Сувалкі, Чорная Ганча і жыццё

Чорная Ганча – вельмі дзіўная і загадкавая рака. Рака туманоў, трывожных пераменаў, нечаканых пастак і перашкод, але найперш яна – рэчка кахання. Блукаць па берагах Чорнай Ганчы – найвышэйшая асалода ў час, калі жаданняў ужо засталося вельмі мала.

Чорная Ганча ў Сувалках. Фота: wspolczesna.pl

Я пазнаёміўся з ёй летась у Сувалках, дзе яна ўціснутая ў акультураныя берагі, закаваная ў кайданкі шлюзаў і мае мосцікі,мосцікі, каб перабрацца з берага на бераг. Але варта звярнуць з вуліцы Касцюшкі на Сікорскага, ды прайсці якіх метраў 500 да ўскрайкі места, то можна ўбачыць сапраўдную Чорную Ганчу. Тую раку, якая была сведкам майго шалёнага кахання, адбымкаў і пацалункаў, бязладных размоў з сакольскай смуглянкай пра ўсё і пра нічога. Так здараецца.

Чорная Ганча. Фота: suwalki.naszemiasto.pl

Дык а дзе тут загадка? Чорная Ганча працякае праз некалькі азёраў, адно з якіх – Ганча. Затым, пасля ўпадзення ў возера Вігры рэчка раптам знікае. Зусім. Пішуць, што гадоў 200 гадоў яе сярэднюю частку скралі.  Ваду Ганчы падзялілі прыкладна напалову. Адну частку пусцілі ў Аўгустоўскі канал, другую ў маленькую рачулку Шляміцу. Зноў з’яўляецца Чорная Ганча праз 20 км, ужо на беларускай зямлі пры зліцці Марыхі і Шляміцы, а далей – ўпадае ў Нёман на беларускім баку, пры гэтым яшчэ і ў Літву адной ножкай наступіла. Гэта калі спрасціць ейны жыццёвы шлях, бо насамрэч ён яшчэ больш пакручасты і складаны. А яшчэ гэта адзіная рака з боку Польшы, якая даверыла свой лёс Нёману.

Яе лёс нечым нагадвае і мой. І толькі памяць ведае ды адчувае сэрца, што Чорную Ганчу схаваць няможна, нават адабраўшы імя. Застаецца яе вада, яе характар, яе каханне.