Будні дзень Міхайлавіча пачынаецца дакладна ў 7 гадзін раніцы. Звычайна, за выключэннем рэдкіх святаў ды выходных, калі ня трэба думаць пра службу, ён “на аўтамаце” ставіць на пліту гарбатнік, педантычна голіцца і шукае чыстыя шкарпэткі. Затым гатуецца кава, якая выпіваецца, як кажуць, на бягу, а кубак застаецца да вечара ў вітальні на тумбачцы.
Праз паўгадзіны кватэра пусцее, а халасцяк-гаспадар нетаропка – час вывераны ледзьве не да хвіліны – крочыць на аўтобусны прыпынак. Хто ён такі, гэты чалавек? Цяжка сказаць дакладна. Заможны адзінокі мужчына, узрост якога мяжуе з лічбаю 50, апрануты ладна, хаця і без густу, невыразнага целаскладу. Знаёмыя жыхары нашай хрушчоўкі па вуліцы Юбілейнай называюць яго Міхайлавічам.
Чатыры-пяць хвілін спакойнай хады да бліжэйшага гандлёвага цэнтра, за вуглом якога, паміж зачыненых пакуль камерцыйных павільёнаў, сярод таварышак пенсіянерак звыкла топчацца вядомая многім курцам баба Надзя. Штораніцы яна цішком гандлюе таннымі кантрабанднымі цыгарэтамі. Углядна азызлая, з нагамі, бязлітасна пасечанымі тоўстымі ссінелымі венамі і барвяным, абветраным тварам, баба Надзя усё ж імпануе Міхайлавічу. Прылічаны да класу яе заўсёдных пакупнікоў, ён несвядома карыстаецца з гэтага: цыгарэты набываюцца амаль па сабекошце. А тыя падзеі, што зрэдку здараюцца ў жыцці старой і вакол яе, становяцца вядомымі яму ці не ў першую чаргу. Яна прызвычаілася да штодзённага з’яўлення Міхалыча ў сем трыццаць пяць і даўно ўжо не шугаецца спуджана ўбок, як гэта здараецца, калі западозрыць ў незнаёмцы залётнага пераапранутага падаткавіка.
Некалькі тыдняў таму баба Надзя пахавала мужа адзінай дачкі. Яна распавядала многім, як глыбокай ноччу ў маладога яшчэ хлопца раптоўна забулькала ў сэрцы і дактары, што вомільгам прыляцелі, былі бяссільныя дапамагчы. У тыя дні Міхайлавіч крыху разгублена вышукваў сярод гандлярак бабу Надзю і, адчуваючы сябе няўтульна, нерашуча набываў цыгарэты ў іншых «бізнэсвумэн». Затым усё вярнулася на свае месцы, хіба што позірк у старой зрабіўся больш бляклым і невыразным.
Сёння, як і раней, Міхайлавіч спыніўся ля знаёмай гандляркі, каб набыць новы пачак цыгарэт і з асалодай тут жа прыпаліць самую ранішнюю. Глыбока зацягнуўшыя і развітаўшыся, паважна пакрочыў далей, на аўтобусны прыпынак.
Памяркоўная плынь такой свежай, такой лагоднай і вывучанай да драбніц вуліцы Юбілейнай надае яму ўпэўненасці, бадзёрыць яго прадказальным, злёгку меланхалічным характарам, пакідаючы ў думках Міхайлавіча ледзьве асязальны налёт урачыстасці. Ён і ёсць тут, у цёплым чэраве вуліцы, сапраўдны. За некалькі дзесяткаў аднастайных гадоў вуліца змусіла яго зрабіцца сваёй арганічнай часткай, адной з дзеючых асобаў яе штодзённага тэатра.
Малюнак іхняга з вуліцай суіснавання парушаецца досыць рэдка, таму шмат якія фрагменты ранішняга маршруту можна прадбачыць даволі дакладна. Верагодна, што сёння, напрыклад, Міхайлавіч па дарозе да прыпынка павітаецца з трымя сваімі знаёмымі. Падобныя ўзроўнем сваёй сталасці і прыналежнасцю да чыноўніцкай драбязы, усе яны – самая змястоўная масоўка вуліцы зараз, без чвэрці восем, яе галоўны напаўняльнік. З непрыхаваным пачуццём уласнай годнасці, сціскаючы дыпламаты і кейсы ў мяккіх пульхных руках, гэтыя людзі так ці інакш карыстаюцца вуліцай, каб праз яе магнетызм трапіць на больш значныя абшары, а ўжо адтуль – у канторы, офісы, кабінеты. Пазнаёміўшымся невядома калі і як, хутчэй нутром адчуваючы адзін аднаго, гэтыя клоны-Міхайлавічы адчуваюць сябе авечкамі агульнага гурта, што выпашваецца на вуліцы, па якой якраз вось і крочыць наш Міхайлавіч.
Карычневы касцюм, блакітная кашуля, гальштук у чорна-белую дыяганаль. Выгляд якраз такі, якім марыў бачыць мяне самога мой татка шмат гадоў назад, яшчэ калі я вучыўся ў правінцыйным універсітэце на поўдні Беларусі.
Позірк Міхайлавіча аўтаматычна выхоплівае з панарамы няхітрай правінцыйнай архітэктуры постаці дворнічых у аранжавых фартухах, што мятуць тратуар. Ён заўважае, як проста на вачах знікае нядбайна параскіданае начнымі маладзёнамі смецце: бліскучыя паперкі, недапалкі, піўныя бляшанкі ды скамечаныя цыгарэтныя пачкі. Ён не можа не заўважыць, як пабольшала пад нагамі апалай лістоты. Хутка верасень і гэта – няблага, бо напачатку восені Міхайлавіч звычайна выпраўляецца ў адпачынак у Крым, альбо ў Адэскую вобласць. Дажыў, значыць.
У сухі мяцёлкавы шоргат урываецца імпульсіўнае стаката жаночых абцасікаў, прасочваецца адрывіста-камернае рэха прыблудных слоў, што далятаюць сюды, здаецца, з нейкага таемнага, ілюзорнага свету, запаўзае слабое рыканне яшчэ ненатруджаных за дзень аўтамабільных матораў. У ранішнюю песню вуліцы ўплятаюцца таксама і зусім неакрэсленыя гукі, якія нават класіфікаваць немагчыма. Злёгку вільготныя і цёплыя, яны ахінаюць Міхайлавіча салодкай дрымотнай тугою і прыемна казычуць ягоны чыноўніцкі слых. Міхайлавіч дакладна ведае, што толькі ў ціхай душы можна пачуць новыя гукі.
Да прыпынка застаецца дзвесце сорак чатыры крокі, — дакладна фіксуе Міхайлавіч, выхапіўшы позіркам дарожны знак, што забараняе стаянку аўтамабіляў па правы бок вуліцы. Гэты адмерак шляху ён лічыць самым невыразным. А таму і нецікавым. Хаця… сярод некалькіх пяціпавярховікаў, абы-як абсаджаных жоўта-зялёным асарці з каштанаў, рабінак ды ліп, можа з’явіцца – так, так, вось яна! – пухлаватая і, відаць, цёплая яшчэ навобмацак дзеўка, якая, напэўна, ніколі канчаткова не прачынаецца, са сваім дурнаватым ратвейлерам, ласым да сустрэчных сук. Каржакаваты кабялюга мае няўрымслівы характар і часта проста валачэ гаспадыню на павадку, не абіраючы шляху па клумбах ды кустоўі.
Міхайлавіч чытаў у нейкім часопісе, што з цягам часу людзі, якія трымаюць хатніх жывёл, робяцца падобнымі да братоў сваіх меншых і знешнасцю і характарам.. Ён цалкам пагаджаўся з такім меркаваннем, а часам яму нават здавалася, што аднойчы гэтая мяккацелая, у шырокіх спартовых штанах, маладзіца накінецца раптам, паваліць яго проста на траву і… бр-р..
А можа, падсвядома ён аб гэтым і марыў, як ты тут праверыш…
Наперадзе, перад вялікім скрыжаваннем – стаянка прыватных таксовак. Тутака нярэдка дзяжурыць у сваім састарэлым “Масквічу” наш агульны з Міхайлавічам сусед, бамбіла Жорык, які ніколі не прамінае запрасіць яго скарыстацца паслугамі і заўсёды ў адказ чуе тактоўную адмову. Жорык жа іншага і не чакае. Моцна здзівіўся б ён, калі б Міхайлавіч раптам пагадзіўся.
Самы час паварочваць налева. Да прыпынка можна прайсці і карацей, — сцяжынай, якую пратапталі рацыянальныя мінакі па газоне, наўскос, але Міхайлавіч ніколі не зразае шлях. Да гэтага яго прывучыў сівы ветэран-адстаўнік, што хадзіў тут яшчэ некалькі гадоў назад, пакуль я, разам з суседзямі, не вынес труну з апусцелай кватэры ветэрана да катафалку. Ваяўнічы нябожчык быў проста апантаны маніяй прамых вуглоў і, перад тым, як пакінуць гэтую вуліцу навечна, паспеў заразіць сваёй звычкай і яго.
Адпаліраваны незлічонымі падэшвамі бардзюрны камень – створаная фантазіяй Міхайлавіча мяжа, за якой пачынаецца чужая, куды больш небяспечная тэрыторыя. Там, за шэрым бардзюрам, бярэ пачатак іншы свет: нахабны, імклівы, жорсткі, у якім ён ніколі не зможа расслабіцца. Так, ён ніколі не будзе належаць гэтаму шырачэзнаму праспекту, а праспект належаць яму. Яны вельмі розныя. На прыпынку, нібыта на адказным старце, сярод мітуслівых гараджан, ён увачавідкі губляецца, глыбей хавае сваю звычайную задаволенасць. Тут яна можа быць не да месца.
Затым робіць апошнюю доўгую зацяжку і непрыкметна, можа, самую крышачку, угнуўшыся, заскоквае ў любы аўтобус, бо сыходзіць яму ўсё адно праз два прыпынкі.
Міхайлавіч верыць: ніхто цяпер не здагадаецца, што пад маскаю суровай засяроджанасці і лёгкага незадавальнення прыхаванае нешта больш значнае – таямніца ягонай гармоніі з вуліцай. Міхайлавіч упэўнены, што заўтра раніцай ён абавязкова паўторыць свой звыклы шлях. Інакш і быць не можа. Таму што і шчарбаты бардзюрны камень, і баба Надзя, і пухлая дзеўка паміж заспаных шэрабетонных дамоў і ўсё астатняе начынне вуліцы Юбілейнай – уласна кажучы, і ёсць ён сам.