Мікола Купава: “Ставілася задача на знішчэнне беларускай нацыі наогул”

І вось прайшло 500 год. Гэтая лічба зараз падаецца ў нечым магічнай. Прайшло столькі часу – гэта ж не адзін дзень – а мы памятаем, паколькі за гэтай перамогай стаіць моц народа, беларускай нацыі, ягоная вялікая культура. Бо на той час быў у нас і Скарына, і ствараўся Статут ВКЛ. Мы павінны гэтым ганарыцца і даводзіць усяму свету, які мы, беларусы, маем вялізны культурны і гістарычны багаж. А вось чорныя сілы не павінны панаваць у нашай дзяржаве.

Мікола Купава. Фота Радыё Свабода.
Мікола Купава. Фота Радыё Свабода.

Літаральна днямі, стала вядома, што Аршанскі райвыканкам не даў дазволу на правядзенне 6 верасня на Крапівенскім полі фэсту і канцэрту, прысвечаных 500-годдзю вялікай Аршанскай бітвы. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе з Аршанскага райвыканкаму, які атрымаў адзін з кіраўнікоў аргкамітэту па святкаванні 500-годдзя бітвы пад Воршай, вядомы мастак Мікола Купава. Ва ўрачыстасцях на Аршанскім (Крапівенскім) полі, дзе 8 верасня 1514 году адбылася бітва войск ВКЛ і Маскоўскага княства, планаваўся ўдзел некалькі соцень чалавек, у тым ліку былі запрошаныя прадстаўнікі замежных амбасадаў. Таксама ў праграме святкавання 6 верасня былі набажэнства, шэсце па Воршы і паездка на Крапівенскае поле, дзе ўдзельнікі ўрачыстасцяў збіраліся ускласці кветкі да памятнага знака, урачыстая частка і канцэрт.

Цяпер аргкамітэт разглядае іншыя магчымасьці адзначыць угодкі перамогі беларускага войска на чале з вялікім гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астрожскім над войскам Княства Маскоўскага. Пра гістарычнае значэнне перамогі войска ВКЛ пад Воршай і ролю гэтай бітвы ў станаўленні сучаснай Беларусі Мікола Купава распавядае чытачам сайта ПЦ “Вясна”.

 Спадар Мікола! Сёлета беларусы, ды і ня толькі яны, адзначаюць вялікую гістарычную дату – 500-годдзе славутай Аршанскай бітвы. Ці можаце коратка распавесці пра значэнне гэтай важнай падзеі для беларускай нацыі?

– Перамога ў 1514 годзе была лёсавызначальная як наогул для Вялікага Княства Літоўскага, так і для беларускіх земляў у першую чаргу. Перад войскамі Маскоўскага княства была пастаўленая задача “ісці з агнём” на Вільню. На той час быў узяты Бобр, Друць, войскі дасягалі Менскіх ваколіц, стаялі пад Воршай. Калі казаць пра Воршу, якая зараз у цэнтры тых падзеяў, дык нагадаю, што Масква ў 16 стагоддзі 7-8 разоў хадзіла на гэты горад. А за год да Аршанскай бітвы, маскоўскія войскі тройчы беспаспяхова намагаліся захапіць ўмацаваны Смаленск. Ёсць звесткі, можа і не даказаныя, што князь ВКЛ Міхаіл Глінскі, які прэтэндаваў на ўладу ў гэтым горадзе, “дапамог” расейцам ўзяць яго подкупам.  Бо ня ўзяўшы Смаленск, войскі не маглі рухацца наперад, пакідаючы ў тыле моцную цытадэль.

Тады, бясспрэчна ставілася задача на знішчэнне беларускай нацыі наогул. Зараз расейскія даследчыкі гісторыі крытыкуюць сваіх папярэднікаў, за тое, што яны неабачліва паведамілі ў свой час пра 80-тысячнае маскоўскае войска, што па тым часе было нечувана вялікім.

Але бліскуча была арганізаваная Аршанская бітва, у выніку чаго і была дасягнутая перамога ўтрая меншымі па колькасці сіламі. За гэтым стаяць, безумоўна, талент, спрыт і рыцарскае мастацтва многіх вайскаводцаў – Радзівілаў, Сапегаў.  Дарэчы, там быў і Юхно Грыцкевіч, далёкі продак нашага старшыні аргкамітэта гісторыка Анатоля Грыцкевіча. Бралі таксама ўдзел у бітве і малады слуцкі князь, катораму было ўсяго 24 гады, ягоны пагодак стараста аршанскі.

Аднак першынство і самая галоўная роля належала найвышэйшаму гетману ВКЛ Канстанціну Астрожскаму. Ён так удала арганізаваў справу, што на высокім узроўнім было і рыцарства, і іх узбраенне. Менавіта значна меншае па колькасці войска і вымусіла нас быць моцна арганізаванымі і падрыхтаванымі. Ну, і вядома артылерыя добрая была. Калі глянуць на славутую карціну пабаявішча, што захоўваецца ў Варшаўскім нацыянальным музеі, дык можна заўважыць трынаццаць гармат, а чатырнаццатая якраз падвозіцца. Таму перамога атрымалася бліскучай. І не трэба нам ад гэтага сціпла хавацца. Так было і гэта наш вялікі гонар. А вось калі б выйшла тады інакш, дык мы магчыма пра гэта сёння б не гаварылі, і не сядзелі б тут.

І вось прайшло 500 год. Гэтая лічба зараз падаецца ў нечым магічнай. Прайшло столькі часу – гэта ж не адзін дзень – а мы памятаем, паколькі за гэтай перамогай стаіць моц народа, беларускай нацыі, ягоная вялікая культура. Бо на той час быў у нас і Скарына, і ствараўся Статут ВКЛ.

Мы павінны гэтым ганарыцца і даводзіць усяму свету, які мы, беларусы, маем вялізны культурны і гістарычны багаж. А вось чорныя сілы не павінны панаваць у нашай дзяржаве.

– Цікава было б ведаць і праграму гэтага святкавання, якую старанна и руплива рыхтаваў аргкамітэт?

– Мы разаслалі лісты ў асноўныя гарады і мястэчкі, якія маюць дачыненне да гэтай перамогі. У першую чаргу, у Воршу, чакаем цяпер вынікаў…  Сярод іншага мы прапанавалі цэнтральнай вуліцы горада, якая носіць імя Леніна, надаць імя Канстанціна Астрожскага. Падобныя лісты ад аргкамітэта адпраўленыя ў Дуброўну, Крычаў, Мсціслаў, усе тыя гарады, якія былі акупаваныя на той час, а затым  вызваленыя Астрожскім.

Нашае святкаванне спланаванае так, што разнастайныя мерапрыемствы будуць доўжыцца аж да Калядаў. Гэта і розныя выданні, і памятныя медалі і значыкі, паштоўкі, мастацкія плакаты і цэлы шэраг іншых спраў. Самае галоўнае, гэта, канешне, святкаванне на Аршанскім полі-пабаявішчы. Некаторыя зараз называюць поле Крапівеньскім, з чым я не зусім згодзен. Бітва ж была не пад самай Крапіўнай, а ўсяго ў шасці вярстах ад Воршы.

За дазволамі мы звярнуліся па трох адрасах. Гэта – лісты разам з праграмай святкавання 6 верасня да старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Касінца, старшыні Аршанскага райвыканкама Мікалая Лісоўскага і  старшыні Крапівеньскага сельскага Савета з просьбаю, каб не перашкаджалі гэтаму святу, на заміналі волевыяўленню народа, які збярэцца святкаваць. Нам жа хаваць няма чаго! Гэта цалкам лаяльнае і лагічнае нацыянальнае свята.

А вось не святкаваць – гэта будзе недобрасумленна, заганна і нават злачынна. Таксама даслалі і афіцыйную паперу пра дазвол на афіцыйнае масавае мерапрыемства. Мне вядома, што і аршанскія актывісты таксама такі ліст у сваю чаргу адправілі ў райвыканкам.

 Але ў гэтай краіне можа адбыцца ўсё што заўгодна, і няма чаму будзе дзівіцца,калі могуць і адмовіць у масавым мерапрыемстве? І што тады? Ізноў хавацца па палях-лагчынах і бардам, і гасцям свята?

– Ведаеце, падрыхтавана некалькі праграм і самыя разнастайныя мерапрыемствы.  Праграма ж нашая больш шырокая, ня толькі там, скажам, начны фэст. На святкаванне таксама выказалі намер прыехаць замежныя госці, тэлефанавалі, напрыклад палякі, прадстаўнікі замежных амбасадаў, але толькі калі будзе дазвол ад уладаў. Спадзяемся зразумела на самы лепшы зыход ад гэтых перамоваў, але…

 Цікава, што Україна таксама рыхтуецца шырока адзначаць гэтае свята. ПраАршанскую перамогу часта ў сродках масавай інфармацыі пішуць з гонарам, забіраюць такім чынам у беларусаў частку той славы.

 Ну гэта натуральна. Найперш усе мы, і беларусы і украінцы, ўваходзілі ў Вялікае княства Літоўскае,таму мела месца беларуска-ўкраінскае братэрства па зброі. Яшчэ давайце ўзгадаем, што продкі Канстанціна Астрожскага збудавалі ў мястэчку Астрог (у сённяшняй Ровенскай вобласці) замак, дзе і месціўся цэнтр іхняга роду. І пахаваны сам Астрожскі ў Кіеўскай лаўры. Таму украінцаў зразумець можна.

 А што робіць для адзначэння гэтага вялікага юбілею ўлада? Цізапланавана хоць нешта на дзяржаўным узроўні?

 Наколькі мне вядома, адзін з такіх прыемных момантаў, гэта рашэнне Менгарвыканкама аб прысваенні адной з новых вуліц сталіцы імя бацькі і сына Астрожскіх. А таксама выданне юбілейнай манеты, прысвечанай 500-годдзю Аршанскай бітвы. Вось каб на ўсіх узроўнях рабілісяпадобныя ўнескі ў нашае агульнае свята перамогі пад Воршай – тады б можна было ганарыцца.

spring96.org