Уводзіны ў cучаснае грыбашуканне

Пазайдросціўшы прадпрыймальнаму суседу, які штодзень валачэ з лесу поўны легкавік грыбоў, ты вырашаеш урэшце, адпрэчыўшы ўсе сумненні, далучыцца да ваяўнічага племя грыбашукальнікаў. Справа неблагая. Тым больш зараз, калі родные пералескі топчуць тракамі расейскія танкі і халера яго ведае што нас чакае заўтра: можа будзем сыходзіць у лясы ды капаць зямлянкі… Але спачатку карысна будзе пазнаёміцца з парадамі больш вопытнага калегі.

Пачнем з этапу папярэдняй падрыхтоўкі.

У грыбах, дарэчы, як і ў кожным сур’ёзным мерапрыемстве, галоўнае – экіпіроўка. Не бярыце з сабой на ціхае паляванне занадта шмат рэчаў. Прывыкайце абыходзіцца толькі самым галоўным. Па-першае, падбярыце вопратку па сезону. Кіньце на ўсялякі выпадак у пляцак непрамакальны плашч і боты: а раптам палье. На сіноптыкаў спадзявацца ня трэба, вунь, нават Лукашэнка іх ганяе, кажа, што дрэнна працуюць.

Не пашкодзіць прыхапіць і гамак. Стаміўшыся ці заблукаўшы, у гамаку будзе зручна дачакацца ратавальнікаў з атрадам “Анёл”. Ні ў якім разе не кладзіцеся на зямлю. Моша парэзацца аб бутэлечнае шкло, або, крый Божа, улезці ў больш непрыемны бруд.

Вядома, патрэбен добры нож, а лепей два, бо яны нярэдка губляюцца. Напрыклад я, за апошнія гады, прывалок з лесу мо з дзесятак чужых шваек і раскладанчыкаў.

Памеры ляза адвольныя, на ўласны густ. Грыбоў прыдзецца рэзаць шмат, таму лязо хутка затупіцца. Таму бярэм тачыльны брусок. Не забудзьцеся таксама прыхапіць капялюш і сонцаахоўныя акуляры. Гэта важныя рэчы, пра якія пагамонім крыху пазней.

Што яшчэ? Даведнік па грыбах і абавязкова – аптэчка. Не палянуйцеся таксама зрабіць невялікі запас ежы, прыкладна на двое-трое сутак, а раптам заблукаеце? Больш харчоў не трэба, пасля такога перыяду наступае пераахалоджванне арганізму. Спадзяюся чыталі, як часта беларусы знікаюць у лесе?  Не кідайцеся ў роспач, калі гэта надарыцца з вамі, хто-небудзь з грыбнікоў заўсёды ўпэўнена падскажа, у які бок кіравацца. Тады абавязкова ідзіце ў супрацьлеглы бок.

Ну што, гатовыя? Пераможна пакідаем утульную кватэру і рушым… Ой, стоп! А завяшчанне? Канечне, да натарыуса зайсці не дадумаліся. Але ж не вяртацца – дрэнная прыкмета. На першы раз мо і абыйдзецца, а на будучае памятайце: у лесе здараецца ўсялякае.

Вакзал. Цягнік ці аўтобус. Няважна чым, абы хутчэй, абы апярэдзіць іншых. Пры магчымасці, скарыстоўвайце і гужавы транспарт, толькі не пытайцеся ў гаспадара падводы, адкуль гэта ён вязе тону зерня, ці чатыры абструганыя жардзіны. Не раю дабірацца ў лясныя нетры на асабісай легкавушцы, здараецца, яе потым не адшукаць. Альбо з кішэні выпадуць ключы ад аўто. У мяне ў шуфлядцы гэтых ключоў – як гразі, і ўсе прыцягнуў з лесу.

Дабраліся. Скажу адразу, што ў лясах недапушчальна моцна крычаць, альбо гучна рагатаць, гэтым можна спудзіць жывёліну ці птушку, якія ў сваю чаргу напалохаюць і вас. А вось цяпер самы час насунуць глыбей на галаву капялюш і начапіць сонечныя акуляры. Гэта патрэбна дзеля таго, каб які Іван Пятровіч ці Мікалай Сідаравіч не пазналі вас. Давядзецца шмат часу згубіць на нікчэмныя размовы. А то – уявіце! – яшчэ на шэфа свайго наткнецеся, які пяты дзень, як на бальнічным.

Непажадана таксама без патрэбы размахваць нажом, асабліва, калі выбралі прыстойны памер. Вы ж тут не адны, а таму існуе верагоднасць параніць якога няўклюднага грыбніка. Калі ж нехта параніць вас – умела скарыстайцеся аптэчкай.

Угледзеўшы, што нехта ў гушчары рые вялікую яміну, не цікаўцеся “Навошта?”. Магчыма, гэта бандзюкі хаваюць крадзеныя рэчы, ці які карумпаваны чынуша закопвае чарговы хабар. Будзьце ўпэўненыя, ім не цяжка будзе схаваць разам са сваім крадлам і вашае цела.

І вось пайшло-паехала… Крамяныя, пругкія баравікі, палымяныя падасінавікі (дарэчы,тыя, што з белымі крапінкамі – яшчэ смачнейшыя), лісічкі, махавікі, сыраежкі. Рэжце ўволю, зімою прыдасца ўсё, калі толькі жонка не вынесе каштоўныя лясныя набыткі на памыйку.