На сьвяце паэзіі “Дух — гэта, людзі, Я!” у Гарошкаве, прысьвечаным 50-годдзю Анатоля Сыса, была прэзентаваная кніга вершаў-прысьвячэньняў паэту “Ягамосьць”, што выйшла ў бібліятэчцы часопіса “Дзеяслоў”. Пра кнігу, а таксама пра асобу Анатоля Сыса я пагутарыла з укладальнікам кнігі, блізкім сябрам Анатоля Сержуком Сысам.
— Як і калі ў вас узьнікла ідэя скласьці кнігу вершаў-прысьвячэньняў Анатолю Сысу?
— Ідэя нарадзілася зусім нечакана. Першапачаткова я думаў зусім пра іншае. Рэч у тым, што год таму на мінулым сьвяце ў гонар Анатоля Сыса была агучаная ідэя скласьці кнігу ўспамінаў пра паэта. Калі набліжалася сьвята, я пацікавіўся ў літаратараў, якія займаліся кнігай, што ў ёй будзе. Высьветлілася, што кнігай ніхто не займаўся. І я вырашыў зрабіць хоць нешта да 50-годдзя Анатоля Сыса.
Спачатку планавалася вышэйпамянёная кніга ўспамінаў. Але падчас збору інфармацыі, прагляду публікацый пра Анатоля, сталі выплываць вершы-прысьвячэньні паэту. Я зацікавіўся гэтым і запланаваў пасьля кнігі ўспамінаў выдаць кнігу з гэтымі прысьвячэньнямі.
Аднак гэтым летам, калі я раіўся з калегамі наконт будучага выданьня, Міхась Скобла сказаў, што ня трэба сьпяшацца. Матэрыялу багата, а калі рабіць такую кнігу, трэба грунтоўна. Мы хочам сабраць успаміны блізкіх Анатолю людзей, людзей, якія спрычыніліся да творчасьці Анатоля, таго ж Рыгора Барадуліна, які быў рэдактарам ягонай першай кнігі. У выніку мы пагадзіліся, што кніга ўспамінаў пачакае. Праца над ёй працягваецца зараз.
Каб не застацца без нічога да юбілея, было вырашана выдаць кнігу вершаў-прысьвячэньняў Анатолю Сысу. Спачатку я баяўся, што іх ня так і шмат. Але вершаў, прысьвечаных Анатолю, аказалася вельмі багата.
— Якім чынам вы адбіралі аўтараў і творы для гэтага выданьня?
— Найперш трэба было акрэсьліць тых пісьменьнікаў, якія ведалі Анатоля асабіста, маглі нешта пра яго напісаць. Гэты быў, так бы мовіць, першы пласт аўтараў, на якіх я зьврнуў увагу. Астатнія вершы вышукваліся ў перыядычным друку, альбо нехта зь сяброў падказваў вершы, альбо аўтары самі зьвярталіся да мяне, прапаноўвалі свае тэксты.
Цікавая гісторыя атрымалася зь вершам Леаніда Дранько-Майсюка. Неяк я запытаў: “Лёня, няўжо ў цябе няма вершаў-прысьвячэньняў Анатолю Сысу?” “Ведаеш, Сяргей, няма зусім. І ніколі не было”, — адказаў ён мне. Побач была Галіна Дубянецкая, якая сказала: “Як жа, Лёня, няма, калі я цытую твой верш?” І прачытала два радкі. “Дакладна! Успомніў. Я падпісваў ім сваю кнігу Анатолю”, — узгадаў Леанід. Калегіяльна, з дапамогай Лёні і іншых паэтаў, мы ўзгадалі гэты невялічкі верш і запісалі яго (надпіс на кнізе “Стомленасьць Парыжам”: “Паслухай, браце Анатоль, //Маё сяброўскае прызнаньне: //Цябе ня зможа алкаголь, //Калі паверыш ты ў каханьне”. 5 студзеня 1996 г. — А.П.).
Я ведаю дакладна, што ёсьць яшчэ вершы-прысьвячэньні, аднак мы папросту не змаглі знайсьці іх аўтараў. Паколькі часу было мала, літаральна за два месяцы была падрыхтаваная кніга, то мы іх не змаглі своечасова знайсьці. Таму кніга гэтая можа працягвацца, можа быць пашыраная з часам. Вершы, прысьвечаныя Анатолю, я і зараз зьбіраю.
У кнізе “Ягамосьць” творы як сталых, так і маладых паэтаў, Усевалада Сьцебуракі, Яўгеніі Манцэвіч, напрыклад. Вершы рознай якасьці, але ўсе яны разам найбольш поўна, усебакова адкрываюць асобу Анатоля.
— Чула меркаваньне аднаго літаратара, што прымаючы ва ўвагу жыцьцё Анатоля Сыса, ягоныя заганы, слабасьці, нельга яго ўзносіць, нельга ставіць ягоныя вершы ў адзін шэраг зь вершамі Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. Таксама распаўсюджанае меркаваньне, што пасьля сьмерці Анатоля зь яго зрабілі культ ягоныя сябры, паплечнікі…
— Культ з Анатоля зрабілі не сябры-паплечнікі. Усё жыцьцё ён рабіў яго сам. Ён ведаў, што застанецца ў гісторыі, што будуць пісаць зь яго карціны і ставіць яму помнікі. Захаваўся ягоны аўтограф, якім ён падпісаў сваё фота: “Як памру, то будзеце пра мяне ўспаміны пісаць”. Ён сьвядома ішоў на стварэньне свайго культа. Навошта ён гэта рабіў? Складана сказаць… Існуе меркаванне, што ён такім чынам хацеў падарыць літаратурнага ідала Беларусі.
Наконт таго, з кім побач стаіць Анатоль… Паэзія — такая з’ява, ў якой павінна быць дасканаласьць, моцная вобразнасьць, метафарычнасьць. Гэтага не паўсюль у Сыса знойдзеш. Але ў яго кожны твор хавае ў сабе трошкі іншае. Словы-лозунгі, словы-ідэі, словы-прызнаньні. Прыхільнікі класічнай, чыстай паэзіі ня моуць цалкам прыняць творчасьць Анатоля Сыса. Але ў агульным рэчышчы паэзіі гэта ня мае значэньня. Так што калі заходзіць пытаньне, ставіць Сыса ці не побач з Купалам ды Багдановічам, трэба глядзець, з якога пункту гледжаньня гэта робіцца. Я мяркую, што Сыс ня менш значны, ня менш вялікі, чым яны.
— Вы асабіста схільныя атаясамляць асобу творцы зь ягонай творчасьцю?
— Нельга адназначна сказаць, што творца і ягоныя асоба — розныя людзі. Гісторыя літаратуры ведае розныя выпадкі. У дачыненьні да Анатоля, ня варта атаясамліваць яго асобу зь ягонай творчасьцю, бо Анатоль быў вялікім акторам. У жыцьці ён шмат іграў. Мала хто ведаў, што ён зусім іншы ўнутры, чым бачыцца нам. Рабіў Анатоль гэта наўмысна, усё ўсьведамляючы. Тут нельга правесьці акрэсьленую мяжу, дзе ён сапраўдны, а дзе не… У некаторых вершах гэта, вядома, прабіваецца. Часта ён граў пэўную ролю, часам нават пераігрываў. У дачыненьні ж да творчасьці Анатоля, яго асобы там амаль ня бачна.
— Чаму гэта выданьне выйшла накладам усяго 200 асобнікаў?
— Кніга выйшла на ахвяраваньні сяброў Анатоля. Да таго ж, мы ня ставілі за мэту выдаць яе масавым тыражом, бо зьмешчаныя тут творы ўжо дзесь друкаваліся: у паэтычных зборніках, газетах, часопісах. І аматары паэзіі з гэтымі вершамі-прысьвячэньнямі ўжо знаёмыя. Вырашылі мы таксама, што гэта будзе памятнае юбілейнае сувенірнае выданьне.
— Ці шмат асобнікаў разышлося падчас сьвята паэзіі ў Гарошкаве ў гонар Анатоля Сыса?
— Трэць тыража недзе. Людзі ахвотна бралі кнігу. Можа, гэта зьвязана са стылёвым аздабленьнем. Хаця многія кажуць, што цемнаватая вокладка атрымалася. Але яна зроблена вельмі гарманічна, лаканічна. У стылёвасьці не адмовіш мастаку Генадзю Мацуру.
Вельмі шмат зрабіў для выхада гэтай кнігі галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч. Ён і рэдактар гэтай кнігі, і адзін з фундатараў. Сам зьвярстаў кнігу. Часу было мала, і толькі Барыс Пятровіч знайшоў і час, і сілы, каб гэтая кніга пабачыла сьвет.
— Распавядзіце, калі ласка, пра гісторыю назвы кнігі “Ягамосьць”.
— Назва нараджалася ў спрэчках, у сумненьнях. Анатоль Сыс хацеў назваць сваю апошнюю кнігу так – “Ягамосьць”. Зь якой прычыны ён гэтага не зрабіў? Мусіць, таму, што гэта было б вялікім нахабствам — зьвяртацца так да сябе і сваёй творчасьці. Таму што Анатоль называў ягамосьцю не сябе асабіста, а паэта ў сабе. Калі ж сябры называюць яго так, гэта выглядае нармальна. Напачатку меркавалася назваць “Ягамосьцю” кнігу выбранай паэзіі Анатоля Сыса “Алаіза”. Гэтая назва ў выніку была аспрэчаная. З той жа прычыны, што гэтага не зрабтў сам Анатоль. Было б зноў жа нясьціпла называць кнігу ягоных вершаў “Ягамосьць”. Таму яна дасталася кнізе зь вершамі-прысьвячэньнямі.
— Вяртаючыся да пытаньня наконт кнігі ўспамінаў пра Анатоля. Ці думалі вы выдаць асобна перапіску Сыса зь сябрамі?
— Гэта вялікая праца, бо перапіска Анатоля вельмі грунтоўная. Каб такую справу зрабіць, патрэбна вельмі шмат часу. Тое, што зроблена ў апошнім нумары “Дзеяслова”— невялічкая частка перапіскі Анатоля з бліжэйшымі сябрамі ў пэўны перыяд жыцьця і творчасьці (80-я—першая палова 90-х гадоў). Эпісталярная спадчына Анатоля, мяркую, будзе апублікаваная, але, выйдзе, мо, пакуль у часопісным варыянце. Гэта павінна быць грунтоўная праца, як і кніга ўспамінаў пра Анатоля Сыса.