Да сонца!

Лета ў дол лістотай падае імкліва,
Заціраюць ласьцікам фарбы туманы.
Пад нагамі хрупаюць чаўленыя сьлівы,
Нос казычуць п’янкім водарам яны.

А на ўскрайку вёскі – дзікія аджыны
Палымяным лісьцем вабяць зрок здалёк.
Не, не стану збочваць з роснае сьцяжыны,
На шляху да лета паскараю крок…

Зябка ды паныла на палях-абшарах,
Дзе зусім нядаўна лётаў матылём.
Сонца праглынулі восеньскія хмары,
Разганюся зараз і ўзмахну крылом!

З шэрае юдолі, адзіноты лютай,
Далячу ды плюхнуся ў сонечны разьліў,
Дзе не будзе болей тумановых путаў,
Хрусту пад нагамі перасьпелых сліў…

Верасень, 2018 год.