Сувалкі, Мілаш і Уршуля

Напрыканцы верасня мінулага года некалькі аблашчаных сонечнымі промнямі дзён правёў у Сувалках. Не адзін. З найпрыгажэйшай жанчынай на ўсё Падляшша. Раніцай, каб зберагчы сон каханай, ціхутка выбіраўся з гатэлю на вуліцы Касцюшкі і разгублена блукаў па ціхаму восеньскаму  мястэчку.

Уздоўж Касцюшкі размешчана процьма розных адрэстаўраваных архітэктурных славутасцяў: дом Канапніцкай, дом сям’і Нобелеўскага лаўрэата Чэслава Мілаша, дом вядомага мастака Альфрэда Веруш-Кавальскага, а таксама тры царквы: каталіцкая, евангельская і ранейшая праваслаўная, якую аддалі, здаецца, каталікам. Сядзеў у адноўленым парку Канстытуцыі 3 траўня, піў каву, паліў цыгарэты.

Затым крочыў далей, вуліцай Хлоднай… А мне не крочыць хацелася – ляцець!!! І не холадна было – пякуча ад шчасця.

Вяртаўся і спыняўся каля памятнай шыльды ў гонар Мілаша.

Ягоны брат Андрэй пісаў: «Мілашы – гэта такія ж ліцьвіны, як Міцкевіч, Гамбровіч, Голубеў, Ясеніца, Ваньковіч, Віткацы, ці нават Пілсудскі. Чэслаў казаў пра сябе: «Я ліцьвін польскай культуры”

Я чытаў услых ягоныя вершы па-беларуску. На бязлюднай ранішняй вуліцы Касцюшкі. Памятаю адзін – “Знайшліся”. Янкута перакладала.


“Тут я. Адкуль баязлівыя словы?
Ноч прамінае, і дзень ужо хутка.
Чуеце — грае ражок пастуховы,
Зоры ў тумане згасаюць ціхутка.

З нетраў вядзе нас сцяжына лясная.
Вёска напоўніла звонам абшары,
Певень на плоце святло сустракае,
Поле шчаслівае ў ранішняй пары.

Тут яшчэ ноч. На бруснічнай паляне
Чорная мгла, як рачное разводдзе,
Ды на хадулях ступае світанне,
Коціцца сонечны шарык на ўсходзе”.

Такімі і застануцца навечна ўва мне Сувалкі: цішыня сонечнай раніцы, палкае каханне, чароўная кава і Мілаш. Іншымі іх бачыць не хачу.