаго пераблытана, дзе адбываюцца дзіўныя з’явы, дзе часам нараджаюцца мацаковыя творы.

Тут можна халодным снежным прыцемкам па дарозе аднекуль у нікуды нечакана сустрэць Сяргея Дубаўца, а праз нейкі час даведацца, што там, на Гары, Дубавец напісаў безліч розных штукаў: Кайлюса і Зелбу, Чалавека без галавы, Чучундру, урэшце… Ці не Лысая Гара пісьменніку тыя сюжэты з назвамі панавыкручвала?

Можна таксама часам пачуць пазітыўны рогат з пергалы Максіма Клімковіча, дзе плённы дуэт Клімковіча з Ахроменкам стварае чучундраўскія аповесці, кшталту маіх улюбёных “Янак альбо Астатняга наезду на Літве”.

Ліюцца творчыя размовы і пад таемнымі яблынямі Гаспадыні Лысае Гары Аксаны Спрычан, дзе збіраецца процьма розных цікавых і не зусім літаратараў, хвілосафаў, ды музыкаў. Неяк тая Аксанка напісала, што “столькі сапраўдных рэчаў пісьменнікаў, колькі іх ёсць у Вялікім Княстве Лысагорскім, упэўненая, няма нават у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. І гэтыя рэчы працягваюць несці жывую памяць пра сваіх уладальнікаў. Так, Сяргей Вераціла на Лысай Гары ходзіць {зараз ужо — не} у кашулях Уладзіміра Адамчыка. А Максім Клімковіч для ганаровых гасцей можа вынесці да вогнішча фатэль Максіма Танка, седзячы ў якім народны паэт Беларусі працаваў у Саюзе пісьменнікаў БССР, будучы ягоным старшынёй. У мяне ж на паліцах стаяць часопісы «Полымя», «Маладосць», «Иностранная литература», якія выпісваў Анатоль Вялюгін”.

Глобус Адам дык спрычыніўся неяк да акцыі-перфомансу “Лятучы стол Караткевіча”, ахвяраваўшы гэтую рарытэтную рэч, якая добрую частку свайго жыцця набрыньвала духам Лысай Гары, кнігарні пана Логвінава.

Тут можна згубіць і знайсці, згубіцца і адшукацца, маўчаць і абпісацца…

Алесь Жук каля летняга Дамка Рыгора Барадуліна на Лысай Гары
Алесь Жук каля летняга Дамка Рыгора Барадуліна на Лысай Гары

Нездарма ў культурніцкім праекце календара  на 2014 год “Першапачатак” прысутнічае шмат хто з абарыгенаў Лысагор’я. Вось, напрыклад, Рыгор Барадулін, увасоблены ў ролі Дамавіка. Патлумачу, што тут, на Лысае Гары, схаваны у непраходных нетрах дробналесся, дагнівае ягоны летні дамок, які аблюбавалі вялізныя лясныя мурашы. Хадзіў я нядаўна туды з пісьменнікам Алесем Жуком. Ці, скажам, сапраўдным Жыценем выглядае “лысагорац” Анатоль Вярцінскі. А вось ролю Бордзі, апякункі шлюбу і сям’і абрала Аксана Спрынчан. Нават і я падвізнуўся ў тым календары у ролі чорта. Штопраўда, хаця і не абарыген Лысае Гары, аднак даўно зрабіўся неад’емнай часткай мясцовых пейзажаў ды нацюрмортаў.

Карацей, Лысагор’е тое, хаця і драбнее духам, аднак яшчэ вабіць і прыцягвае тых, хто верыць у дзівосы.

2014.