“Жыву, бунтую, хто зразумее?”

Даўно пераканаўся, што з узростам у чалавека сапраўдных сяброў не становіцца болей, хутчэй, наадварот. Аднак здараецца, што лёс сутыкае людзей, і на доўгія гады яны робяцца аднадумцамі. Перабіраю стосы лістоў, напісаныя амаль нечытэльнай лацінкаю, якія дасылаў мне ў войска сябра Алесь Бяляцкі. Потым, калі Алеся таксама абулі ў кірзачы, ён пісаў у сваю чаргу мне з далёкай Свярдлоўскай вобласці, дзе давялося яму стаць механікам-­кіроўцам браніраванага цягача.

Сяржук Сыс і Алесь Бяляцкі. Гомель, 1983 год.
Сяржук Сыс і Алесь Бяляцкі. Гомель, 1983 год.

Алесь Бяляцкі літаральна ўварваўся ў маё жыццё ў 1979 годзе, каб ад таго часу быць прысутным не толькі ў самых розных побытавых калізіях, але і ў грамадзянскіх учынках і падзеях. Наш агульны сябар паэт Анатоль Сыс у адным са сваіх лістоў да мяне — дарэчы, ён таксама тут, у гэтым стосіку, — напісаў так: «Трымайся Алеся, з ім не прападзеш, але гора цяпнеш». Так яно і сталася… Алесь правёў за кратамі амаль тры гады. Надта не любяць у нашай краіне праваабаронцаў.

Памятаю ягоны апошні тэлефонны званок мне на лецішча, у нядзелю 31 ліпеня 2011 года, за некалькі дзён да ягонага арышту. Пасля кароткага прывітання Алесь пачаў чытаць верш, затым другі… Пачутае падалося мне нейкім знаёмым, блізкім, аднак аўтара пазнаць я не мог, таму запытаўся ў Алеся: «Чые?»

— Твае, — лаканічна адказаў ён. — Перабіраю вось архіў і натрапіў на твае армейскія лісты, а там — вершы.

Не збярог я ў свой час тую «вайсковую» паэзію для сябе, таму нецярпліва папрасіў Алеся, каб зрабіў мне копію. Аднак не ўдалося яму — праз пару дзён «павязалі».

Вось згадваю зараз нашае студэнцтва, і прыходзіць разуменне, што сённяшні Бяляцкі вырастаў яшчэ тады, падчас нашага навучання ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце.

З Алесем мы ў 1979 годзе патрапілі ў адну групу на гісторыка­філалагічным факультэце ГДУ, але сышліся не адразу. На тое была банальная прычына: першы семестр Бяляцкі жыў на кватэры, а я адразу акунуўся з галавой у інтэрнатаўскае жыццё. Некаторы час прыглядаліся адзін да аднаго, затым пакрысе пачалі дзяліцца думкамі, першымі сваімі паэтычнымі спробамі. Размовы пра літаратуру выліліся крыху пазней у стварэнне на факультэце рукапіснага альманаха. Пазнаёміўшыся бліжэй, пачалі шмат падарожнічаць: спрабавалі пешшу прайсціся па беларускім Палессі, зладзілі паездку да магілы Максіма Багдановіча ў Ялту. Ужо тады мы скептычна ставіліся да многіх грамадска­палітычных рэалій і ў размовах і спрэчках шукалі іншай праўды, праз спасціжэнне культуры і гісторыі адчынялі для сябе невядомую нам Беларусь.

Зжаўцелая ад часу перапіска з Алесем, лісты датаваныя 1981–82 гадамі…

Некаторыя вытрымкі з лістоў даюць дакладнае ўяўленне аб тым, чым займаўся студэнт Алесь Бяляцкі, якія праблемы хвалявалі яго на той час, і ўрэшце адказваюць на галоўнае пытанне: у чым вытокі яго высокай грамадзянскай свядомасці і прынцыповасці, менавіта тых якасцяў, пра якія сказаў паэт Ніл Гілевіч:

Мы ўзышлi не з насення,

што ветрам занесена,

Мы не дзiкай травы

самарослыя парасткi.

У глыбiнях зямлi,

гераiчнай i песеннай,

Нашых душ каранi — 

з вузялкамi ўпартасцi.

«…У самым канцы падарожжа я заехаў у Менск пашукаць аднадумцаў і паглядзець, што там робіцца. І мне зноў пашэнціла! Чуеш, ты, лысы, я не адзін! Ты нават уявіць не можаш, як сур’ёзна там глядзяць на гэтую справу. Я сышоўся з хлопцамі з універу БДУ. Вельмі многа цяпер залежыць ад нас. Як прыеду — адразу пачынаю бурную дзейнасць. Гэта справа не на месяц, не на два. Гэта не хобі. Гэта справа ўсяго жыцця! Пачынаецца адраджэнне! Дзеля гэтага я гатовы на ўсё. Пачынаецца сапраўднае жыццё… І зноў цябе няма побач! Я не ведаю, як пойдуць справы зараз, але ж я вельмі спадзяюся на тваё вяртанне…»

«…Сяджу на жлобінскім вакзале і чакаю цягнік на Вільню… Пачынаецца чарговае падарожжа. Маршрут на 10 дзён такі: Вільня і тое, што каля Вільні (што ўваходзіла ў спрадвечнае бел­літоўскае княства і, значыць, непасрэдна звязана з нашай гісторыяй). Потым еду — Коўна. Шаўляй. Рыга. На адваротнай дарозе заеду ў Менск…»

Алесь не толькі шмат падарожнічаў… У тыя гады яго цікавілі самыя разнастайныя пытанні духоўна­культурніцкага адраджэння Беларусі, этнаграфія, гісторыя, археалогія, літаратуразнаўства, музыка. Ён — актыўны ўдзельнік літаратурнага гуртка «Крынічка» ГДУ.

«Зараз думаю зноўку аб часопісе, ну, вядома, ужо не такім, які мы выпускалі раней. От ад цябе і патрабуюцца вершы. Табе ж збоку лепей відаць, што ты там можаш зрабіць. Так што чакаю тваіх парад… Твой верш надрукуем у «Леры» («Лера» — дачка нашага «Руна»). Узровень значна вышэйшы. Вялікае месца займае публіцыстыка. І яшчэ парада — працуй над сваёй мовай, працуй над сэнсам радка!..»

«Прывітанне, Сяргей! Пішу ад муроў старажытнага Мірскага замка, дзе я зараз працую рабочым на раскопках і выкідваю па некалькі тон гаршчкоў, кафлі, фаянсу, кандэлябраў у дзень. Замак цудоўны, я быў у казцы. Карацей кажучы, пашэнціла, не кожны ж умее капаць такі замак, як Мірскі. Ды і сам Мір вельмі цікавы па гіст. забудове. Падабраўся цікавы кантынгент хлопцаў­менчукоў. Пасля працы — лекцыі, дыспуты, размовы багата аб чым».

«…У нас усё паціху варушыцца. Паступова знаходзяцца людзі. Кожную пятніцу праводзім “вячоркі”, на якіх разбіраем пытанні аб мастацтве, культуры, літаратуры, гісторыі. Збіраецца чалавек па 30. Рабілі ў інтэрнаце вечар, прысвечаны Максіму Багдановічу. Кажуць, атрымалася ня­блага. Я, Толік, Эдзік, Скачынскі — новая рок­група на беларускім небе, праўда, сола добрага няма. Але ж рэпетуем».

«…За гэты час вельмі багата пазнаў і па гісторыі Беларусі, і наогул гісторыя цяпер для мяне — другое хобі (першае — наша рок­суполка “Баскі”). Нас, “Баскаў”, высвабадзілі ад “бульбы”, і мы другі тыдзень рэпетуем…

…Мы стварылі спеўна­драматычную майстроўню, далі нам і кіраўніка з музычнай адукацыяй, і грошай на касцюмы, музычныя прылады. Пачынаем рабіць з гэтага нейкую культурна­асветніцкую школку, каб людзі туды не толькі спяваць прыходзілі, але і нешта з нашай культуры і гісторыі атрымоўвалі».

Неяк неўпрыкмет, у часе вучобы на гісторыка­філалагічным факультэце ГДУ, Алесь Бяляцкі неўзабаве стаў цэнтрам гомельскага грамадска­культурнага жыцця, аўтарытэтным натхняльнікам многіх пачынанняў і ініцыятыў, што пазней у Менску, падчас навучання ў аспірантуры Акадэміі навук, выявілася ў значна шырэйшым аб’ёме. Пры гэтым у яго знаходзіўся час і на вучобу, і на самаадукацыю.

«Узяўся за вывучэнне польскай мовы па­сапраўднаму. Праўда, чытаю пакамест толькі адную фантастыку і дэтэктывы. Сесію здаў нармальна і ўсе экзамены, акрамя рускай літаратуры, здаваў на беларускай мове. Выходзіць нармальна… Калі ты прыедзеш (з войска), табе будзе значна лягчэй, чым нам, бо адразу пападзеш у беларускамоўнае асяроддзе. Пішы там хоць як, не забывай на прозу — замалёўвай усё — прыдасца потым, не спадзявайся на памяць».

Больш за трыццаць гадоў сышло, як пісаліся гэтыя лісты, шмат што змянілася за пакручасты і непрадказальны адмерак часу нашага знаёмства, аднак нязменным засталося толькі адно — вера ў свайго сябра і аднадумца Алеся Бяляцкага.

Часопіс “Абажур”, №2, 2014.