Няхай ім захаваюць Жыццё!

Учора я падпісаў петыцыю за захаванне жыцця братам Косцевым з Чэрыкава.
Прызнаюся, зачапілі за жывое словы іх роднай сястры Ганны:

“Ілля і Станіслаў мае родныя браты, дарагія і блізкія мне людзі. Яны яшчэ зусім маладыя — ім 19 і 21 год. Так атрымалася ў нашым нялёгкім жыцці, што мы былі вымушаныя занадта рана пасталець, практычна раслі без бацькоў, часта цярпелі галечу і нястачу. Іллю і Станіслава надоўга разлучалі з сям’ёй і яны, на жаль, не атрымалі належнай адукацыі, любові і цяпла. Як магла, я клапацілася пра іх, а яны дапамагалі мне гадаваць дзяцей. Страта двух блізкіх людзей будзе для мяне незаменнай, болем на ўсё маё астатняе жыццё.”

Хлопцы гэтыя яшчэ і жыцця не панюхалі, але паспелі адпомсціць мясцовай настаўніцы, якая, на іх думку, крыўдзіла сястру, пагражала паставіць сям’ю на ўлік як у “сацыяльна-небяспечным становішчы” Прыйшлі і жорстка забілі яе.
На справу звярнуў увагу Прэзідэнт: падонкі, маўляў, сястра – асацыяльны элемент, ніякая…
Куды ўжо пасля такой рэакцыі пакідаць ім жыццё – толькі растрэл.
Гэтак жа куды прасцей, чым унікаць у прычыны такой дзікасці. А прычын ажно з гарой: і беспрацоўе, і беднасць, і немагчымасць атрымаць адукацыю… і павальнае п’янства. Дакладней, дзяржаўнае спойванне людзей з бласлаўлення непадсудных чынуш. Ад раніцы да вечара нясуць і нясуць маладзёны з крам “бырла” па два рублі, якое даастачы выносіць мазгі, забірае здароўе, прыводзіць да дэгенератыўных зменаў мозгу. І ўсе ў баку…
Шмат можна прыводзіць тут аргументаў, аднак ці абараняю я забойцаў. Не, не абараняю.
Шукаю прычыны трагедыі ў нашым хворым грамадстве, у нас саміх, у сябе. У суддзях, якія апрача законаў ведаюць словы “так трэба”… У дэпутатах парламенту, якія колькі год ужо вывучаюць пытанне адмены смяротнага пакарання, ды ніяк не вывучаць. У чыноўнікаў, якія не маюць свайго я, не маюць волі, бо за іх думае Адзіны і Непагрэшны. Ці не таму мы адзіныя ў Еўропе, хто яшчэ забівае сваіх злачынцаў?
Але вось страшэнная навала – каранавірус – косіць людзей налева і направа, медыкі самаахвярна змагаюцца за кожнае жыццё. А мы маладых, дурных, адпраўляем пад кулі.
Заўважце, не закаранелых і мацёрых драпежнікаў, а дзяцей, якія б маглі выйсці некалі на волю, пакінуць нешта добрае і на гэтым свеце…
Вось таму я далучаюся да ПЕТЫЦЫІ і прашу: “Не забірайце жыццяў, калі мы на самай справе моцныя і разумныя!”

https://petitions.by/petitions/3604