Паміж Купаю і Кабыльнікам

Кароткія падарожныя экспрэсіі

Напачатку сакавіка мяне чамусьці заўжды цягне да вады. Ад дняпроўскіх разліваў дзяцінства пачалося, ці што?  А можа падсвядома спрабую ачысціцца пасля доўгай зімы? Ці проста хочацца пабыць аднаму, прыпыніць хаос думак, суцішыцца…

Ды і шал натхнення ў мяне абвастраеца менавіта з пачаткам вясны.

Памятаю, як у сакавіку 2016 года патрапіў на два тыдні ў латыскі Дом творчасці ў Венспілс, Ціхая нетаропкая плыня гарадка, які яшчэ не прачнуўся ад зімовай спячкі, рэдкія турысты і халодная імжыстая Балтыка, Вента і… я.

Вось і зараз не змог  супакоіць сверб душы, паімчаўся на дзесятак дзён на Нарач.

Зняў невялікую кватэрку ў курортным пасёлку Нарач (Купа), і даастачы набраняўшы азёрнай вадою пачаў ізноў думаць, пісаць, перакладаць….

Ну і вядома з асалодай вывучаць наваколле і тутэйшых людзей.

* * *

Першая сустрэча каля аўтавакзала ў курортным пасёлку Нарач, дзе мяне павінна была сустрэць гаспадыня загадзя дамоўленага жытла.

– Добры дзень! А Вы, відаць, мяне забіраць прыйшлі?

– Не, не вас. Але з ахвотай да сабе такога забрала б…

Вось я і аслупянеў: што гэта было – жарт, альбо…?

* * *

У першы дзень па прыездзе пайшоў у вёску Нарач. Праўда, амаль усе тут называюць вёску Кабыльнікам. Ды і на вёску той Кабыльнік не зусім падобны, хутчэй на мястэчка: кірмашыкі, крамкі, царква, велічны касцёл… і гэткія ж велічныя руіны пабудоваў савецкага часу.

Калі вяртаўся дадому запытаў у дзяўчат, ці ёсць нейкі карацейшы шлях да курортнага пасёлка, бо затаміліся мае гарадскія ногі.

– Ды к вам да Купы?

– Так, да Купы, — адказваю.

А сам думаю, вось жа якое слова прыдумалі, каб КП (курортны пасёлак) Нарач называць. Натупным днём прадавачка ў крамцы “Нарачанская рыба” патлумачыла, што Купа гэта не КП, а старая назва курортнага пасёлка… Раней на гэтым месцы існавала вёска з такой назвай…

Стаміўшыся пад дробным няспынным дажджом блукаць даўгімі вулічкамі Кабыльніка пайшоў да крамы, каля якой стаялі аўтобусікі. Праз 10 хвілінаў адзін з іх збіраўся ад’яжджаць якраз у бок Купы.

У салоне мясцовая кабета запыталася ў мяне па-беларуску:

– Відаць, спадабаўся Вам наш Кабыльнік?

– Так, але чаму вы так лічыце?

– Дык трэці раз запар бачу вас тут!

* * *

Мярзотная імжыстая раніца. Даішнік размаўляе па тэлефоне на перакрыжаванні:

– Ну ты ты і дурніца! Ніякага каранавіруса ў нас тут ніколі не будзе, гэта там ў Мінску паніка. І бегаць за прадуктамі няма чаго….

На хвіліну пераключыў увагу на мяне.

–  У Мядзел? Так, Мядзел у тым баку, але трэба табе кіравацца ў адваротны, вунь на аўтавакзал, бо не дойдзеш сам.

Потым ужо зразумеў, што да Мядзела адтуль было 17 кіламетраў.

Можа б і дайшоў, але ці вярнуўся б назад у Купу?

* * *

Па пятніцах недзе на ўскрайку Кабыльніка збіраюцца кірмашы. Запытаўся ў мясцовых дарогу..

Распавялі і папярэдзілі, што трэба выбірацца на кірмаш вельмі рана, маўляў, там у дзесяць раніцы няма ўжо чаго рабіць…

Прачнуўся натуральна ў шэсць і пайшоў. Туман быў такі, што й за 20 метраў нічога не ўбачыш… Праз нейкі час пачуў гаману: шуміць кірмаш.

І недзе ў гэтым тумане раптам:

–  А чаму вашае сала не салёнае?

–  Дык толькі ўчора кабана закалоў, калі было саліць, на кірмаш жа спяшаўся…

* * *

У Кабыльніку запытваюся ў мажнай кабеты:

–  Як дабрацца да  могілак?

– А які вам магільнік трэба, тут у нас іх шмат:  каталіцкія альбо праваслаўныя, ці можа габрэйскія?

– Ну сучасныя, відаць, там дзе зараз хаваюць.

Удакладняю, мабыць, праваслаўныя…

Падказала накірунак.

Менавіта туды я ў першую чаргу і выбіраўся — знайсці магілу свайго знаёмца, цікавага паэта, які выдаў на трасянцы кнігу вершаў “Пішчавыя лішкі” Ярылу Пшанічнага. Многія яго ведаюць як музыку і перформера Вову Банкера.

І вось сціплы помнік з каляровым фотаздымкам «Владимир Банько».

Праз месяц, 19 красавіка, спаўняецца 5 год як ён раптоўна памёр на гэтых самых могілках, перад Вялікднём, калі прыбіраў пахаванні дзядулі і бабулі… Казалі, што адарваўся тромб…

* * *

7 сакавіка тэлефаную ранкам у Мінск, хвалююся, ці пасадзіла жонка на нарачанскую маршрутку дачку Стасю, ці не праспалі хоць?

А ў адказ нечакана чую:

– Усё нармалёва, мы ўжо едзем!

Як едзем? Павінна ж дачка адна быць? А гаспадарку хто будзе даглядаць, крысёныша ды ката?

Пабёг хутчэй на кірмашык, да возера, а раптам якой нарачанскай рыбіцы знайду, каб частаваць гасцей было чым. Уразіўся коштам вэнджанага вугра – 84 рублі за кілаграм. Задумаўся на хвіліну і нібыта ўжо наеўся. Аднак прыхапіў некалькі акунёчкаў.

* * *

Людзі ў Кабыльніку гаваркія і шчырыя, многія яшчэ й па-беларуску могуць. Наступілі на нагу і тут жа:  Пра-бач-це!

* * *

Паехалі з дачкой на 8 сакавіка ў Мядзел. Прайшліся берагам Мястры. Разглядзелі, як рэстаўруецца касцёл Маці Божай Шкаплернай, пабудаваны у 1754 годзе ў стылі барока і кляштара Кармелітаў босых (ужо адрэстаўраваны). Падобна — будзе гламур. Шкада, што спілавалі дзесяткі старадаўніх дрэваў вакол і дворыкі закладаюць пліткай….

Пасля доўгіх блуканняў выбраліся на ўскраек гарадка лавіць папутку да Купы. Заўважаю, як шашу пераходзіць кабеціна з нейкай дзяругай, кіруецца якраз у наш бок. А тут імчаць пажарныя аўтамабілі, легкавікі МНС, міліцыі, газавай службы….

Бабуля спынілася непадалёк ад нас ды пачала голасна разважаць:

— І куды гэта яны нясуцца. Ой, там жа вёсачка побач, дзе ў мне дамок. А раптам гэта ён гарыць? Пабягу назад, дахаты, пазваню суседцы, каб глянула.

Пабегла ізноў праз назад, не зважаючы на аўтамабільны рух….

* * *

Раніцай над ціхаю Нараччу птушыны гвалт і мітусня несусветная: некалькі “санаторных”, як тут кажуць, кормяць батонамі шумлівае птаства, нягледзячы на надпісы не рабіць гэтага.

Рохкаюць лебедзі, равуць чайкі, крэкаюць у чаратах лысухі.

Чайкі пікіруюць на лебядзёў адразу па трое-чацвёра і адбіраюць здабычу, а потым усчынаюць бойкі паміх сабой. Урэшце кавалак батону разлятаецца на крошкі.

* * *

Старадаўнія габрэйскія могілкі ў Кабыльніку. Там яшчэ захаваліся недзе мацэйвы, аднак асабліва не было калі  даследваць тыя нетры надмагільных камянёў. Кажуць, што першыя пахававанні тут узніклі гадоў трыста таму. А яшчэ чуў, што на некаторых надмагіллях надпісы такія, што не заўсёды могуць разабрацца сучасныя адмыслоўцы.
А вось сінагогу знішчылі даўно і слядоў яе я не адшукаў…
Усё адно быў уражаны!

* * *

Ад’язджаючы з Купы сустрэў дзьвух “санаторных” эстонак, якія запытваліся дарогу да крамаў. Я перапытаў, што менавіта іх цікавіць?  “Мілавіца”, “Беларускі лён” і чырвоная ікра на зніжцы ў 50 адсоткаў.

“Цудоўна, што патрапіў сюды ў міжсезонне”, — задаволена падумаў я і з’ехаў у Мінск.

Сяржук Сыс. Сакавік, 2020 год.