Пабачыў свет 71-ы нумар літаратурнага часопіса “Дзеяслоў”. Сярод іншых тэкстаў перыёдык друкуе ўнікальныя эпісталярныя матэрыялы, кажа галоўны рэдактар часопіса Барыс Пятровіч:
— Гэты нумар можа быць цікавы матэрыяламі, якія нам перадалі родныя і блізкія беларускіх пісьменнікаў. Найперш гэта студэнцкія дзённікі Рыгора Барадуліна, якога не так даўно мы страцілі. Таксама лісты з Гародні Васіля Быкава. Яны датаваныя 70-мі гадамі, калі ён жыў у Гародні. Сяргей Дубавец знайшоў невядомыя вершы Таццяны Сапач, мы таксама іх друкуем.
Таксама ў часопісе – заканчэнне рамана Людмілы Рублеўскай “Дагератып”, проза Сяргея Дубаўца, эсэ Сержука Сыса, вершы Віктара Жыбуля і Віктара Слінкі і шмат чаго іншага.